Сцень ’прывід’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Барад.), ’цень’ (Нас., ТСБМ, Бяльк.; рас., Варл.; мёрск., слаўг., ЛА, 1; глыб., барыс., Сл. ПЗБ), ’цень ад чалавека’: чалавек стаіць і яго сцень (Шн. 2, ЛА, 1), сьцені свое боіцца (Бяльк.), ’міфічная істота’ (ушац., ЛА, 1), ’хвароба ад спалоху’ (Касп.), ’хвароба з трызненнем’ (Шн. 3), ’хвароба ўласнага ценю’ (Рам. 5, Мат. Маг.), ’хто вельмі худы’ (мёрск., З нар. сл.; шуміл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣнь ’здань, прывід’. Рус. дыял. стень ’цень’, ’душа чалавека’, ’дзіцячая хвароба’, таксама стинь, стараж.-рус. стѣнь ’цень, прывід’, польск. дыял. pościen ’цень чалавека’, чэш. stín ’цень’, славац. stieň ’тс’, в.-луж. sćin ’тс’, ст.-слав. стѣнь ’цень’. Этымалогія няпэўная. Прасл. *stěnь разглядаюць як вынік кантамінацыі *sěnь (сені) і *temnь, гл. цемень (Слаўскі, 1, 100), або выводзіцца з *scěn‑ < і.-е. *skoi‑ ’слаба свяціць, цень, водбліск’ (Шустар-Шэўц, 1277). Параўноўвалі з грэч. σκιᾱ́ ’цень’, ст.-інд. chãyã ’бляск’; як зыходнае прапаноўвалі *skoini‑ і *soini‑ (гл. сень у сенцы); гл. Міклашыч, 411; Младэнаў, 626. Па іншай версіі набліжэнне да сень другаснае, у выніку кантамінацыі сень і цень; гл. Фасмер, 3, 755 з літ-рай. Махэк₂ (578) рэканструюе прасл. *scěnь, адкуль выводзіць і сень, і цень, якія, апрача грэч. і ст.-інд., параўноўвае яшчэ са ст.-норд. skuggi ’цень; прывід’, нарв. skugge ’цень’, швед. skugg ’тс’, а таксама з ням. Schein ’зара, свет; падман, ілюзія’. Аткупшчыкоў (Из истории, 237–238) ст.-слав. стѣнь суадносіць са ст.-слав. стѣна як асновы на ‑i‑ і на ‑ã‑: *stegsnis/*stegsna з першасным значэннем ’накрытае месца’. Спробы звязаць са славен. stȇnj ’кнот’ гл. у Сной₂, 698; Куркінай, Этимология–1986–1987, 75–76. Гл. таксама Свяжынскі, БЛ, 13, 70; Жураўлёў, Язык и миф, 408.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)