Во́ўчанкі (во́ўчэнкі) ’агульная назва неядомых грыбоў’ (Шатал.). Ад воўчаны, якое ў сваю чаргу ад воўк. Аб матывах намінацыі гл. вужоўкі.
Во́ўчая крапіва ’залозніца вузлаватая, Scrophularia nodosa L.’ (Шат.). Расліна названа па падабенству да крапівы. Аб семантыцы прыметніка гл. воўчая мята.
Во́ўчая мята ’чысцік лясны, Stachys germanica L. і балотны Stachys palustris L.’ (Шат.). Гл. мята. Прыметнік указвае на тое, што расліна «несапраўдная», дзікарослая; азначэнне воўчы пастаянна ўжываецца ў адносінах да неядомых і дзікарослых раслін (Мяркулава, Очерки, 90, 110).
Во́ўчая ступня ’герань крывяна-чырвоная, Geranium sanguineum L.’ (Касп.), воўчая стапа ’тс’ (Дэмб., 1, 284). Рус. волчья стопа ’Geranium pratense L.’, укр. вовча стопа ’Geranium sanguineum L.’ Гл. ступня. Відавочна, паводле формы лісця, параўн. назвы для Geranium pratense L. рус. орлиная лапка, медвежья лапка, укр. вовчі лапки (Аненкаў, 156).
Во́ўчыя спічкі ’зязюлін лён, Polytrichum commune L.’ (Шат.). Відавочна, ад спічка < спіца (гл.) па знешняму падабенству (кароткае прамастойнае сцябло з прызматычнай каробачкай наверсе). Прыметнік воўчы, які часта сустракаецца ў назвах дзікарослых раслін, не звязан непасрэдна з воўк, а паказвае «несапраўднасць» расліны; параўн. воўчая мята.
Во́ўчыя ягады ’расліна, Daphine’ (БРС, Бяльк., Кіс.); ’паслён чорны’ (Касп.). Рус. волчьи ягоды, укр. вовчі ягоди, польск. wilcza jagoda. Гл. ягады. Аб матывах намінацыі гл. воўчае лыка.
Во́ўчэк ’рыба, падобная да ярша, але з таўсцейшай галавой, шырокім ротам і больш цёмнай афарбоўкай лускі’ (Дэмб., 2, 543). Гл. ваўчок.
Вох выкл. (БРС, КТС, Нас.), адсюль — вохаць, вохнуць (БРС, Бяльк., КТС, Нас., Касп.). Параўн. рус. ох, охать, ст.-рус. охъ, укр. ох, о́хати, чэш., польск. och. Гукапераймальнае (Міклашыч, 220; Праабражэнскі, 1, 624; Фасмер, 3, 174).
Во́хкаць (БРС, Шат., Бяльк.). Укр. е́хкати ’тс’. Дэмінутыўная форма ад вохаць; гэтыя формы пашыраны ва ўкр. мове і менш — у бел. (Чарнецкі, Мовазнаўства, 1970, 5, 28 і наст.).
Во́хра (БРС, КТС), вохра́ (Нас.). Рус. о́хра, укр. во́хра. Запазычанне з лац. ochra (ад грэч. ὤχρα ’вохра’, ώχρος ’бледны, жаўтаваты’) праз польск. ochra (Праабражэнскі, 1, 672; Фасмер, 3, 176).