Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сцялу́ха ’крынічнік лекавы, Veronica officinalis L.’ (Касп., Кіс.). Відаць, да сцяліць (гл.), іншая назва расліны расходнік (гл.), параўн. таксама сцялі́ по́ля ’вязель палявы’: расце на дзірванох, сцеліцца (смарг., Сл. ПЗБ).

Сцяльні́к ’соты’ (Некр.), сцельні́к ’вашчына з мёдам (у калодзе)’ (Маш., ТС, ПСл), шчэльні́к ’тс’ (ТС), сце́льнікі ’соты’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. стільни́к, дыял. щільни́к ’соты, пласт вашчыны ў пчол і вос’. Да сцяліць (гл.) з магчымым збліжэннем да шчыльны, гл.

Сцяна́1 ’вертыкальная частка будынка’, ’высокая агароджа з камення’, ’стромкая бакавая паверхня’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Бяльк., Сцяшк., Ян.), ’рад чаго-небудзь, што стаіць на прамой лініі’ (Нас.), ’абрывісты бераг’ (ветк., Яшк.), сцена́ ’сцяна будынка’ (ТС), стена́ ’тс’ (Шушк.), стина́ ’сцяна, мур’ (пруж., Горбач, Зах.-пол. гов.), сце́нка памянш. да сцяна́ (ТСБМ, Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’сценка, грань’ (Байк. і Некр.), сце́нька ’сценка будынка’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣна: стѣны домовъ наших (Альтбаўэр). Укр. стіна́, рус. стена́, ст.-рус. стѣна, польск. ściana, в.-луж., н.-луж. sćěna, чэш. stěna, славац. stena ’сцяна’, серб.-харв. стијѐна ’скала, камень’, славен. sténa ’сцяна’, ’скала’, балг. стена́ ’сцяна; каменная агароджа’, макед. стена ’сцяна’, ст.-слав. стѣна ’сцяна; вал’. Прасл. *stěna ’сцяна’, роднаснае гоц. stains ’камень’, ст.-ісл. steinn; далей параўноўваюць з грэч. στία, σττον ’крэмень’, ст.-інд. styā́yatē ’цвярдзее’ (гл. Мее, 446; Міклашыч, 323; Траўтман, 281; Фасмер, 3, 754; Махэк₂, 576–577). Мартынаў (Этимология–1968, 18) мяркуе, што слова паходзіць з першаснага спалучэння *stěna zьdь ’каменная сцяна, мур’, аналагічна да англ. stone wall, тады прыметнік меў бы форму *stěnъ (?) ’каменны’. Усё да і.-е. *stei̯‑/*sti‑ ’станавіцца цвёрдым, цвярдзець’; першаснае значэнне ’нешта зацвярдзелае’, адкуль ’плеценая (з прутоў) сцяна, пакрытая, аблепленая глінай (якая зацвярдзела пасля высушвання)’ (Борысь, 612). Шустар-Шэўц (2, 1276) германскія значэнні лічыць другаснымі; *stěna, на яго думку, з’яўляецца дэвербатывам ад асновы, якая захавалася ў літ. stìngti ’цвярдзець’, лат. stiñgt ’зрабіцца цвёрдым, кампактным’. Запазычанне славянскага слова з германскіх лічыцца неверагодным; параўн. Фасмер, там жа, з літ-рай; Бязлай, 3, 316. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Из истории, 232–238), які рэканструюе прасл. *steg‑s‑na ад і.-е. *steg‑/stog‑ ’пакрываць’ (сцяна пакрывала зямлянку), што малаверагодна па семантычных прычынах.

Сцяна́2 ’мяжа ў выглядзе дарогі, якая раздзяляе розныя палі’ (Нас.), ’лінія, мяжа’ (Шпіл.), ’канцавая забытая дарога’ (Сцяшк.), ст.-бел. стена ’мяжа, граніца’ (Ст.-бел. лексікон), остенити, застенити ’абмежаваць’ (Вопр. лит. яз., 143). Лічыцца калькай літ. síena ’сцяна’, ’мяжа, рубеж’, параўн. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 66; Барысава, Бел.-рус. ізал., 9. Гл. таксама сценка1.

Сцяна́3 ’частка асновы пры тканні’ (Нік. Очерки; ашм., Стан.), ’мера асновы, палатна, даўжынёй на хатнюю сцяну’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Шатал., Цых.; ашм., смарг., Нар. скарбы; Жд. 1). Да сцяна1, гл. таксама сценка2.

Сцяня́цца ’сноўдацца, бадзяцца, цягацца, шлындацца’ (Ласт.), сціня́цца ’хадзіць, як прывід’ (Барад.), сюды ж, відаць, сцяна́цца ’бадацца’: карова сьценаецца (навагр., ЛА, 1), сцяну́цца ’крануцца, варухнуцца’ (слуц., Жыв. НС; Янк. 1; Мат. Гом.), сцену́цца ’здрыгануцца, сцепануцца’ (ТС), сцяну́ць ’патрэсці’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. стена́тися ’ўздрыгваць, калыхацца, хістацца’, стену́тися ’кінуцца, рушыць’, ’разгубіцца, збянтэжыцца’. Няясна; Мяркулава (Этимология–1975, 55) дапускае для падобных слоў са значэннем руху захаванне асновы і.-е. *ten‑ ’цягнуць і пад.’, параўн. рус. дыял. тять ’ісці’, для якога маюцца паралелі за межамі славянскіх моў: лац. tenor ’раўнамерны рух’, ст.-ірл. tēit ’ідзе’ < *tenti (стары каранёвы аорыст) і пад. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 408. Не выключана сувязь са сцень ’прывід’, гл.

