Пяле́гаваць (пеле́говаць) ’калыхаць на руках, няньчыць, песціць’ (Нас., Бяльк., Гарэц.), пяле́гваць ’тс’ (Шат.), пяле́гъвъць ’вельмі пеставаць, даглядаць’ (беш., Нар. сл.). Разам з пяленгаваць ’песціць, даглядаць’ (Нас.; слонім., Жыв. НС), дзе захавалася назалізацыя, лічыцца запазычаннем з польск. pielęgować ’тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 65, 68); апошняе, паводле Банькоўскага (2, 551), з першаснага pielengować ’закручваць немаўля ў пялёнкі’, якое разам з рус. дыял. пеле́говать ’даглядаць’, пелёжить ’пакрываць саломай знешнія сцены хаты на зіму’ ад рус. дыял. пелега́ ’пакрыццё, заслона’ (першапачаткова пра кару і пра пялёнкі) і ст.-польск. pielega ’пялёнка’, што звязана з *pelena ’пялюшка’, насуперак Брукнеру (408), які выводзіць названыя польскія словы з ням. pflegen ’даглядаць, песціць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)