Воўк (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк.). Рус. волк, укр. вовк, ст.-рус. вълкъ, ст.-слав. влькъ, польск. wilk, каш. vêlk, vilk, в.-луж. wjelk, н.-луж. weľk, чэш., славац. vьklъ, серб.-харв. ву̑к, славен. vȏłk, балг. вълк, макед. волк. Прасл. vьlkъ. Роднаснае літ. vil̃kas, лат. vìlks, гоц. wulfs, алб. ulk, ст.-інд. vr̥̄́kas, авест. vəhrka‑, грэч. λύκος, лац. lupus (запазычана з сабін.) (Траўтман, 359; Вальдэ, 447; Уленбек, 291; Богач, LF, 33, 103 і наст.; Шпехт, KZ, 66, 26 і наст.). Узыходзіць да і.-е. ue̯l‑ ’рваць’, г. зн. воўк ’той, які разрывае, раздзірае’ (Праабражэнскі, 1, 92; Фасмер, 1, 338; Шанскі, 1, В, 148). Сюды ж валачыць (гл.). У грэч. λύκος і лац. lupus, якія ўзыходзяць да і.-е. *lukos, адбылася табуістычная метатэза (Трубачоў, ВСЯ, 3, 123). Абаеў (ОЯФ, 1, 592 і наст.) указвае на верагоднасць захавання спрадвечна лац. *vulcus, *volkus ’воўк’ у Vulkānus ’бог Вулкан’. Карнуа (Трубачоў, Дополн., 338) параўноўвае апошнюю лексему з грэч. Ϝελχανός ’Зеўс у крыцян’ і хец. u̯alh̯‑ ’біць’, адкуль этрус. vel, velx.