Плю́скаць1 ’хлюпаць, плюхаць, плюхцець’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Нас., Шат.; сміл., Стан.), ’хлюпаць (па шыбах — аб дажджы)’ (Купала “Восень”), ’ударыць далоням’ (Нас.), плю́скыць ’пляскаць’ (Бяльк.); укр. плю́скати ’плёскаць’, польск. płuskać ’плёскаць, шумець’, ’плёскаць’, ’хлюпаць’, н.-луж. pluskaś, в.-луж. pluskać ’плёскаць’, ’журчаць’, чэш. plískati, pluskati — пра моцны дождж, снег, мокрую гразь, ’плёскацца’, славен. pljȗskati ’плёскаць, пырскаць, плёхацца’, серб.-харв. пљу̏скати ’плёскаць’, ’пырскаць’, ’хвастаць (аб дажджы)’, ’біць па твары’, балг. плюскам ’плёскаць, пляскаць’, ’жэрці, прагна есці’, ст.-слав. плюскъ, ’шум’. Прасл. *plʼuskati — пра праліўны дождж (Банькоўскі, 2, 612) — інтэнсіў на ‑sk‑ ад незахаванай першаснай формы, роднаснай літ. pliaũpti ’хвастаць’, ’хлябтаць’, ’ліцца цурком’, pliauškė́ti ’пляскаць’, ’плёскацца’ (Махэк₂, 460–461; Бязлай, 3, 59). Фасмер (3, 289), Васілеўскі (Прадукт. тыпы, 85) адносяць лексему да гукапераймання, паводле Смаль–Стоцкага (Приміт., 169), з першаснага выклічніка плюсь ’плюх’, гл. таксама Копечны (Зб. Младэнаву, 385). Суадносяць яшчэ з лац. pluere ’ісці (пра дождж)’, pluvia ’дождж’, літ. pláuti ’паласкаць, мыць’, ст.-грэч. πλύνειν ’тс’, ст.-в.-ням. flewen < і.-е. *pleu̯‑sk‑ ’імжэць’. Сюды ж плюсь! — пра імгненны ўдар далонню, падзенне азадкам; ’імгненна пайсці (пра дождж), для перадачы гука пры пацалунку’ (Нас., Шат., ТСБМ, Некр.); плюсна́ць! — пра пляск шчупака ў вадзе (Шат.).

Плю́скаць2 ’гаварыць пустое’ (ельск., ЖНС). Балтызм. Параўн. літ. pliáuška ’пустамалот, балбатун’, pliaũkšti ’несці лухту’, ’вярзці бязглуздзіцу’, ’брыдкасловіць’ і рус. валаг. плю́сни́ть ’гаварыць брыдкія словы’. Відаць, гукапераймальнае, параўн. пляска́ць ’біць, хвастаць’ і ’гаварыць многа і абы-што’; гл. папярэдняе слова.

Плю́скаць3, плю́скыць ’лыпаць, моргаць (вачамі)’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Гарэц., Юрч., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., Варл., Растарг., ТС, Нар. Гом.), плю́скыньня ’мірганне’ (Юрч. Вытв.), (зоры) плю́скаюць ’ззяюць, мігцяць’ (рас., ЛА, 2). Укр. плю́щити, плю́щитися ’заплюшчваць вочы’, рус. смал. плю́скать ’часта міргаць, выражаючы разгубленасць’, пск., смал., бранск. ’лыпаць, моргаць вачыма’. Арэальнае семантычнае ўтварэнне, гл. плю́скаць ’пляскаць’, плю́шчыць ’заплюшчваць’. Сюды ж: другаснае аддзеяслоўнае плюсь! ’раптоўна маргнуць’ (Нас.), плюсь!/міргунь! — пра аднаразовае мільганне (мсцісл., Нар. лекс.); а таксама плю́склы ’сплюшчаны, зморшчаны, плоскі’ (ТС), укр. дыял. плюскова́тий ’тс’, плюски́й ’плоскі’, плю́склий ’сплюшчаны, плоскі’, параўн. пляскаты (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)