Сцяпа́ ’стэп’ (Янк. 1). Форма на ‑а знаходзіць адпаведнікі ў славен. stépa, серб.-харв. сте̏па ’тс’, апошнія разглядаюцца як запазычанні праз англ. і ням. Steppe, іт. steppa ’тс’ (Скок, 3, 333). Верагодна, самастойнае пераўтварэнне па тыпу назоўнікаў ж. р. Гл. стэп, сцеп.

Сцярдзю́шка ’павіліца, Galium boreale L.’ (Кіс.). Няясна; магчыма, дэфармаванае пад уплывам табу *сярдзюшка (ад серца, гл.), параўн. назву аднаго з відаў Galium укр. сердешна трава (Макавецкі, Sł. botan.), параўн. сцвералом, гл.

Сцяха́цца ’жахацца ад страху’ (Мілк.). Гл. сцехануцца.

Сцяць1 ’ссячы, зрэзаць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ; зах., ЛА, 5; Варл., Сцяшк.). Мяркулава (Этимология–1975, 62–63) мяркуе, што сцяць1 мае агульнае паходжанне са сцяць2, але гэты дзеяслоў больш позні без індаеўрапейскіх паралеляў; развіццё значэння ’цягнуць’ → ’біць, удараць’ → ’сячы’; далей гл. цяць.

Сцяць2 ’абхапіўшы сціснуць’, ’сціснуць (грудзі, горла), перашкаджаючы дыхаць’, ’шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.)’ (ТСБМ), ’злучыць, сціснуць’ (Байк. і Некр., Варл., Шат., ТС; палес., ЛА, 5), ’ударыць’ (зах., цэнтр., ЛА, 5), сця́цца ’пакрыцца тонкім лёдам, замерзнуць’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Стан.; ЛА, 5), ’пасварыцца, пацапацца’ (Сл. ПЗБ), сціна́ць ’перахопліваць дыханне’ (Гарэц.), ’шчыльна змыкаць, сціскаць, сашчамляць’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), сціна́цца ’пакрывацца тонкім лёдам’ (Сл. ПЗБ, Варл., Сцяц. Сл.), ’дрыжаць’ (ЛА, 5), ’сварыцца або біцца’ (Нас.), ’замярзаць’, ’туляцца, хавацца’ (Бяльк.), сці́нка ’схватка, сутычка’ (Нас.). Укр. стина́ти ’сціскаць (зубы)’, стина́тися ’пачаць спрэчку, бойку, схапіцца’, дыял. ’згусаць, ссядацца (пра малако)’, стараж.-рус. сътѧтисѧ ’згусціцца’, польск. ścięta (krew) ’згуслая (кроў)’, славен. stéti se ’згуснуць (аб крыві)’. Прасл. *sъtęti (), *stinati () ’сцягвацца’, ’гуснуць, рабіцца больш шчыльным’ да і.-е. *ten‑ ’цягнуць, нацягваць’, ’рабіць больш густым (аб малацэ, вадзе, паветры)’. Буга (Rinkt., 2, 318) прыводзіць у якасці паралелі літ. tẽna, tenėti ’згусаць, застываць, гусцець’; параўн. сцягнуць, цягнуць. Гл. Мяркулава, Этимология–1975, 52 і наст.; ЕСУМ, 5, 485. Параўн. яшчэ сціна́цца ’плакаць, аж выпроствацца’ і сціга́цца ’крычаць, аж выпроствацца’ (Бяльк.), сцяна́цца, сцяга́цца ’роспачна плакаць’ (Юрч. Сін.), а таксама серб.-харв. сте́гнути зубе ’сцяць зубы’.

Сцяцю́рыцца ’сціснуцца, стуліцца, скурчыцца’ (Барад., Сл. ПЗБ), сцюцю́рыцца, сцюцюрэ́цца ’тс’ і ’зажурыцца, сцішыцца, замоўкнуць, заспакоіцца’ (Варл., Сл. ПЗБ). Экспрэсіўнае ўтварэнне, магчыма, ад цяцера, гл.

Сцячы́1 ’зрабіцца кволым, тонкім’ (Сл. ПЗБ; ст.-дарож., Ск. нар. мовы), стычэ́ ’зніцець, вырасці кволым (аб гурках, бураках)’ (драг., Ск. нар. мовы), сцякаць ’рабіцца тонкім, кволым (пра гародніну)’ (Сл. ПЗБ), сце́каць ’марнець ад ценю (пра расліны)’ (ТС). Параўн. укр. стіка́ти ’зрабіцца кволым, захірэць (пра расліну)’, польск. ściekać ’тс’. Узыходзіць да *tekti ’цячы’, ’бегчы, імкнуцца’, параўн. літ. tekė̃ti, ištekė̃ti ’паднімацца ўверх’, у тым ліку пра расліны, якія хутка растуць, каб вырвацца з ценю.

Сцячы́2 ’быць дастатковым, хапаць’: як мукі сцячэ, то і няўмелька спячэ (Янк. БП). Параўн. серб.-харв. стѐћи ’набыць, здабыць’, дыял. сте̏ћ ’атрымаць, зарабіць’, што да прасл. *tekti (Скок, 3, 450). Да цячы, гл.