Пялёскацца ’плюхацца, купацца, мыцца’ (ТСБМ; полац., Янк. 2; трак., Сл. ПЗБ), пяле́скацца ’тс’ (Нас.; ашм., Сл. ПЗБ), пяляска́цца ’тс’ (Бір. Дзярж.), пелеска́цца ’паласкацца’ (ПСл), пеляска́ць ’паласкаць, муціць, боўтаць’, пеле́скаць ’разліваць, плюхаць, пляскаць’ (Нас.), пялеска́ць ’паласкаць, пялёхаць’ (Бяльк.), сюды ж пе́леск ’плёск, плёскат’ (Нас.), пялёсканне ’тс’ (ТСБМ), параўн. славен. pelískati ’пляскаць, плюхаць’. На базе гукапераймання, параўн. плёск, пляск, плюск (гл.) і дзеясловы плёскаць, пляскаць, плю́скаць і пад., якім адпавядаюць літ. plekšė́ti ’ляпаць, плюхаць’, plaskúoti ’пляскаць’ і пад. (Міклашыч, 236; Бязлай, 3, 23). Паводле Векслера (Hist., 89), у слове пялёсканне выступае другаснае псеўдапоўнагалоссе на фоне рус. плескание, падобнае да серабро, сярэ́бро, серебрыны (ст.-бел., 1405 г.), дзе ь у *sьrbro асімілюецца да e ў наступным складзе. Інакш (вынік кантамінацыі полоскаться і плескаться) для смал. пелеска́ться Шахматаў (Очерк древн., 153) і Фасмер (3, 229). Сюды ж пяле́скацца ’пералівацца бліскучымі палосамі’ (Нас.), піліскува́цца ’зіхацець яркімі колерамі’ (Бяльк.).
Пялёстак ’асобны лісток з вяночка кветкі’ (ТСБМ, Гарэц., Др.), мн. л. пялёсткі перан. ’губы’: пялёсткі развесіць іран. ’ныць, румзаць’ (Даніл. Сл.). Няясна. Магчыма, метатэза з рус. лепесто́к ’асобны лісток з вяночка кветкі’; аднак не выключана сувязь з пе́лесць ’вуха (канец) у ночвах або карыце; пласт’ (Нас.), з унутранай формай ’пластоў перыферыйная плоская частка прадмета’, сюды ж, магчыма, польск. мазав. pieleść ’хвост бабра’ (1472), якое Банькоўскі (2, 551) ідэнтыфікуе з бел. пелесць (пра “хвост” ночваў) і чэш. дыял. pelest (пра “хвост” ложка, печы, карыта), якія разглядаюцца як “рэліктавыя” словы няяснага паходжання (гл. таксама Махэк₂, 443). Борысь (SFPS, 23, 106) з далучэннем паўднёваславянскіх фактаў, параўн. балг. радопск. пе́лест, пелестьо́ ’выступаючая частка хаты, дзе сушаць адзенне, плады і інш.’ рэканструюе *pelestъ, *pelʼustь ’канец, край чаго-небудзь’, якое абагульняецца як ’выступаючая ці прыпаднятая частка чаго-небудзь’ (БЕР, 5, 139). Параўн. і пе́лясць ’біла ложка’ (Сцяшк. Сл.), пе́лішчы (piéliščy) ’папярочныя канцы начовак, карытаў і чаўноў’, пе́люшцы ’закраіны ў начоўках’ (ТСБМ, Варл.). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1991–1993, 32–45. Гл. пялюстка, пелюсць.
Пялёсы — часцей у прыставачных утварэннях -пялёсы, гл. перапялёсы, параўн. укр. перепеля́стий ’шэры, які мае колер перапёлкі’. Гл. пяля́сы.
Пялётка ’бярэт’ (паст., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. pilotka ’пілотка’, ад pilot ’пілот’, г. зн. ’шапка, першапачаткова характэрная для пілотаў’, параўн. піло́тка ’від вайсковай шапкі’ (запазычана з рус. пило́тка ’тс’, ад пило́т ’лётчык’).
