Спрача́цца ‘весці спрэчкі; пярэчыць каму-небудзь’ (ТСБМ). З польск. sprzeczać się ‘тс’.
Спро́гчыся ‘здохнуць’ (Сцяцко Сл.). Гл. апрэгчыся.
Спро́нжка ‘спражка’ (Шат., Сцяшк., Жд. 1), спро́нжка, спро́ншка, спро́нчка (Сл. ПЗБ). З польск. sprzączka ‘тс’ (Сл. ПЗБ, там жа), sprzążka (Брукнер, 436).
Спро́ца ‘рагатка’ (Сцяшк.). Гл. проца.
Спружы́на ‘пругкая металічная палоска або спіраль’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Бяльк.), спрунжы́на ‘тс’ (Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), спрунджы́на ‘тс’ (Бяльк.), спранджы́на ‘тс’ (Варл.). З польск. sprężyna ‘тс’; параўн. укр. спружи́на ‘тс’; у іншых славянскіх мовах без s‑. Шульман (Полымя, 1926, 8, 211) мяркуе пра пасрэдніцтва мовы ідыш праз форму Sprusschine ‘тс’, што цяжка давесці. Гл. пружына.
Спружыно́ўка ‘барана, дзеянне якой заснавана на дзеянні пружын’ (ТСБМ), ‘культыватар’ (Сцяшк.), спружыны́вка ‘культыватар’ (Сл. ПЗБ). З польск. sprężynówka ‘тс’. Параўн. пружыноўка.
Спрут ‘гібель’: на спруты ‘на чорта’ (беласт., Дзядзька Квас, Роздум на калёсах, Беласток, 1995, 57), спру́та ‘смерць; халера’ (Сцяц. Сл.), ‘пагібель’ (кам., ЖНС). Адваротны дэрыват ад спруці́цца ‘памерці’ (ТС), ‘стаць пруткім’ (Стан.). Гл. прут, апруцянець.
Спры́вяль ‘абрыў’ (шчуч., З нар. сл.). Няясна; магчыма, балтызм.
Спры́ндзіцца ‘згінуць, загінуць’ (Скарбы; шчуч., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ‘згарнуцца, скруціцца’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж spryndziło dziasna (Арх. Федар.) з няясным значэннем. Параўн. прындзіцца (гл.). Несумненна, экспрэсіўнае ўтварэнне з шырокім спектрам значэнняў, што абцяжарвае вызначэнне зыходнага. Запісанае Развадоўскім спіры́нджыць у складзе кляцьбы са значэннем ‘каб цябе спёрла!’, суаднесенае з літ. sprę́sti ‘рашаць’, прызнаецца Лаўчутэ (Балтизмы, 149) недастаткова аргументаваным балтызмам. Магчыма, экспрэсіўны варыянт з назалізацыяй да спры́ціцца ‘згінуць, памерці’ (Сцяшк. Сл.), гл. спрыта.
Спрыт ‘дасканаласць, умельства’, ‘фізічная лоўкасць, паваротлівасць, хуткасць у руках’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘кемлівасць’ (Ласт.), спры́тны, спры́тнасць (Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). З польск. spryt, sprytny (Кюнэ, Poln., 99 з літ-рай), якое выступае ў польскай мове з XVIII ст. як запазычанне з франц. esprit ‘дух; задума, розум; здольнасць, талент і да т. п.’; гл. Брукнер, 510; Борысь, 571. Ужо Карскі (Белорусы, 146) сумняваўся ў этымалогіі, прапанаванай упершыню Ліндэ, схіляючыся да выказанай раней Міклашычам (266) думкі пра сувязь з прыць (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16–17) звязвае з гоц. sprauto ‘хутка’, чаму пярэчыць Смулкова (Бел.-польск. ізал., 118–119), якая бачыць тут налажэнне значэнняў розных па паходжанні слоў — паланізмаў спрыт, спрытны і прыткі, прытны (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 391–392; Булахаў, Бел. мова, 57.