Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сцякле́ц ’шарош’ (ЛА, 2). Магчыма, да папярэдняга слова (’тонкі лёд’, параўн. сцён, гл.), збліжанае са сцякло ’шкло’.

Сцякло́ ’шкло’ (брасл., Сл. ПЗБ; ст.-дар., Ск. нар. мовы), сцекло́ ’шкло лямпы’ (Арх. Вяр.), сцяклі́на ’аконнае шкло’ (Мат. Гом.), сцякля́нка ’шкляны слоік’ (ПСл, Мат. Гом., Ян.). Параўн. укр. скло, шкло, рус. стекло́, стараж.-рус. стькло, польск. szkło, старое польск. śćkło, чэш., славац. sklo, в.-луж., н.-луж. škla ’міска’, славен. stȇklo, серб.-харв. ста̏кло, скло̏, балг. стъкло, макед. стакло, ст.-слав. стькло. Прасл. *stьkIo лічыцца запазычаннем з гоц. stikls ’келіх’ яшчэ ў праславянскі перыяд з пераносам на агульную назву матэрыяла (Фасмер, 3, 753; Шустар-Шэўц, 1442- 1443; Скок, 3, 325; Борысь, 604; ЕСУМ, 5, 276). Гл. таксама шкло.

Сцяку́н ’крынічнае месца, якое зімой не замярзае’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’незамерзлая сярэдзіна ракі’ (Сцяшк.), сцяку́н, цяку́н, сцёк ’тс’ (ЛА, 2). Да сцякаць < цячы, цяку.

Сцяле́жыць ’зняць панарад (у возе)’ (Варл.), сцяле́жыцца ’сарвацца, здзецца са шворана (пра калёсы)’ (бялын., Янк. Мат.; Гіл.). Да цяле́га, гл.

Сцялі́ць ’слаць, рассцілаць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; Варл.). Гл. слаць2.

Сцялу́ха ’крынічнік лекавы, Veronica officinalis L.’ (Касп., Кіс.). Відаць, да сцяліць (гл.), іншая назва расліны расходнік (гл.), параўн. таксама сцялі́ по́ля ’вязель палявы’: расце на дзірванох, сцеліцца (смарг., Сл. ПЗБ).

Сцяльні́к ’соты’ (Некр.), сцельні́к ’вашчына з мёдам (у калодзе)’ (Маш., ТС, ПСл), шчэльні́к ’тс’ (ТС), сце́льнікі ’соты’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. стільни́к, дыял. щільни́к ’соты, пласт вашчыны ў пчол і вос’. Да сцяліць (гл.) з магчымым збліжэннем да шчыльны, гл.

