Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Стуня́ць ‘сцямнець’ (Сцяшк. Сл.). Гл. сутуняць, сутон.

Сту́па ‘драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што-небудзь таўкачом’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Уладз., ТС; панёс., З нар. сл.), ‘прэс для выціскання алею’, ‘калода каля кузні для акоўвання колаў’, ‘прылада для збівання сукна’, ‘тоўстая жанчына’ (ТС), ‘пастка’ (ТС, Пятк. 1), ‘ход у гульні ў каменьчыкі’ (ТС, Рам. 8), ‘міска’ (гом., Рам. 8), сту́пка, памянш. да ступа (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Федар. 6), ‘кубак, кружка’ (Жд. 1; слуп., староб., люб., ДАБМ, камент., 815), ‘сальніца’, ‘адтуліна ў жорнах’ (Мат. Гом.), сюды ж сту́піца ‘пастка на ласёў’ (Пятк. 1). Параўн. укр., рус. сту́па, стараж.-рус. ступа, ц.-слав. (XIV ст.) стѫпа, польск. stępa, в.-луж., н.-луж. stupa, чэш. stoupa, серб.-харв. сту̏па, славен. stọ́pa, балг. стъ́па, макед. стапица ‘пастка’. Прасл. *stǫpa запазычанне з германскіх моў, параўн. с.-н.-ням. stampe ‘ступа, трамбоўка’, англасакс. stampe, ст.-в.-ням. stampf (Кіпарскі, Gemeinslav., 266; Фасмер, 3, 788; тая ж крыніца паходжання ў Брукнера, 515; Бязлая, 3, 321; Трубачова, Ремесл. терм., 68–69). Мартынаў (Лекс. взаим., 75–76) лічыць запазычаннем сярэдняй ступені надзейнасці. Спрадвечнаславянскае паходжанне слова дапускаюць Праабражэнскі (2, 408), Младэнаў (616), Махэк₂ (580), ад ступаць. Гл. таксама агляд версій: Шустар-Шэўц, 1371; ЕСУМ, 5, 458–459.

Ступа́ ‘тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок’ (ТСБМ, Гарэц., Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), ‘раўнавага ў руху ў часе’ (Ласт.), ‘ступня’ (Сцяшк., ТС), (ісці, ехаць) ступо́й і ступо́ю ‘павольным крокам; самым павольным алюрам’ (ТСБМ, ТС, Бяльк.). Аддзеяслоўны дэрыват з суф. ‑а ад ступаць (гл.); у прыслоўе перайшоў Тв. скл. гэтага назоўніка. Да значэння ‘крок’ параўн. укр. ступ, балг. стъ́пка, макед. стапка.

Ступа́к ‘ступня’ (Мат. Маг., Янк. 1, Сцяшк., Сцяшк. Сл., ТС), ‘ступня; мера даўжыні, роўная адной ступні’ (Сл. ПЗБ), ‘след каровы’ (жыт., Жыв. НС), ступакі́ ‘абутак без халяў’ (Нар. Гом.). Суфіксальнае ўтварэнне ад ступаць, гл. наступнае слова.

Ступа́ць ‘крочыць, ісці’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС), ступану́ць ‘ступіць’ (Нас.; брасл., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ступа́ти, рус. ступа́ть, польск. stąpać, в.-луж. stupać, н.-луж. stupaś, чэш. stoupali, славац. stúpať, серб.-харв. сту́пати, славен. stọ́pati, балг. стъ́пям, макед. стапува. Прасл. *stǫpati ітэратыў да *stąpiti ‘ступіць’, гл. ступіць (Бязлай, 3, 321; Борысь, 577).

Ступе́нь ‘выступ лесвіцы’, ‘этап у развіцці’, ‘мера якасці, дзеяння’, ‘вучонае званне’ (ТСБМ), ‘ступня; крок’ (Нас.), ‘ступня; крок; мера якасці, градус’ (Байк. і Некр.), ‘ступня’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк., Ян.), ‘крок’ (Шымк. Собр., ТС), ‘ступак; ступня’ (ЛА, 3), ‘мера, роўная чалавечай ступні’ (Пятк. 2), ступі́нь ‘ступня’ (Дразд.), сту́пынь ‘тс’ (кам., КЭС), параўн. ст.-бел. степень ‘парог, лесвіца’ (Ст.-бел. лексікон), стопень ‘ступень, этап’ (там жа). Укр. ступі́нь ‘крок’, рус. ступе́нь ‘выступ лесвіцы’, в.-луж. stupjeń ‘чаравік’, ‘мера праяўлення якой-небудзь якасці; працэнт’, н.-луж. stupjeń ‘лямцавы чаравік’, чэш. stupeň, славац. stupeň ‘ступень’, серб.-харв. сту́пањ, славен. stọ̑pənj, балг. стъ́пен. Прасл. *stǫpenъ. Дэвербатыў да *stǫpiti (гл. ступіць) з суф. ‑enь; гл. Фасмер, 3, 788; Шустар-Шэўц, 1371; Махэк₂, 590; Бязлай, 3, 321. Борысь (578) праславянскім лічыць *stepenь (параўн. рус. степень, серб.-харв. сте̏пен, балг. сте́пен, макед. степен, ст.-слав. степень) ад незахаванага *stepti ‘ступіць, стаць’, на якое пазней паўплываў дзеяслоў *stǫpiti. Сюды ж ступе́ніць ‘ісці’ (навагр., Шн.). Параўн. стапа, стопень, гл.

