Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сырадэ́ля ’аднагадовая кармавая расліна сямейства бабовых, Ornithopus L.’ (ТСБМ, Кіс.), сэрадэ́ля ’тс’ (Некр. і Байк., Цых.), сарадэ́ля, серадо́ля, сэрадэ́ль ’тс’ (Кіс.), салідэ́ра ’тс’ (Арх. Вяр.). Праз польск. saradela, seradela, дыял. saladera ’тс’ з ісп. serradella (парт. serradeld), якое паходзіць ад ісп. serrado ’зубчасты; вызублены’; назва па форме лістоў (SWO, 678; ЕСУМ, 5, 215). Відаць, памылкова палес. серэдэля (середелʼа) у запісе Дзендзялеўскага (Бел.-укр. ізал., 25) ідэнтыфікуецца як ’расліна Taraxacum vulgare Schrk.’.

Сырае́жка ’ядомы грыб, Russula’ (ТСБМ), дыял. сыраве́жка, сыравя́жка, сыравя́жына, сырае́жа, сырае́га, сыра́дзега, сурае́жына, сураве́га, сераве́жка ’тс’ (Расл. св., Сярж.–Яшк.), сырае́шка ’тс’ (Пятк. 1), сыроежка ’тс’ (ТС), сырое́жы ’тс’ (Арх. Вяр.), сырое́тка ’тс’ (Федар. 6). Параўн. укр. сироїдка, сироїжка ’грыб Agaricus ruber’, рус. сырое́жка, сырое́га, сураве́шки ’грыб Agaricus integer’, польск. serojeszka, surojadka ’грыб Agaricus russula’, ст.-чэш. syrojědka, чэш. syrovedka, харв. siro(vo)jedka, славен. sirojẹ̑dka, sirovojedka ’тс’. Ад. *syrъ (гл. сыры) і ěd‑/ědja ’ежа’, г. зн. ’грыб, які можна есці сырым’; гл. Фасмер, 3, 819; Мяркулава, Очерки, 171–172. Гл. таксама суравежка, сыравежка.

Сыраква́ш ’квашаны бурачнік’ (смарг., Сл. ПЗБ). Гл. наступнае слова.

Сыраква́ша ’густое кіслае малако’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Касп., Ласт., Бяльк., Сцяшк.; віц., Шн.; Мат. Гом.; усх.-бел., ЛА, 4), сараква́ша (в.-дзв., паст., шчуч., віл., глыб., Сл. ПЗБ), сыро́кваш ’тс’ (кліч., Жыв. сл.). Укр. палес. сираква́ша ’тс’. Да сыры і квасіць (гл.); адносна семантыкі параўн. сырадой, гл.

Сыраква́шкі (сырыква́шкі) ’калёсы, не акаваныя жалезам’ (Бяльк.). Да сыракваша, магчыма, іранічна.

Сырамало́т ’малацьба збожжа без папярэдняй сушкі’ (ТСБМ, Касп., Некр., Серб. Вічын), ’зерне, збожжа з абмалоту без прасушкі’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), сырамало́там ’малацьба снапоў спешна шляхам аббівання іх аб калоду, дошку, у выніку снапы застаюцца не да канца вымалачанымі’ (Нік. Очерки). Ад сыры і малаціць.

*Сыраме́ць, сыромі́ть ’амаль дарма’ (Сл. Брэс.). Відаць, да наступнага слова (гл.) або дэфармаванае пад яго ўплывам сіламо́ц (гл.), параўн. дзеяслоў сілуме́ць ’сваволіць’ (Сцяшк. Сл.) і ўкр. сіломі́ць ’сілком, гвалтам’.

Сы́рамяць ’нядубленая скура, сырыца’ (ТСБМ), сырамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (ТСБМ, Бяльк.), сы́раметны ’скураны’ (Касп.), сы́рамяць, сы́рмець, сы́рміць ’сырыца’ (Сл. ПЗБ), су́рамяць ’тс’, сурамя́тны ’зроблены з сырыцы’ (карэліц., Нар. лекс.), сырымыць, сыръмяць ’гужык у цэпе’ (кругл., маг., ДАБМ, камент., 829), су́рамятка ’раменная ці вяровачная частка пугі’ (стаўб., З нар. сл.), сурамя́ць, сурамя́зь ’сырамяць’ (Сл. ПЗБ), су́рметка ’папруга, повад з сырамяці’ (Сл. ПЗБ), сыро́мец ’вузкая палоска з нявырабленай скуры’ (Сцяшк.), сюды ж, відаць, сы́рамаць ’сырыя дровы’ (Мат. Гом.), сыромі́ть ’амаль дарма’: сыроміть оддала півня (кобр., Сл. Брэс.). Рус. сы́ромять ’сырыца’, сыромя́тный ’выраблены з сырыцы’. Да сыры і мяць (гл.), параўн. кажамя́ка (гл.) і адзначанае ў Даля (IV, 376) “кожа… выделанная очисткой и сильным мятьем”. Да значэння ’сырыя дровы’ параўн. сыромля ’тс’, гл.

Сырапе́ня ’кіслае малако’ (Касп.; барыс., Сл. ПЗБ; гарад., Нар. словатв.; віц., ЛА, 4), сырапе́ня, сырапі́ха ’тс’ (віц., Шн. 3), сырапе́ня, сырапо́ня ’толькі што ўкіслае малако’ (Барад.), сырапо́нь ’сыракваша’ (бярэз., Жд. 1), сырапо́ня ’кіслае знятае малако’ (Мядзв.), сырапонка ’тс’ (бых., ЛА, 4), сарапо́ня ’рэдкае недакіслае малако’ (полац., Нар. сл.), сурупо́ня ’кіслае малако’ (Мат. Маг.). Рус. пск. сыропы́ня, сыропы́ха ’сыракваша’. З сыр‑ (гл. сыры) і літ. píenas ’малако’. Лаўчутэ (Балтизмы, 56) мяркуе, што ў першым кампаненце адбылося другаснае набліжэнне да слав. *syrъ; першакрыніца ў лат. siera piens ’малако для сыра’, Р. скл. siera piena. Рускія дыялектныя словы, відаць, з беларускай (Анікін, Опыт, 284); змены ў другой частцы слова ў выніку дээтымалагізацыі.

Сырапо́сны: сырапосная нядзеля ’апошні тыдзень перад Вялікім пастом’ (Ян.). Параўн. укр. сиропу́ст ’тс’, сиропу́сний ’належны да гэтага перыяду’, рус. сыропу́ст ’запусты’, стараж.-рус. сыропустъ ’калі дазваляецца есці сыр і іншыя малочныя прадукты’, сыропустьныи ’звязаны з запустамі’, серб. сиропусна ’маслянічны тыдзень’, макед. сиропасна ’тс’. Запазычана са ст.-слав. сыропоустьнъ, што ўтворана ад сыръ і поустити ’дазволіць, дапусціць’, і калькуе грэч. ό τυροφάγος ’сырная’; паводле Німчука (Давньорус., 61), народнай назвай было стараж.-рус. масльнаꙗ недѣлꙗ. Збліжана да пост, посны, гл. таксама сырніца2.