Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІДАКРА́З,

мінерал, тое, што везувіян.

т. 7, с. 165

І́ДАЛ (ад грэч. eidōlon вобраз, падабенства),

матэрыяльны прадмет, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. пакланення. На Беларусі І. — каменныя, драўляныя або металічныя скульпт. выявы язычніцкіх багоў (напр., Шклоўскі ідал). Лакальныя назвы — багі, балваны, каменныя бабы, куміры, стоды, ёлупы. У час язычніцтва 1. ставілі на капішчах як аб’екты пакланення. Пасля ўсталявання хрысціянства большасць І. была знішчана, закапана ў зямлю ці ўтоплена; на многіх выбівалі крыжы ці надавалі ім форму крыжа. У пераносным сэнсе — прадмет сляпога пакланення.

т. 7, с. 165

І́ДАЛЬ (Эдуард Антонавіч) (парт. псеўд. Андрэй; 23.1.1909, г. Віцебск — 27.11.1938),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1928 на камсам. рабоце ў Віцебску: сакратар гаркома, заг. аддзела акругкома. З 1931 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: Заг. ваен. аддзела ЦК КПЗБ, сакратар Віленскага, Беластоцкага акругкомаў КПЗБ, упаўнаважаны ЦК КПЗБ па Гродзенскім, Слонімскім, Ваўкавыскім пав. У 1933—34 чл. Краявога сакратарыята ЦК КПЗБ у Варшаве. У 1934 у польскай секцыі Камінтэрна ў Маскве, потым зноў у Сакратарыяце ЦК КПЗБ. З 1935 у Віцебску. Працаваў на лесазаводзе. У 1937 арыштаваны, у 1938 расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

М.М.Клімовіч, У.М.Міхнюк.

т. 7, с. 165

ІДА́ЛЬГА, гідальга (ісп. hidalgo),

дробнамаянтковы рыцар у сярэдневяковай Іспаніі. Гал. ваен. сіла ў час Рэканкісты. Тэрмін узнік у канцы 12 ст., укараніўся ў 13—14 ст. Заняпад І. пачаўся ў 15 ст. У 16 ст. актыўна ўдзельнічалі ў заваяваннях новаадкрытых амер. зямель. Для феад. Іспаніі эпохі заняпаду (канец 16—17 ст.) характэрна вял. колькасць збяднелых І., якія па-ранейшаму захоўвалі саслоўныя забабоны. Тыповы для таго часу І. ўвасоблены пісьменнікам Сервантэсам у вобразе Дон Кіхота.

т. 7, с. 165

ІДА́ЛЬГА, Ідальга-і-Кастылья (Hidalgo y Costilla) Мігель (8.5.1753, Каралеха, Мексіка — 27.11.1811), нацыянальны герой Мексікі. Скончыў духоўную семінарыю, пазней яе выкладчык, рэктар. За распаўсюджванне ідэй франц. энцыклапедыстаў разжалаваны ў прыходскія святары. У 1810—11 кіраўнік нар. паўстання, якое перарасло ў вайну за незалежнасць Мексікі ад Іспаніі. У ліст. 1810 стварыў у Гвадалахары рэв. ўрад, які адмяніў рабства, выдаў закон, паводле якога індзейцам вярталіся абшчынныя землі, зніжаліся падаткі. У 1811 пасля паражэння рэв. арміі трапіў у палон, расстраляны.

т. 7, с. 165