Сту́піца ‘трубка, калодка ў коле’ (Бяльк.; круп., іўеў., брасл., Сл. ПЗБ; Дэмб. 2; мсцісл., З нар. сл.), сту́пка ‘тс’ (Мат. Гом.), сюды ж і ступі́ца ‘дэталь у жорнах, на якой трымаецца верхні камень’ (Скарбы). Рус. сту́пица ‘тс’. Да сту́па (гл.); да семантыкі параўн. значэнні сту́па ‘калода’, рус. сту́па ‘калода ў млыне’ і да т. п.

Ступі́ць ‘зрабіць крок’, ‘паставіць нагу, наступіць’, ‘увайсці’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., ТС, Федар. 4, Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ступи́ти, рус. ступи́ть, стараж.-рус. ступити, польск. stąpić, в.-луж. stupić, н.-луж. stupiś, чэш. stoupiti, славац. stúpiť, серб.-харв. сту́пити, славен. stọ́piti, балг. стъ́пя, макед. стапи, ст.-слав. стѫпити ‘ступіць, зрабіць крок’. Прасл. *stǫpiti ‘ступіць, зрабіць крок’ лічыцца вытворным ад незахаванага прасл. *stepti, *stępǫ, менавіта ад асновы цяп. ч. гэтага дзеяслова *stęp‑, ад і.-е. *ste(m)p‑ гл. Борысь, 577; Бязлай, 3, 321. Інакш Шустар-Шэўц (1371), які славянскія дзеясловы разглядае як дэрываты ад прасл. *stopa ‘нага; даўжыня ступні; крок’ з насавым інфіксам *sto‑m‑p‑. Бліжэйшыя адпаведнікі бачаць у літ. stapýtis ‘стаць’, stìpti, stim̃pu ‘адубець, здранцвець’. Параўноўваюць яшчэ з грэч. στέμβω ‘тапчу, жорстка абыходжуся, ганьблю’, ст.-ісл. stappa ‘трамбаваць, штурхаць уніз’, ст.-в.-ням. stamfôn ‘трамбаваць’ і ніш.; гл. Міклашыч, 324; Мацэнаўэр, Cizí sl., 78; Фасмер, 3, 788. Махэк₂ (580) таксама ўзводзіць дзеясловы да *stopa, а насавы ў корані тлумачыць другаснай назалізацыяй, рашуча пярэчачы супраць існавання асновы *stęp‑ у першасным дзеяслове.

Сту́пка ‘самаробная пастка’ (Ян., ТС), сту́піца ‘пастка на ласёў’ (Пятк. 1). Укр. сту́па ‘частка пасткі для лісіц’, ступи́ця ‘драўляная пастка на звяроў’, рус. старое ступи́ца ‘пастка на звера’, польск. stępica ‘тс’, чэш. stupice, stupka, ст.-чэш. stupka ‘тс’, серб.-харв. stupice ‘тс’. Прасл. *stǫpъka, *stǫpica. Паходжанне спрэчнае; Брукнер (515) выводзіць ад *stępa (гл. ступа); Махэк₂ (580) лічыць дэрыватам ад прасл. *stǫpati ‘ступаць’. Суфіксацыя не пярэчыць абодвум дапушчэнням, параўн. Слаўскі, SP, 1, 98–99. Гэтаму не пярэчаць таксама розныя канструкцыі пасткі (у выглядзе выдзеўбана калодкі і капкана, гл. ЭБ, 48).

Ступня́ ‘плюсна, частка нагі ад шчыкалаткі ўніз’, ‘ніжняя паверхня ступака, падэшва’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), ‘ступак’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Бяльк., ЛА, 3). Дэрыват ад ступіць, гл. ступень.

Стура́ць ‘дабівацца, дасягаць чаго-небудзь’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, дэфармаванае скураць, гл.