Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сей м. р. ‘гэты’ (Ян., Сцяшк. Сл.; брэсц., ЛА, 2; Хрэст. дыял., ТС), се́е н. р. ‘гэтае’ (Ян.), сёй у спалучэннях сёй-той, той‑сёй ‘некаторыя людзі’, сёе‑то́е, то́е‑сёе, то́е ды сёе ‘некаторым рэчы’ (ТСБМ), сё і то ‘тс’ (ТС). Ст.-бел. сеи, сее (Альтбаўэр). Укр. сей м. р., ся, ся́я ж. р., се, се́е н. р.; рус. сей, сия́, сие́, стараж.-рус. сь (сии), си (сиꙗ), се (сиѥ), ст.-польск. si, sie, ст.-чэш. sen, sie, se, серб.-харв. са̂ј, си м. р., са, сај ж. р., се, ся н. р., славен. sej, бант. сей, сия́, сие́, ст.-слав. сь, си, се. Прасл. *sь(je), *si(ja), *se узыходзяць да і.-е. *ḱis; параўн. літ. šis ‘гэты’, лат. šis, ст.-прус. schis, літ. šì‑tas ‘гэты’, лац. cis ‘па гэты бок’, citrā ‘па гэты бок, унутры, пад, без’, citrō ‘сюды’, гоц. himma ‘гэтаму’, hina ‘гэтага’, ст.-в.-ням. hiutu ‘сёння’ і г. д.; гл. Траўтман, 304; Вальдэ-Гофман, 1, 192 і наст.; Торп, 87; Фасмер, 3, 591 і наст.; ESSJ SG, 2, 618–623.

Се́йбіт ‘сявец’ (ТСБМ, Гарэц., Ласт., Др.-Падб., Растарг., Бяльк., Сцяшк.; гом., ЛА, 3). Дэрыват ад сеяць (гл.) з суф. ‑іт праз прамежкавую ступень назоўніка *сейба, параўн. польск. śiejba ‘сяўба’ (аб суф. гл. Сцяцко, Афікс. наз., 157), або ў выніку прыпадабнення складоў ад се́ўбіт ‘сявец’ (Ян., Мат. Маг.), што да сяўба́, гл. таксама сяўбі́т.

Сейм ‘саслоўна-прадстаўнічы орган у Рэчы Паспалітай’ (ТСБМ), се́ймік ‘зборка дэлегатаў ВКЛ перад сеймам у Варшаве’ (ТСБМ), се́юм ‘бяседа’ (Сл. Брэс.), сеймікаваць ‘радзіцца, меркаваць’ (Сцяшк. Сл.), сеймікава́цца ‘раіцца, дагаворвацца’ (стаўб., Нар. сл.), сэймікава́цца ‘тс’ (Скарбы), посемова́ць ‘параіцца’ (Сл. Брэс.). Ад ст.-бел. сеймъ, сэймъ, съемъ ‘тс’ з польск. sejm ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 34). Гл. сойм.

Сек ‘даўняя мера вагі сыпкіх цел ёмістасцю 12 кг’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Нар. сл.). Ст.-бел. секъ (ссекъ) пераважна ў магілёўскіх актах ‘адзінка колькасці мяса’ (Скурат, Меры, 145; Ст.-бел. лексікон), ‘мера сыпкіх цел’: семенʼя лняного секов два (Яблонскіс, 210). Скурат (там жа) лічыць вытворным ад *sěkti ‘сячы’, што сумніўна ў сувязі з вышэй прыведзеным значэннем. Хутчэй за ўсё, балтызм, параўн. літ. síekas ‘мера вагі (зерня) = 6 гарцаў, г. зн. каля 20 л’, лат. síeke ‘тс’, якія далей звязаны з літ. síekti ‘спрабаваць дасягнуць чаго-небудзь’, seikʼti ‘вымяраць мерамі’. Аб апошніх словах гл. Фрэнкель, 781; Мюленбах-Эндзелін, 3, 857.

Се́каўка ‘рыба шчыпоўка, Cobitis taenia L.’ (карэліц., З нар. сл.; Янк. 3.), се́чка ‘тс’ (Янк. 3.), секушка ‘тс’ (Жук.), сікоўка, сіколка ‘тс’ (там жа). Рус. (у Даля) сѣка ‘рыба ў’юн’, укр. сі́кавіця, сі́кавка, сіку́нка ‘шчыпоўка’, польск. siek, siekierka, чэш. sekavec, ст.-чэш. sekavec, дыял. sekavica, серб.-харв. sekuš ‘тс’. Да *sěkti ‘сячы’. Назва дадзена за вострыя калючыя шыпы пад вачамі; пасля таго, як яе ўхопіш, яна “сячэ” ў бакі гэтымі шыпамі; гл. Махэк₂ (540).

Се́квіны ‘мача’ (ганц., Сл. ПЗБ). Да сікаць, сцаць (гл.); параўн. яшчэ рус. пск. сёкать ‘мачыцца’.

Секс ‘усё тое, што адносіцца да палавога жыцця’. Запазычана з англ. sex ‘полавая схільнасць’, sexy ‘сексуальна заклапочаны’, першапачаткова значыла ‘натуральны пол’, што з лац. sexus ‘пол’, роднаснага secāre ‘рэзаць, дзяліць’, г. зн. ‘частка, падзел’.

Се́кта ‘рэлігійная суполка па-за традыцыйнай царквой’ (ТСБМ). З лац. secta ‘вучэнне, кірунак, школа’, што звязана з sequor ‘іду следам’ (Сной₂, 646; ЕСУМ, 5, 207), магчыма, праз заходнееўрапейскае і рускае пасрэдніцтва.

Се́ктар ‘частка круга’, ‘аддзел, участак’ (ТСБМ), ‘звяно ў коле’ (мсцісл., рэч., ЛА, 2). Запазычана праз ням. Sektor і рускае се́ктор ці польск. sektor з лац. sektor ‘рассякаючы’ ад secare ‘рэзаць’.

Секу́нда ‘шасцідзесятая частка мінуты’ (ТСБМ). Позняе запазычанне праз польск. sekunda ці рус. секу́нда, што ўзыходзяць да новалац. secunda, скарочанага з лац. pars minuta secunda літаральна ‘іншая меншая частка’ ў адносінах да мінуты; лац. secundus ‘другі’, г. зн. ‘наступны’ паходзіць ад дзеяслова sequī ‘ісці па слядах’ (Сной₂, 646; Глухак, 543).