Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пя́ла ’галіна, дубец; жэрдачка ў варотах’ (Сцяшк. Сл.), звычайна ў мн. л. пя́лы экспр. ’ногі’ (ветк., Мат. Гом.), пя́ло ’планка ў баране, у якую ўбіваюць зубы’ (петрык., Шатал.), пʼя́ло ’трыножка, на якую вешалі калыску ў полі; распорка’ (ТС), ’кроква ў будане’ (лельч., Нар. сл.), пя́лы ’косці тазасцегнавая сустава’ (калінк., Сл. ПЗБ), пʼя́лы ’прыстасаванне для вышывання ў выглядзе рамы’ (Ян.), ’дужкі ў кошыку’, ’дужкі ў рыбалоўнай снасці’, ’прыстасаванне для прымацавання сотаў у калодачным вуллі’ (светлаг., SOr, 39, 356), укр. пʼя́ло ’распорка для расцягвання скуры’, рус. пя́ло ’тс’, ст.-чэш. padla ’прылада для катаванняў’, чэш. мар. padlo, piadlo ’рамка для вышывання; дошка, на якой расцягваюць скуру’, славац. piadlo ’распорка, якую устаўляюць у рот жывёле, каб не ссала, не кусала і пад.’ Сюды ж серб.-харв. пропе́ло ’распяцце’, славен. razpélo ’тс’. Прасл. *pędlo, утворана ад *pęti ’нацягваць, расцягваць’, як шыла ад шыць і пад., гл. пяць, пну, роднаснае літ. pinklas ’павязка’, лат. pineklis ’путы, кайданы’ (Фасмер, 3, 423; Махэк₂, 425). Параўн. пя́льцы (гл.) і іншыя прыстасаванні для расцягвання, распінання, растапыраныя, тырчачыя прадметы. Сумнеўнае вывядзенне Грынавяцкене і інш. пя́лы ’ногі’ з літ. piaũlai ’тс’ (Сл. ПЗБ), хутчэй наадварот.

Пяле́гаваць (пеле́говаць) ’калыхаць на руках, няньчыць, песціць’ (Нас., Бяльк., Гарэц.), пяле́гваць ’тс’ (Шат.), пяле́гъвъць ’вельмі пеставаць, даглядаць’ (беш., Нар. сл.). Разам з пяленгаваць ’песціць, даглядаць’ (Нас.; слонім., Жыв. НС), дзе захавалася назалізацыя, лічыцца запазычаннем з польск. pielęgować ’тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 65, 68); апошняе, паводле Банькоўскага (2, 551), з першаснага pielengować ’закручваць немаўля ў пялёнкі’, якое разам з рус. дыял. пеле́говать ’даглядаць’, пелёжить ’пакрываць саломай знешнія сцены хаты на зіму’ ад рус. дыял. пелега́ ’пакрыццё, заслона’ (першапачаткова пра кару і пра пялёнкі) і ст.-польск. pielega ’пялёнка’, што звязана з *pelena ’пялюшка’, насуперак Брукнеру (408), які выводзіць названыя польскія словы з ням. pflegen ’даглядаць, песціць’.

Пяле́жыць (пеле́жыць) ’паласаваць’ (Нас.). Магчыма, звязана з рус. дыял. пелега́ ’кара дрэва, лыка’, першапачаткова ’абдзіраць кару, пакідаючы палосы’, якое Праабражэнскі (2, 33) параўноўвае з літ. palegas ’саламяная страха’, palagà ’саламяная паветка’, што прымае і Фасмер (3, 228), улічваючы рус. дыял. пелёжить ’абкладваць сцены саломай на зіму’; Банькоўскі (2, 550) рэканструюе *pelega ’пялюшка’ (і пра кару дрэва), суадноснае з *pelena (гл. пелена).

Пяле́ка ’пясчаная, неўрадлівая зямля, залеж, незасеянае поле’ (дзятл., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), пяле́чына ’тс’ (гродз., пух. Сл. ПЗБ), пя́ла ’тс’ (дзятл., Сцяшк. Сл.), сюды ж пялекава́ты, пелякава́ты ’пясчаны’ (дзятл., чэрв., Сл. ПЗБ), пялёта ’пясчаная, неўрадлівая зямля’ (барыс., там жа). Грынавяцкене і інш. (Сл. ПЗБ) выводзяць з літ. pelė́kas ’шэры, мышасты’, што зусім верагодна па лінгвагеаграфічных меркаваннях. Відаць, чыста выпадковае фармальнае супадзенне з славен. pȅlek ’зярнятка’, якое выводзіцца з *рelъ ’пыл, мякіна, палова’ (Бязлай, 3, 23), што суадносіцца з літ. pelaĩ ’мякіна, палова’. Гл. пе́ліка.

