Сырадо́й ’толькі што надоенае, яшчэ не астылае малако’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Бяльк., Сцяшк., Растарг., Маш., Пятк. 1, ЛА, 4), сырадо́й, сарадо́й ’тс’ (Сл. ПЗБ), сыродо́й ’тс’ (ТС), сурадо́й ’тс’ (Мат. Маг.). Укр. палес. сироди́й, сиродо́й, рус. смал. сыродо́й. З сыры́ і даі́ць. Вештарт (Лекс. Палесся, 104) у сыр‑ (параўн. яшчэ сыракваша, сыра/оватка) бачыць агульны элемент са значэннем ’малако’, роднаснае прасл. *syrъ: *sьrъ‑ (гл. cepa): *sъrь‑, які быў выцеснены пранікненнем з германскіх моў *melzivo (гл. малозіва), што падтрымлівае Мартынаў (Этимология–1968, 20–22); супраць Трубачоў (там жа, 39). Аднак слав. *syrъ мае значэнне не толькі ’сыры’, але і ’свежы’, ’неапрацаваны’, параўн. таксама заўвагу Пяткевіча: “mleko prosto od krowy (syradoj) nie używają” (Пятк. 1, 131).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)