Пе́люсць, пе́лясць ’канец карыта, выступы ў ночвах, на якія клалі мыла, бялізну’ (Касп.; глыб., чэрв., пух., Сл. ПЗБ), пелюсці ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), ’папярочная дошка, прыбітая зверху ў канцах лодкі’ (пух., Сл. ПЗБ), пе́лясць ’спінка ў ложку’ (Сцяшк. Сл.), смал. пеле́стинка ’тонкая пласціна’, рус. дыял. пе́листь ’ручка карыта’, польск. дыял. peluść, peluście ’тс’, чэш. pelest ’спінка ў ложку ў галавах і ў нагах, бакавая дошка ў ложку’, мар. ’канцы каменнага карыта’. Відаць, генетычна ўзыходзіць да і.-е. асновы *pelə‑/*plē > прасл. *pelena/plena (Махэк₂, 443 і 458), якая ў слав. мовах выступае з рознымі суфіксамі. Разглядаемая лексема ўтворана пры дапамозе суф. ‑ut‑ (pelʼ‑ut‑tь > пелюсць) ці ‑et‑ (pel‑et‑tь > pelest). Семантычны бок лексемы засяроджваецца на паняцці ’тонкае, выцягнутае, плоскае’, ’абалонка’, параўн., напрыклад, зах.-бранск. пелю́стка ’невялікі квадратны кавалачак раскатанага для варэнікаў цеста’, гл. таксама пялёстак ’асобны лісток з вяночка кветкі’, што, магчыма, выводзіцца з *pelestъ, *pelʼustь ’канец, край чаго-небудзь’ (Борысь, SFPS, 23, 106; БЕР, 5, 139).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)