Пяхце́р ’кашэль, торба; пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека’ (ТСБМ; Нас., Растарг., Мядзв., Мат. Гом.), пе́хцер ’гультай’ (Мат. Гом.), піхце́р ’вяровачны мяшок; няўклюда’ (Нік. Очерки; Касп.), пяхтэ́р, пі́цер, піхто́р, пэхту́р, пяхту́р арг. ’мяшок’ (Рам. 9), сюды ж пяхце́рыць ’набіваць, напіхваць’, пяхце́рыцца ’наядацца’, пяхце́рны ’сетачны’, пехцяро́м ’апрануўшыся неахайна’ (Нас.). Укр. пихті́р, пухті́р, пухті́ер ’мяшок для корму каня ў дарозе’, рус. пе́хте́рь ’кашэль для сена; тоўстае, пражэрлівае дзіця’; сюды ж, відаць, і пе́стер, песте́рь, пе́щерь, пе́ще, пище́р, пе́щур ’заплечная вярэнька, рагожа’, ’няўклюда’. Дакладнай этымалогіі не мае. Варыянтнасць формы, хутчэй за ўсё, сведчыць аб запазычанні. Да той жа высновы схіляе і шырокае ўжыванне ў традыцыйных усходнеславянскіх арго. Анікін (446) рус. пе́стер, пехте́рь і пад. на падставе неўласцівай славянскім мовам варыянтнасці ‑хт‑/‑ст‑ разглядае следам за Вострыкавым (Этим. иссл., 1981, 23–24) як субстратам фіна-ўгорскія элементы, звязаныя з марыйск. пӧштыр, пешыр ’тс’, параўн., аднак распаўсюджанасць ва Украіне, што, магчыма, пярэчыць такой крыніцы. Збліжэнне з піхаць (Нас., 413) можа мець другасны характар; агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 250, 254, 428; ЕСУМ, 4, 381. Гл. таксама пяхце́ль.