Пя́ла ’галіна, дубец; жэрдачка ў варотах’ (Сцяшк. Сл.), звычайна ў мн. л. пя́лы экспр. ’ногі’ (ветк., Мат. Гом.), пя́ло ’планка ў баране, у якую ўбіваюць зубы’ (петрык., Шатал.), пʼя́ло ’трыножка, на якую вешалі калыску ў полі; распорка’ (ТС), ’кроква ў будане’ (лельч., Нар. сл.), пя́лы ’косці тазасцегнавая сустава’ (калінк., Сл. ПЗБ), пʼя́лы ’прыстасаванне для вышывання ў выглядзе рамы’ (Ян.), ’дужкі ў кошыку’, ’дужкі ў рыбалоўнай снасці’, ’прыстасаванне для прымацавання сотаў у калодачным вуллі’ (светлаг., SOr, 39, 356), укр. пʼя́ло ’распорка для расцягвання скуры’, рус. пя́ло ’тс’, ст.-чэш. padla ’прылада для катаванняў’, чэш. мар. padlo, piadlo ’рамка для вышывання; дошка, на якой расцягваюць скуру’, славац. piadlo ’распорка, якую устаўляюць у рот жывёле, каб не ссала, не кусала і пад.’ Сюды ж серб.-харв. пропе́ло ’распяцце’, славен. razpélo ’тс’. Прасл. *pędlo, утворана ад *pęti ’нацягваць, расцягваць’, як шыла ад шыць і пад., гл. пяць, пну, роднаснае літ. pinklas ’павязка’, лат. pineklis ’путы, кайданы’ (Фасмер, 3, 423; Махэк₂, 425). Параўн. пя́льцы (гл.) і іншыя прыстасаванні для расцягвання, распінання, растапыраныя, тырчачыя прадметы. Сумнеўнае вывядзенне Грынавяцкене і інш. пя́лы ’ногі’ з літ. piaũlai ’тс’ (Сл. ПЗБ), хутчэй наадварот.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)