Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пяхо́та: на пяхо́ту ’пехатой, пешшу’ (Цых.), ’род войска’ (ТСБМ, Ласт.), пях́отай ’пешшу’ (валож., Жыв. сл.), пяхо́там ’тс’ (Жд.), пехото́м ’тс’ (ПСл), пяхто́м ’тс’ (Сцяшк. Сл.), укр. піхо́та ’пяхота’, рус. пехо́та ’тс’, польск. piechota ’хаджэнне пешкі; пешае войска’, чэш. pěchota ’пешае войска’. Прасл. дыял. *pěxota, вытворнае ад *pěxъ ’пешы’ (Фасмер, 3, 254), гл. пехата. Відаць, не можа разглядацца асобна ад славен. pehóta ’стома’, якое Бязлай (3, 21) параўноўвае з харв. дыял. pijèhati ’дыхаць, храпці’. Тады, відаць, першапачаткова гукапераймальнае, параўн. чэш. pěch ’трамбоўка’, pěchovati ’трамбаваць, піхаць’. Банькоўскі (2, 546) прапануе выводзіць з *pěxъ ’павольнае і мернае апусканне таўкача ў ступе’, што адлюстравалася ў пех ’чалавек, якога трэба папіхаць да справы’ (Нас.), чэш. pěchem ’паволі’, балг. пех ’марудны, цяжкі’ і звязана з пхаць, піхаць (гл.). Па семантычных і фармальных прыкметах цяжка выводзіць з і.-е. *pēd‑s, параўн. і.-е. *pēd‑ ’нага, ступак’, параўн. Махэк₂, 446; Варбат, Этимология–1971, 18. Гл. таксама пешы (ш < х, параўн. пе́хам ’пешкі’, гл.). У значэнні ’род войска’ запазычана праз польскую з чэш. pěchota або непасрэдна з рус. пехо́та, што замянілі ў XVIII ст. германізм інфантэрыяісп. infantería, ад infante ’хлопец, пахолак, які пешкі суправаджаў рыцара на кані’).

Пяхо́тка ’фасоля, якая не ўецца’ (слонім., Расл. св.), пехо́тка ’тс’ (ПСл), параўн. укр. піхо́та ’тс’, польск. piechota ’тс’, балг. пеша́к ’тс’ і ’пешаход’, што семантычна выводзяцца з ’прыземлены, прыбіты, прыціснуты да зямлі; пешы’ (ЕСУМ, 4, 419). Гл. пе́шка, пехата́.

Пяхце́ль (piachciél) ’сеткавы мяшок для сена карміць каня ў дарозе’ (Варл.), піхце́ль ’вяровачны мяшок для сена’ (Нік. Очерки; Касп.), пі́хцель ’кашэль для носкі сена’ (мядз., Жд.), ’кашэль з бяросты для харчу ў дарозе’ (Нік. Очерки). Відаць, да наступнага слова.

Пяхце́р ’кашэль, торба; пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’ (ТСБМ; Нас., Растарг., Мядзв., Мат. Гом.), пе́хцер ’гультай’ (Мат. Гом.), піхце́р ’вяровачны мяшок; няўклюда’ (Нік. Очерки; Касп.), пяхтэ́р, пі́цер, піхто́р, пэхту́р, пяхту́р арг. ’мяшок’ (Рам. 9), сюды ж пяхце́рыць ’набіваць, напіхваць’, пяхце́рыцца ’наядацца’, пяхце́рны ’сетачны’, пехцяро́м ’апрануўшыся неахайна’ (Нас.). Укр. пихті́р, пухті́р, пухті́ер ’мяшок для корму каня ў дарозе’, рус. пе́хте́рь ’кашэль для сена; тоўстае, пражэрлівае дзіця’; сюды ж, відаць, і пе́стер, песте́рь, пе́щерь, пе́ще, пище́р, пе́щур ’заплечная вярэнька, рагожа’, ’няўклюда’. Дакладнай этымалогіі не мае. Варыянтнасць формы, хутчэй за ўсё, сведчыць аб запазычанні. Да той жа высновы схіляе і шырокае ўжыванне ў традыцыйных усходнеславянскіх арго. Анікін (446) рус. пе́стер, пехте́рь і пад. на падставе неўласцівай славянскім мовам варыянтнасці ‑хт‑/‑ст‑ разглядае следам за Вострыкавым (Этим. иссл., 1981, 23–24) як субстратам фіна-ўгорскія элементы, звязаныя з марыйск. пӧштыр, пешыр ’тс’, параўн., аднак распаўсюджанасць ва Украіне, што, магчыма, пярэчыць такой крыніцы. Збліжэнне з піхаць (Нас., 413) можа мець другасны характар; агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 250, 254, 428; ЕСУМ, 4, 381. Гл. таксама пяхце́ль.