Сцяна́1 ’вертыкальная частка будынка’, ’высокая агароджа з камення’, ’стромкая бакавая паверхня’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Бяльк., Сцяшк., Ян.), ’рад чаго-небудзь, што стаіць на прамой лініі’ (Нас.), ’абрывісты бераг’ (ветк., Яшк.), сцена́ ’сцяна будынка’ (ТС), стена́ ’тс’ (Шушк.), стина́ ’сцяна, мур’ (пруж., Горбач, Зах.-пол. гов.), сце́нка памянш. да сцяна́ (ТСБМ, Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’сценка, грань’ (Байк. і Некр.), сце́нька ’сценка будынка’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣна: стѣны домовъ наших (Альтбаўэр). Укр. стіна́, рус. стена́, ст.-рус. стѣна, польск. ściana, в.-луж., н.-луж. sćěna, чэш. stěna, славац. stena ’сцяна’, серб.-харв. стијѐна ’скала, камень’, славен. sténa ’сцяна’, ’скала’, балг. стена́ ’сцяна; каменная агароджа’, макед. стена ’сцяна’, ст.-слав. стѣна ’сцяна; вал’. Прасл. *stěna ’сцяна’, роднаснае гоц. stains ’камень’, ст.-ісл. steinn; далей параўноўваюць з грэч. στία, σττον ’крэмень’, ст.-інд. styā́yatē ’цвярдзее’ (гл. Мее, 446; Міклашыч, 323; Траўтман, 281; Фасмер, 3, 754; Махэк₂, 576–577). Мартынаў (Этимология–1968, 18) мяркуе, што слова паходзіць з першаснага спалучэння *stěna zьdь ’каменная сцяна, мур’, аналагічна да англ. stone wall, тады прыметнік меў бы форму *stěnъ (?) ’каменны’. Усё да і.-е. *stei̯‑/*sti‑ ’станавіцца цвёрдым, цвярдзець’; першаснае значэнне ’нешта зацвярдзелае’, адкуль ’плеценая (з прутоў) сцяна, пакрытая, аблепленая глінай (якая зацвярдзела пасля высушвання)’ (Борысь, 612). Шустар-Шэўц (2, 1276) германскія значэнні лічыць другаснымі; *stěna, на яго думку, з’яўляецца дэвербатывам ад асновы, якая захавалася ў літ. stìngti ’цвярдзець’, лат. stiñgt ’зрабіцца цвёрдым, кампактным’. Запазычанне славянскага слова з германскіх лічыцца неверагодным; параўн. Фасмер, там жа, з літ-рай; Бязлай, 3, 316. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Из истории, 232–238), які рэканструюе прасл. *steg‑s‑na ад і.-е. *steg‑/stog‑ ’пакрываць’ (сцяна пакрывала зямлянку), што малаверагодна па семантычных прычынах.

Сцяна́2 ’мяжа ў выглядзе дарогі, якая раздзяляе розныя палі’ (Нас.), ’лінія, мяжа’ (Шпіл.), ’канцавая забытая дарога’ (Сцяшк.), ст.-бел. стена ’мяжа, граніца’ (Ст.-бел. лексікон), остенити, застенити ’абмежаваць’ (Вопр. лит. яз., 143). Лічыцца калькай літ. síena ’сцяна’, ’мяжа, рубеж’, параўн. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 66; Барысава, Бел.-рус. ізал., 9. Гл. таксама сценка1.

Сцяна́3 ’частка асновы пры тканні’ (Нік. Очерки; ашм., Стан.), ’мера асновы, палатна, даўжынёй на хатнюю сцяну’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Шатал., Цых.; ашм., смарг., Нар. скарбы; Жд. 1). Да сцяна1, гл. таксама сценка2.

Сцяня́цца ’сноўдацца, бадзяцца, цягацца, шлындацца’ (Ласт.), сціня́цца ’хадзіць, як прывід’ (Барад.), сюды ж, відаць, сцяна́цца ’бадацца’: карова сьценаецца (навагр., ЛА, 1), сцяну́цца ’крануцца, варухнуцца’ (слуц., Жыв. НС; Янк. 1; Мат. Гом.), сцену́цца ’здрыгануцца, сцепануцца’ (ТС), сцяну́ць ’патрэсці’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. стена́тися ’ўздрыгваць, калыхацца, хістацца’, стену́тися ’кінуцца, рушыць’, ’разгубіцца, збянтэжыцца’. Няясна; Мяркулава (Этимология–1975, 55) дапускае для падобных слоў са значэннем руху захаванне асновы і.-е. *ten‑ ’цягнуць і пад.’, параўн. рус. дыял. тять ’ісці’, для якога маюцца паралелі за межамі славянскіх моў: лац. tenor ’раўнамерны рух’, ст.-ірл. tēit ’ідзе’ < *tenti (стары каранёвы аорыст) і пад. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 408. Не выключана сувязь са сцень ’прывід’, гл.

Сцяпа́ ’стэп’ (Янк. 1). Форма на ‑а знаходзіць адпаведнікі ў славен. stépa, серб.-харв. сте̏па ’тс’, апошнія разглядаюцца як запазычанні праз англ. і ням. Steppe, іт. steppa ’тс’ (Скок, 3, 333). Верагодна, самастойнае пераўтварэнне па тыпу назоўнікаў ж. р. Гл. стэп, сцеп.