Казля́к 1 ’масляк’ (БРС, ТСБМ; лаг., петр., Жыв. сл.; уздз., Нар. словатв.; брасл., гарад., лудз., Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Шат.), ’грыб Boletus bovinus’ (Дэмб.), ’грыб Boletus scaber’ (Яруш.), ’нейкі грыб’ (Прышч. дыс., Сержп., Яруш.), ’перцавы грыб’ (уздз., Нар. словатв.), ’усякі грыб’ (Бяльк.), ’усе грыбы, апрача баравікоў’ (Арх. ГУ; глус., мазыр., стаўбц., Жыв. сл.; Маш.; шчуч., Сл. паўн.-зах.; Янк. 2), козляк: білый козляк ’грыб каўпак кольчаты, падбалацянка’ (пін., Жыв. сл.), козляк ’агульная назва ядомага грыба, апрача баравіка’ (бяроз., драг., іван., пін., Жыв. сл.), козлякы, козлек, кузлякы, кузлек ’тс’ (драг., Жыв. сл.), кузляк ’тс’ (стол., Жыв. сл.), козлякі ’агульная назва ўсіх ядомых грыбоў, акрамя баравікоў і падасінавікаў’ (пруж., Нар. словатв.). Укр. усх.-палес. казляк ’любы ядомы грыб, за выключэннем баравіка’, козляки ’тс’, рус. козляк ’грыб масляк; грыб абабак’ (першае лічыцца дыялектным: валд., наўг., цвяр., калін., бран., калуж., раз., ярасл., смален. і інш.). Лінгвагеаграфія не вельмі выразная. Улічваючы наяўнасць слова ў розных дыялектных зонах Беларусі і параўноўваючы вялікую рускую тэрыторыю распаўсюджання, казляк можна лічыць усх.-слав. інавацыяй. Бел. слова Сцяцко (Афікс. наз., 146) лічыць вытворным з дапамогай суфікса ‑як, відавочна, ад казёл, на карысць такой думкі паралельныя дэрываты ад каза — бел. казяк, рус. козьяк ’масляк, абабак’, аднак на магчымасць іншага тыпу дэрывацыі ўказваюць такія прыклады, як бел. швянч. казля ’масляк’ і козляк, козлячок, прыведзеныя Насовічам як дублеты да казёл, каза ў назвах грыбоў. Аб матывацыі гл. каза, казёл.
Казля́к 2, казьляк ’размоклая рэч’ (Ян.). Перанос ад казля́к ’грыб’, цікава звярнуць увагу на літ. óžgrybis ’абабак’ і ’вялы чалавек, размазня’.