Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Серп ‘сельскагаспадарчая прылада для жніва’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр., рус. серп, ст.-рус. сьрпъ, серб.-ц.-слав. сръпъ, польск. sierp, в.-луж., н.-луж. serp, чэш., славац. srp, серб.-харв. sȓp, славен. sȓp, балг. сърп, макед. срп, ст.-слав. срьпъ. Прасл. *sьrpъ. Паралелі ў іншых і.-е. мовах: лат. sirpis, sìrps ‘серп’, лац. sarpiō, sarpō ‘падразаю лазу’, магчыма, таксама ст.-в.-ням. sarf, с.-в.-ням. sarph ‘востры, грубы, жорсткі’ (Траўтман, 260–261; Мюленбах-Эндзелін, 3, 846; Фасмер, 3, 609–610). Абаеў (ВЯ, 1959, 2, 146) адносіць сюды ж асец. œxksyrf ‘серп’. Усё да і.-е. *ser‑ ‘рэзаць’ з расшыральнікам ‑р‑, аб якім Покарны І, 911–912; спецыяльна аб сувязі прасл. *sьrpъ з гэтым коранем гл. Гарачава, Этимология–1982, 54–55. Агляд праблематыкі гл. яшчэ Іванаў, Этимология–1976, 153 і наст. Гл. яшчэ Борысь, 547; Сной₁, 602; Глухак, 577.

Серпакры́жнік ‘кажан’ (свісл., Шатал.). Да серп і асновы ‑крыжыць ‘рэзаць’, якая ў чакрыжыць (гл.); відаць, ‘крылы, якія “выразаны” ў форме сярпа’. Параўн. серпокры́л ‘чорны стрыж’ (ПСл).

Серпа́нка. Гл. сярпанка.

Серпано́к ‘тонкае палатно’ (Нар. Гом.), серпаначак (sierpanoczek) ‘рэдка вытканае палатно на наметкі’ (пін., Кольб.). Гл. сярпанка.

Серпарэ́знік ‘крываўнік звычайны, Achillea millefolium L.’ (гом., Кіс.; Бейл., Мат. Гом., Ян.; паст., лоеў., Сл. ПЗБ, ТС), ‘трыпутнік ланцэталістны, Plantago lanceolata L.’ (Бейл.), серпарэ́з ‘тс’ (Бейл.; барыс., брасл., Сл. ПЗБ), ‘крываўнік’ (ЛА, 1; Мат. Гом., ТС). Укр. серпорі́з ‘крываўнік звычайны’, рус. серпоре́знік ‘тс’. Ад серп і рэзаць, як сродак, які спыняе кроў пры парэзах (сярпом), параўн. “… як парэжам палец жнучы, дык добра прыкладаць серпарэзнік” (Сл. ПЗБ). Да семантыкі параўн. і крываўнік (гл.).

Се́рпень ‘жнівень’ (Нас.; ашм., гарад., Сл. ПЗБ, Бес., Шатал.), сюды ж се́рпец ‘тс’ (астр., Сл. ПЗБ), се́рпій ‘тс’, серпаві́ннік ‘канец ліпеня’ (Сцяшк. Сл.). Укр. се́рпень, рус. старое се́рпень, стараж.-рус. сьрпьнь, польск. sierpień, чэш. srpen ‘тс’, серб.-харв. ср̂пањ ‘ліпень’, серб.-ц.-слав. сръпьнь ‘ліпень’, славен. srpȁn ‘ліпень, жнівень’, балг. съ́рпен ‘ліпень’. Прасл. *sьrpьnь ад *sьrpъ, гл. серп, г. зн. месяц сярпа, жніва (Фасмер, 3, 610, Брукнер, 489; Борысь, 547; Сной₁, 603). Інакш Махэк₂ (572), які супастаўляе з літ. sirpsti ‘спець’, таму што збожжа спее ў гэты час, але гэта менш пераканаўча. Аб славянскіх назвах месяцаў гл. яшчэ Шаўр, Этимология–1971, 93 і наст. Беларускае слова з улікам лінгвагеаграфіі можа быць і другасным запазычаннем з польскай; прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 415) параўноўваюць з польск. sierpień, аднак сведчанні Насовіча (“простолюдины… употребляют древние названия месяцев… Серпень — Август”, Нас., 631) і архаічная семантыка іншых назваў, утвораных ад серп — ‘канец ліпеня’, сведчаць пра іх спрадвечнасць.

