Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Кісле́ц ’барбарыс, Berberis vulgaris L.’ (Кіс.). Гл. кіслы.

Кіслі́ца ’шчаўе, Rumex acetosa L.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Шн., Касп., Бяльк., Кіс., Нік., Няч.), ’заячая капуста’ (Мат. Гом.), ’кісліца звычайная, Oxalis acetosella L.’ (Кіс., Бейл.), ’від ажыны’ (ТС). Гл. кіслы.

Кіслы ’кіслы па ўласцівасці, квашаны’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’слабы’ (З нар. сл.). Гл. кіснуць.

Кісля́ ’кіслата’ (ТСБМ, Жд. 2, Сл. паўн.-зах.), ’закваска’ (Сл. паўн.-зах.). Утварэнне ад кіслы (гл.) з дапамогай суфікса ‑ja (як suša < sux + ja) (SP, 1, 82).

Кісля́к 1 ’сыракваша’ (Жд. 2, Янк. I, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., Ян.). Да кіслы (гл.).

Кісля́к 2 ’стары грыб’ (Нас.), аб чалавеку (ТСБМ, Нас., Янк. I), ’няспелая садавіна’ (КЭС, лаг.). Да казляк (гл.) з кантамінацыяй, прыпадабненнем да кіслы ў першасным значэнні ’мокры’.

Кісля́ціна ’шэрсць, выбраная з вырабленай скуры’ (Нас.). Параўн. кислятина ’тс’ (Дабр.). Гл. кіслы.

Кісля́чка ’рагатуха’ (Нас.). Гл. кіснуць 2.

Кі́снуць 1 ’кіснуць’ (ТСБМ). Укр. киснути, рус. киснуть ’тс’, балг. кисна ’мокнуць, кіснуць’, серб.-харв. ки̏снути ’тс’, славен. kísniti ’кіснуць’, польск. kisnąć, чэш. kysnouti, славац. kysnuť, в.-луж. kisnyć, н.-луж. kisnyś ’тс’. Узводзіцца да прасл. *kysti, kysnǫti ’мокнуць’. Бліжэйшай паралеллю лічыцца лат. kûsât ’кіпець’ (фармальна адэкватна прасл. kysati, параўн. рас‑кісаць). Нягледзячы на блізкасць славянскага і латышскага дзеясловаў, застаюцца сумненні наконт іх генетычнай тоеснасці. Тым больш што лексіка іншых балтыйскіх моў не адпавядае гэтай пары ні фармальна, ні семантычна. Няма таксама надзейных адпаведнікаў за межамі балта-славянскай моўнай глебы (Бернекер, 1, 678–679; Траўтман, 147). Згодна з іншай версіяй, прасл. kysti, kysati звязваюцца з літ. kaužóti, gaužóti ’кіснуць’ (Яначак, LF, 59, 419; Шпэхт, KZ, 55, 9; Махэк, Recherches, 83–86). Гэта этымалогія адпавядае канцэпцыі аб прыярытэце семантычнай адэкватнасці над фармальнымі адпаведнасцямі. Дублетнасць па звонкасці — глухасці зычных назіраецца ў самім балтыйскім матэрыяле. Адносіны галосных адпавядаюць розным ступеням якаснага і колькаснага аблаўта. Да таго ж першая версія не выключае семантычна і фармальна другой. Параўн. лат. kûsât ’кіпець, бурліць, уздымацца’ і літ. kiaužóti ’ўздымацца, выгінацца’, kaužóti ’падымацца пры браджэнні’. Больш шырокі дыяпазон адпаведнасцей прымае Тапароў (K–L, 357–360), які, у прыватнасці, уключае ў адну групу генетычных паралелей лат. kûsât і літ. kùšti ’рухацца, шавяліцца, кішэць’. Калі не ісці далей па шляху семантычнага расшырэння гэтай групы паралелей, мы павінны будзем суаднесці прасл. kysti, kysnǫti ’кіснуць’ і прасл. kyšěti ’кішэць’ (гл. кішэць). Фармальна яны суадносяцца на аснове рэфлексацыі і.-е. k̑ як славянскага s або x (Мартынаў, Слав. акком., 109–129). Семантычна яны звязваюцца паняццем ’браджэнне’: ’бязладны, хаатычны рух’ > ’браджэнне’. Параўн. рус. бродить ’бадзяцца, блукаць’ і бродить ’брадзіць’.

Кі́снуць 2 ’без упынку смяяцца’ (КЭС, лаг., Жд. 3), кіснуць са смеху ’нястрымна прыцішана смяяцца’ (ТСБМ, Юрч. Фраз. 2). Семантычна да першаснага значэння кіснуць 1 ’мокнуць’.

Кі́ста ’гронка (аўса)’ (Сл. паўн.-зах.). Зваротнае ўтварэнне ад кісць (гл.).

Кі́стачка ’вонкавая выпукласць храпіча дыхальнага горла, гарляк’, «адамаў яблык» (Дразд.). Гл. кіста, кісць.