Пялёхаць ’плюхаць, плёскаць’ (Юрч. Вытв.), пялёхкаць ’тс’ (там жа), пялёхкацца ’плюхацца ў вадзе; няўмела і доўга мыць бялізну’ (Наша Слова, 2000, 6 вер.), пялёхнуцца ’зваліцца’ (Жд. 3), сюды ж пялёх ’пра пялёсканне, наліванне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Ад гукапераймальнага па паходжанні слова, суадноснага з гукаперайманнямі на ‑с, параўн. пялёсь, гл. пялёскацца.
Пяліна́ ’палова’ (лудз., Сл. ПЗБ). Выводзяць з літ. pelaĩ ’тс’ з суфіксацыяй зборнасці (Грынавяцкене і інш., там жа). Магчыма, самастойнае ўтварэнне ад пялі́ць ’палоць’ (Сцяшк.), дзе выступае аснова *pel‑, параўн. рус. дыял. пела́, пелы́ ’палова, мякіна, шалупінне’, што прадстаўлена таксама ў *pelti, *pelvǫ, параўн. ст.-слав. плѣти, плѣвѫ і пад., гл. палоць, палова. Паводле Куркінай (Этимология–1981, 15), для гэтых асноў характэрныя цесныя семантычныя адносіны: ’рваць пустазелле’ — ’палова, шалупінне, адкіды’, інакш Фасмер, 3, 227, 312, 317; ESJSt, 11, 657–658, з літ-рай.
Пя́ліць звычайна ў вылазах: пя́ліць во́чы (зе́нкі) (Юрч. Фраз. 2), пя́ліць пя́ля ’вытарашчваць вочы’ (ТС), параўн. укр. дыял. пʼяли́ти ’нацягваць, расцягваць’, рус. пя́лить ’раздзіраць, разрываць; выстаўляць’, пялить глаза (бельмы, рот, рожу і пад.) ’напружваць; напружана глядзець, крычаць, дэманстраваць’, польск. дыял. piądlić ’распінаць скуру для прасушкі; прымушаць, прыціскаць’, чэш. дыял. padliť sa ’напружвацца, успінацца, выпінацца’, славац. piadliť sa ’лезці, узмоцнена імкнуцца’, славен. pẹ́liti ’напінаць, расцягваць (пра адзенне)’, харв. péliti ’навязваць, рэкамендаваць’. Прасл. *pędliti ’напінаць, напружваць’ < *pędło ’прылада для расцягвання скуры’ (гл. пя́ла), утворана ад *pęti ’цягнуць, напінаць’, гл. пяць (Бязлай, 3, 23; Махэк, 426; Шустар-Шэўц, 2, 1076: далучае сюды і ‑pjel, што выступае ў в.-луж., н.-луж. srokopjel ’птушка Lanius collurio’, што сумнеўна).
Пялу́н ’палын’ (іўеў., трак., паст., беласт., Сл. ПЗБ; астрав., Сцяшк. Сл.), пелу́н ’тс’ (смарг., Шатал.). Гл. палын ’тс’.
Пя́лца ’прылада да нацягвання малых скурак пры сушцы’ (глыб., Стома–Сініца). Да пяльцы (гл.) з ацвярдзеннем ‑ль‑ перад ц “у зьмяншальных імёнах назоўных ніякага і мужчынскага роду”, гл. Станкевіч, Запіскі, 2, 246; Зб. тв., 1, 106; паводле апошняга, з’ява дыспалатызацыі l вядома на ўсёй беларускай моўнай тэрыторыі, што не дае падстаў бачыць у названым слове “фанетычны балтызм”, як сцвярджае Саўка (Запісы, 23, 56).
Пя́лы ’трывалы, устойлівы’: пялы хлопяц (свісл., Сцяшк. Сл.). Відаць, ад пяць ’напружваць, напінаць’ (гл.), параўн. чу́лы ад чуць і пад.