Пялёстак ’асобны лісток з вяночка кветкі’ (ТСБМ, Гарэц., Др.), мн. л. пялёсткі перан. ’губы’: пялёсткі развесіць іран. ’ныць, румзаць’ (Даніл. Сл.). Няясна. Магчыма, метатэза з рус. лепесто́к ’асобны лісток з вяночка кветкі’; аднак не выключана сувязь з пе́лесць ’вуха (канец) у ночвах або карыце; пласт’ (Нас.), з унутранай формай ’пластоў перыферыйная плоская частка прадмета’, сюды ж, магчыма, польск. мазав. pieleść ’хвост бабра’ (1472), якое Банькоўскі (2, 551) ідэнтыфікуе з бел. пелесць (пра “хвост” ночваў) і чэш. дыял. pelest (пра “хвост” ложка, печы, карыта), якія разглядаюцца як “рэліктавыя” словы няяснага паходжання (гл. таксама Махэк₂, 443). Борысь (SFPS, 23, 106) з далучэннем паўднёваславянскіх фактаў, параўн. балг. радопск. пе́лест, пелестьо́ ’выступаючая частка хаты, дзе сушаць адзенне, плады і інш.’ рэканструюе *pelestъ, *pelʼustь ’канец, край чаго-небудзь’, якое абагульняецца як ’выступаючая ці прыпаднятая частка чаго-небудзь’ (БЕР, 5, 139). Параўн. і пе́лясць ’біла ложка’ (Сцяшк. Сл.), пе́лішчы (piéliščy) ’папярочныя канцы начовак, карытаў і чаўноў’, пе́люшцы ’закраіны ў начоўках’ (ТСБМ, Варл.). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1991–1993, 32–45. Гл. пялюстка, пелюсць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)