Пялёнка. Гл. пелена.

Пялёскацца ’плюхацца, купацца, мыцца’ (ТСБМ; полац., Янк. 2; трак., Сл. ПЗБ), пяле́скацца ’тс’ (Нас.; ашм., Сл. ПЗБ), пяляска́цца ’тс’ (Бір. Дзярж.), пелеска́цца ’паласкацца’ (ПСл), пеляска́ць ’паласкаць, муціць, боўтаць’, пеле́скаць ’разліваць, плюхаць, пляскаць’ (Нас.), пялеска́ць ’паласкаць, пялёхаць’ (Бяльк.), сюды ж пе́леск ’плёск, плёскат’ (Нас.), пялёсканне ’тс’ (ТСБМ), параўн. славен. pelískati ’пляскаць, плюхаць’. На базе гукапераймання, параўн. плёск, пляск, плюск (гл.) і дзеясловы плёскаць, пляскаць, плю́скаць і пад., якім адпавядаюць літ. plekšė́ti ’ляпаць, плюхаць’, plaskúoti ’пляскаць’ і пад. (Міклашыч, 236; Бязлай, 3, 23). Паводле Векслера (Hist., 89), у слове пялёсканне выступае другаснае псеўдапоўнагалоссе на фоне рус. плескание, падобнае да серабро, сярэ́бро, серебрыны (ст.-бел., 1405 г.), дзе ь у *sьrbro асімілюецца да e ў наступным складзе. Інакш (вынік кантамінацыі полоскаться і плескаться) для смал. пелеска́ться Шахматаў (Очерк древн., 153) і Фасмер (3, 229). Сюды ж пяле́скацца ’пералівацца бліскучымі палосамі’ (Нас.), піліскува́цца ’зіхацець яркімі колерамі’ (Бяльк.).

Пялёстак ’асобны лісток з вяночка кветкі’ (ТСБМ, Гарэц., Др.), мн. л. пялёсткі перан. ’губы’: пялёсткі развесіць іран. ’ныць, румзаць’ (Даніл. Сл.). Няясна. Магчыма, метатэза з рус. лепесто́к ’асобны лісток з вяночка кветкі’; аднак не выключана сувязь з пе́лесць ’вуха (канец) у ночвах або карыце; пласт’ (Нас.), з унутранай формай ’пластоў перыферыйная плоская частка прадмета’, сюды ж, магчыма, польск. мазав. pieleść ’хвост бабра’ (1472), якое Банькоўскі (2, 551) ідэнтыфікуе з бел. пелесць (пра “хвост” ночваў) і чэш. дыял. pelest (пра “хвост” ложка, печы, карыта), якія разглядаюцца як “рэліктавыя” словы няяснага паходжання (гл. таксама Махэк₂, 443). Борысь (SFPS, 23, 106) з далучэннем паўднёваславянскіх фактаў, параўн. балг. радопск. пе́лест, пелестьо́ ’выступаючая частка хаты, дзе сушаць адзенне, плады і інш.’ рэканструюе *pelestъ, *pelʼustь ’канец, край чаго-небудзь’, якое абагульняецца як ’выступаючая ці прыпаднятая частка чаго-небудзь’ (БЕР, 5, 139). Параўн. і пе́лясць ’біла ложка’ (Сцяшк. Сл.), пе́лішчы (piéliščy) ’папярочныя канцы начовак, карытаў і чаўноў’, пе́люшцы ’закраіны ў начоўках’ (ТСБМ, Варл.). Гл. таксама Куркіна, Этимология–1991–1993, 32–45. Гл. пялюстка, пелюсць.

Пялёсы — часцей у прыставачных утварэннях -пялёсы, гл. перапялёсы, параўн. укр. перепеля́стий ’шэры, які мае колер перапёлкі’. Гл. пяля́сы.

Пялётка ’бярэт’ (паст., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. pilotka ’пілотка’, ад pilot ’пілот’, г. зн. ’шапка, першапачаткова характэрная для пілотаў’, параўн. піло́тка ’від вайсковай шапкі’ (запазычана з рус. пило́тка ’тс’, ад пило́т ’лётчык’).

Пялёхаць ’плюхаць, плёскаць’ (Юрч. Вытв.), пялёхкаць ’тс’ (там жа), пялёхкацца ’плюхацца ў вадзе; няўмела і доўга мыць бялізну’ (Наша Слова, 2000, 6 вер.), пялёхнуцца ’зваліцца’ (Жд. 3), сюды ж пялёх ’пра пялёсканне, наліванне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Ад гукапераймальнага па паходжанні слова, суадноснага з гукаперайманнямі на ‑с, параўн. пялёсь, гл. пялёскацца.