Се́рца ‘сэрца’ (Бяльк., Сл. ПЗБ), се́рцэ ‘сэрца’, ‘гнеў’, ‘прыхільнасць’ (Нас.), ‘сэрца’, ‘гнеў’ (Пятк. 2), ‘сэрца’, ‘стрыжань’, ‘біла звана’ (ТС), ст.-бел. сердце ‘сэрца’ (Альтбаўэр), серъдце ‘тс’ (Скарына; паводле Карскага (1, 256) — “графічнае ъ”), серцо ‘тс’ (Карскі 1, 172); сюды ж серцаві́на ‘стрыжань, цвёрдая драўніна’ (Бяльк., Мат. Гом., брасл., Сл. ПЗБ). На пэўнай частцы моўнай тэрыторыі ўжываецца паралельна з сэ́рца (гл.), параўн. sérce альбо siérce (Пятк. 2).

Се́ры1 ‘дугападобная дэталь калаўротка, замацаваная на той жа восі, што і шпуля’ (брэсц., Нар. лекс.), ‘вілападобная дэталь з металічнымі кручкамі ў калаўроце (для намотвання нітак на шпульку’ (гродз., Нар. сл.), се́ры ‘прылада ў калаўроце, куды ўсаджваюць шпулю’ (Сл. рэг. лекс.), сі́ры ‘тс’ (Скарбы), польск. дыял. śery ‘вілачкі ў калаўроце, у якія ўстаўлены кручочкі з дроту’. Зданцэвіч (LP, 1960, 348) адносіць да літуанізмаў, але без этымону. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) адносіць да слоў, балцкае паходжанне якіх недастаткова абгрунтавана. Няясна.

Се́ры2 ‘шэры’ (ЛА, 4). Параўн. укр. сі́рий, рус. се́рый, ц.-слав. сѣръ, стараж.-рус. сѣрыи, серб.-харв. си̏јер ‘шэры, сівы, палавы’, славен. sér, sîr ‘тс’, балг. дыял. сер, сяр ‘шэры’. Рэканструкцыя зыходнай формы няпэўная ў сувязі з чаргаваннем s/š (гл. шэры): *sěrъ/*šěrъ узводзяць да прыметніка *xe̊rъ ‘шэры, сівы’, ж. р. *xěra, роднаснага ст.-ісл. hárr ‘шэры, сівы’, англ.-сакс. hár, ст.-в.-ням. hêr ‘паважаны, велічны’, с.-в.-ням. hêr(e) ‘тс’, ірл. ciar ‘цёмны’ (< герм. *haira‑), што з няпэўнасцю з-за фанетычных цяжкасцей звязваецца з і.-е. *ḱoi̯‑ro ‘цёмны, шэры, карычневы’ (гл. Бязлай, 3, 229; Сной₂, 650; Фасмер, 3, 611). Інакш Махэк₂ (605), які параўноўвае праславянскую форму з гоц. skeirs ‘ясны, светлы’, ст.-ісл. skīrr ‘тс’, што роднасныя *sьjati (гл. ззяць). Агляд версій гл. ESJSt, 13, 803–804.

Серыкі ‘стрэлкі звычайныя, Capsella bursa pastoris L.’ (Кіс.). Няясна. Відаць, паводле колеру (гл. серы). Параўн. украінскую назву гэтай жа расліны: сірыкі.