Пры́тны ’круты, стромкі, адхоністы’ (Варл., Сцяшк., Ласт., Мат. Гом.), ’хуткі, праворны’ (Нас., Бяльк.), ’упарты, непаслушны’ (Ласт.), сюды ж пры́тна ’хутка, жвава’ (Нас.), ’моцна, шчыльна; тэрмінова; старанна, уседліва; вельмі неабходна’ (Нас., Юрч., Сцяшк., Жд. 3, ЛА, 5), прытно́м ’непасрэдна, адзін за адным, запар’ (ТСБМ, Касп., Стан.; беласт., Бел.-польск. ізал.), ’вельмі часта’ (Янк. 1; ст.-дар., Жыв. НС), пры́тня ’строма, круча’, пры́цінь, пры́ціня ’тс’: у сам пры́цінь сонца (пра сонца ў зеніце) (Ласт.), прыці́н ’зеніт’ (Стан.). Відаць, утварэнне з ‑n‑ суфіксацыяй: *prytъnъ(jь) або *pritьnъ(jь), што да *prъtiti, гл. пры́ткі, пры́тыць. Магчымы ўплыў іншых асноў, параўн. рус. дыял. при́тмом ’раптоўна, хутка’, якое Люканен (Восточнослав., I, 119) узводзіць да прасл. *pritь‑mo ад *pri‑tęti (< *tęti ’рэзаць’, гл. цяць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)