Сіга́ць ‘скакаць’, ‘бегчы, шпарка ісці шырокімі крокамі’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 1, Нар. сл., ЛА, 2), ‘імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), сігну́ць ‘ступіць’ (Нас.; карэліц., Сл. ПЗБ), сіг ‘крок, скок’ (Нас., Бяльк., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.). Рус. сига́ть ‘скакаць’, сиг ‘скок’. Брукнер (490) адносіць сюды ж і польск. дыял. (у XVI ст. запісана як мазавецкае) sigać ‘кідаць’, а таксама ц.-слав. сиг ‘костка для гульні’ і серб.-харв. си̏га ‘stalactites’. Апошнія два прыклады няпэўныя, у іншых крыніцах не згадваюцца. Бліжэйшыя паралелі бачаць у ст.-інд. śīghráh̥ ‘хуткі, скоры’, ст.-англ. hígian ‘спяшыць, напружвацца, імкнуцца’; гл. Сольмсен, KZ, 38, 143; Майргофер, 3, 348. Іншая версія — ад *sęgati (гл. сягаць) з другасным ‑i‑, як гэта мяркуе Праабражэнскі (2, 248), менш верагодная, аднак для некаторых значэнняў тыпу лаг. sihać ‘дамагацца’ цалкам дапушчальная. Думку Расянена (FUF, 29, 198) аб запазычанні з чув. sik‑ ‘скакаць’, тур. säkmäk ‘тс’ Фасмер (3, 618) адвяргае з прычыны наяўнасці слова ў беларускай мове. Меркаванні Дабрадомава (Бел.-рус. ізал., 39) пра рускае і беларускае слова як булгарызм не пераконваюць.
Сіге́нь ‘скок, крок’ (Бяльк.), сіге́нь, сяге́нь, сігаве́нь ‘крок, паласа шырынёй у адзін крок’ (Яшк.), ‘вялікі крок’ (віц., Рам. 8). Да папярэдняга.
Сігна́л ‘умоўны знак’ (ТСБМ), сыгна́л ‘тс’ (Ласт., Некр. і Байк.). Новае запазычанне з рус. сігнал ‘тс’ ці польск. sygnał, што праз франц. signal або ням. Signal з сяр.-лац. signāle (< лац. signum ‘знак, сігнал’), гл. Фасмер, 3, 618; Брукнер, 528.
Сігнатурка ‘малы звон у касцёле, царкве’ (Я. Брыль). З польск. sygnaturka ‘званок’ ад лац. signāre ‘адзначаць’ < signum ‘знак’.
Сі́дар ‘мяшок’, ‘абед, які бяруць з сабой’ (Мат. Гом.), ‘заплечны мяшок або наогул усё тое, што вязеш з сабой’ (Ян.), ‘вялікая сумка, з якой арыштант вандруе па этапах’ (Наша Ніва, 1996, 2 верас.), сідор ‘клунак з ядою’ (Куч.). Паводле Барташэвіча (Rozprawy Slawistyczne, 1993, 7, 63 і наст.), рус. си́дор ‘мяшок’ ад уласнага імя Сидор < Исидор, параўн. больш матываванае ўкр. аргат. мі́хась, міха́лок ‘мех, мяшок’. Збліжэнне з уласным імем другаснае; з ідыш seder ‘святочная ежа, якую ў першыя дзве ночы Пасхі (пэйсаха) бяруць з сабой’, што з с.-гебр. seder ‘парадак’, параўн. Штэрн, Wörterbuch, 206. Рускае слова, хутчэй за ўсё, з беларускага сідар ці ўкраінскага сідор.
Сі́дка ‘гонка, выганка’ (бык., Яшк. Мясц.: сидка смолы и дегтю). Няясна. Магчыма, да сядзе́ць (гл.), што звязана з доўгім працэсам выганкі, тады з рус. си́дка ‘сядзенне’, паколькі зыходная форма з пачатковым сі‑, параўн. рус. сидеть, нехарактэрна для беларускай мовы.
Сі́длі ‘сеці для лоўлі птушак’ (Сцяшк. Сл.). З польск. sidło ‘пастка, сетка’, гл. сіло.
Сік, сіка ‘лічынкі дняпроўскай міногі’ (Яшкін, З жыцця; Інстр. 2), сі́ка ‘назва рыбы’: сіка вузкая, вона маленькая і зверху ходзіць (ПСл), сік зборн. ‘лічынкі ўюноў’ (круп., Сл. ПЗБ), сік, сіква, сікаўка ‘лічынка міногі’ (Жук.). Відавочна, ад сікаць (гл.). Матывацыю гл. сікла. Назва перанесена на назву лічынак міногі, таму што рыбы сямейства ўюноў (Cobitidae) часта рыюць сабе норкі ў муле, дзе жывуць сумесна з лічынкамі міногі (Сабанееў, Жизнь, 506). Параўн. Каламіец, Рыбы, 38 (ад дзеяслова сікаць ‘сычаць’).
Сі́кась-на́кась ‘зігзагам’ (калінк., З нар. сл.). Рус. арл. си́кось‑ на́кось ‘крыва (надзець што-небудзь, шыць што-небудзь). Другую частку спалучэнняў Фасмер (3, 23) разглядае як на + касой (але, магчыма, тут было на + косъ, дзе кось ‘уласцівасць касога; адхіл’). Першая частка рыфмоўкі, магчыма, ад ско́са ‘скрыва’, параўн. рус. искось ‘тс’.
Сі́каўка ‘дзіцячая цацка, маленькая помпа, якая зроблена з ствала крываўніка’ (Шат.), ‘помпа (пажарная)’, ‘шпрыц’ (Др.-Падб., Байк. і Некр.), ‘спрынцоўка’ (Гарэц.), ‘дзіцячая цацка, з якой пырскаюць вадой’ (беласт., Сл. ПЗБ), сікаўка ‘тс’ (Нас.). Укр. си́кавка ‘дзіцячая цацка’, ‘помпа (пажарная)’, рус. си́калка, сика́вица ‘пырскалка, дзіцячая цацка, зробленая з бузіны, алешнікаў і да т. п.’, ‘помпа’. Да сі́каць (Праабражэнскі, 2, 284–285; Фасмер, 3, 620).