Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Воск (БРС, Бяльк., КТС), ву͡оск (Бес.). Рус. воск, укр. віск, ст.-рус. воскъ, польск. wosk, чэш. і славац. vosk ’воск, масціка’, в.-луж., н.-луж. wosk, каш. vosk, палаб. wask, ст.-слав. воскъ, балг. во́сък, серб.-харв. во̏сак, славен. vósek. Прасл. voskъ (Махэк₂, 697). Роднаснымі з’яўляюцца літ. vãškas, лат. vasks, ст.-в.-ням. wahs, н.-в.-ням. Wachs. Магчыма, што роднасным будзе і грэч. ἰξός ’птушыны клей’ (Траўтман, 343; Фасмер, 1, 231; Клюге, 830). Торп (381) і Праабражэнскі (1, 99) лічаць слова запазычаннем з герм., але ў гэтым выпадку нельга ’растлумачыць метатэзу ks/sk (Кіпарскі, 95; Брукнер, 631; Фасмер, 1, 357; Шанскі, 1, В, 170 і наст.).

Во́сланкі ’збітыя дошкі, якія кладуць на дно воза’ (Шатал.). Рус. ослоны ’жэрдкі, на якія кладуць снапы для прасушкі’, укр. ослін, ослонок ’прадаўгаватая лаўка’, польск. osłonka ’дошка на дне воза’, у польск. дыял. на чэшскай тэрыторыі uosu̯ony‑osłony ’бакавыя дошкі на калёсах’, чэш. oslon ’чалеснікі в.-луж. wosłon ’дошкі’, серб.-харв. óslon ’апора падтрымка’, славен. oslon ’дошкі для пасцілкі ў калёсах’. Прасл. oslonъ ’дошка, жэрдка’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад *osloniti (Махэк₂, 419). Гл. засланіць.

Во́сма ’асва’ (Жд., 1). З восва (гл.) у выніку нерэгулярных дыялектных фанетычных змяненняў; параўн., напр., шворыншморын (Бяльк.).

Во́спа (БРС, Шат., Бяльк., Яруш., Бес., КЭС). Рус. о́спа, дыял. во́спа, укр. ві́спа, ст.-рус., д.-слав. осъпа, польск. ospa, в.-луж. wospica ’адзёр’, н.-луж. wospica ’тс’, чэш. ospica ’сып’, славац. ospice мн. л. ’тс’, балг. о́спа ’тс’, серб.-харв. о̏спа ’воспа’, славен. óspice мн. л. ’адзёр’. Прасл. *o‑sъp‑a з *obsъpa (Махэк₂, 419; Мяркулава, Этимология, 1970, 146 і наст.). Да сыпаць (гл.). Параўн. Праабражэнскі, 1, 664 і наст.; Фасмер, 3, 164.

Во́страў (БРС, КТС, Касп., Яруш., Яшк.), во́страва ’поле паміж лугамі’ (Яшк.). Рус. о́стров, укр. о́стрів, ст.-рус., ст.-слав. островъ ’востраў’, польск. дыял. ostrów ’участак поля пасярод сенажаці’, каш. ostróv ’узвышанае месца на полі або на сенажаці’, чэш., славац. ostrov, балг. о́стров, серб.-харв. о̏стрво, славен. ostróv, в.-луж. wotrow, н.-луж. wótšow, палаб. våstrüʼv. Прасл. o‑strovъ ’тое, што абцякаецца, рачны востраў’. Да струмень (гл.). Роднаснымі з’яўляюцца літ. sravà ’цячэнне, крывацёк’, prasrava ’цячэнне вады’, лат. stràva ’цячэнне’. З іншай ступенню вакалізму: літ. srovė̃, strovė̃ ’цячэнне’, лат. stràva, strāve ’тс’, усх.-літ. sraujà, ст.-інд. girisravā ’горны паток’ (Міклашыч, 318; Траўтман, 279 і наст.; Фасмер, 3, 165). Параўн. у семантычных адносінах серб.-харв. ȍtok ’востраў’. Асаблівасці семантыкі слова востраў у бел. мове гл. Талстой, Геогр., 116 і наст.

Востры, войстры (БРС, Нас., Яруш., КТС, Шат., Касп., Бяльк.). Рус. о́стрый, укр. о́стрий, го́стрий, ст.-рус., ст.-слав. остръ, польск. ostry, чэш., славац. ostrý, балг. о́стър, серб.-харв. о̏шта̑р, о̏штра, о̏штро, славен. óster, ȏstra, óstro, в.-луж. wostry, н.-луж. wótšy. Для прасл. рэканструюецца ostrъ (Махэк₂, 421). Роднаснае літ. aštras, лат. дыял. astrs ’конскі волас’, ст.-інд. áśriḥ ж. р. ’край, вугал, грань, лязо’; aśániḥ ’вастрыё стралы, кідальная зброя’, грэч. ἄκρος ’верхні, крайні’, ἄκρον ’вяршыня, край, канец’, лац. ācer ’востры’, арм. asełn ’ігла’, ст.-ірл. ēr ’высокі’ (*ak̑ros), алб. áthëtë ’кіслы, даўкі’, грэч. ὄκρις ’вастрыё, вяршыня гары’, лац. ocris ’mons confragosus’, ст.-ірл. ochar ’вугал, выступ’ (гл. Траўтман, 15; Праабражэнскі, 1, 666; Майргофер, 1, 61; Фасмер, 3, 167; там і інш. літ.).

Во́стрыца бат. ’Deschampsia Р. В.’ (КТС, Кіс.). Рус. остри́ца ’Sagina’, укр. остри́ця ’Asperugo procumbens’, польск. ostrzyce, чэш. ostřice ’Carex’. Ад востры (гл.) паводле формы лісця (Махэк₂, 421).

Во́ступ ’запаведнае глухое месца ў лесе’ (Яшк., КТС); ’квартал лесу, пушчы’ (Яшк.); ’аблава на ваўкоў’ (КТС); ’грамада людзей на аблаве, якая падымае шум і крык, каб ваўкі беглі на стральцоў’ (КЭС), во́ступ воўчы ’месца, дзе водзяцца ваўкі’ (Касп.). Гл. оступ.

Во́сце выкл. здзіўлення (Нас.). Рус. во́сьте ’тс’. З вось (гл.) і те. Фасмер (4, 34) лічыць те скарочанай формай рус. займ. тебе, ст.-слав. тебѣ, а не старой формай дав. скл. адз. л. ст.-рус., ст.-слав. ти ’табе’, як мяркуюць Гараеў (362 і наст.) і Дурнаво (Очерк, 293). (Гл. Фасмер, 4, 34).

Во́сцеж выкл. (2‑я асоба мн. л.) (Нас.) «Восцеж вам на закуску!» З вось + те і часц. ж, дзе це (< те) — канчатак 2‑й асобы мн. л. загаднага ладу, як у рус. нуте, полноте і г. д. (Фасмер, 4, 34).