ІАСЕЛІЯ́НІ (Атар Давідавіч) (н. 2.2.1934),
грузінскі кінарэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1984). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1965). Паставіў фільмы: «Лістапад» (1968), «Жыў пеўчы дрозд» (1971), «Пастараль» (1982), «Фаварыты месяца» (1984), «І стаў свет», «Пажар, убачаны здалёк» (абодва 1989). Творчай манеры характэрны паэт. назіранне рэальнасці, уменне перадаць атмасферу дзеяння; у апошніх работах адчуваецца прытчавы пачатак. Прызы міжнар. кінафестываляў у Зах. Берліне (1982), Венецыі (1984) і інш.
Літ.:
Церетели К. Трилогия Отара Иоселиани // Кинопанорама. М., 1981. Вып. 3.
т. 7, с. 142
ІАСЕ́МІЦКАЯ ДАЛІ́НА (Yosemite Valley),
даліна р. Іасеміты-Крык (прыток р. Мерсед), на зах. схілах хр. Сьера-Невада (ЗША, штат Каліфорнія). Даўж. каля 11 км, шыр. 800—1600 м, глыб. да 1500 м. Стромкія схілы складзены з гранітаў, з адбіткамі ледавіковай апрацоўкі. Густыя хваёвыя лясы. Шматлікія вадаспады, у т.л. Іасеміцкі. Частка Іасеміцкага нац. парку.
т. 7, с. 142
ІАСЕ́МІЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Yosemite National Park),
у ЗША (штат Каліфорнія), у гарах Сьера-Невада. Пл. 304 тыс. га. Першы ў ЗША ахоўны ландшафт (з 1864), нац. парк з 1890. Маляўнічыя зах. схілы хр. Сьера-Невада з гранітнымі пікамі і купаламі (выш. да 3997 м — г. Лаел), горнымі азёрамі і вадаспадамі (у т.л. Іасеміцкі вадаспад у аднайм. даліне), даліна р. Іасеміты-Крык. Хвойныя лясы, гаі гіганцкай секвоі, альпійскія лугі. У фауне 78 відаў млекакормячых, у т.л. мядзведзь-барыбал, чарнахвосты алень; каля 200 відаў птушак. Турызм. Парк уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
т. 7, с. 142
ІАСІФЛЯ́НЕ, Асіфляне,
царкоўна-палітычны рух і філас. плынь у Рус. дзяржаве ў 15—16 ст. Заснавальнік і кіраўнік — ігумен Успенскага (Іосіфа-Валакаламскага) манастыра Іосіф Волацкі (адсюль назва). І. распрацавалі і праводзілі ў жыццё ідэі аб пануючым становішчы царквы ў рус. грамадстве. Напачатку Іосіф Волацкі выступаў за абмежаванне велікакняжацкай улады на карысць духавенства і ўдзельных князёў. Пасля збліжэння з вял. князямі Іванам III і Васілём III ён распрацаваў тэзісы пра боскае паходжанне ўлады манарха. На яго думку, свецкая па форме манархія павінна была з’яўляцца тэакратычнай па сутнасці. Карыстаючыся сваім уплывам на вярх. ўладу, І. жорстка распраўляліся з ератыкамі і сваімі ідэалаг. праціўнікамі. У барацьбе з «несцяжацелямі» яны адстаялі непарушнасць царк. догмаў і царк.-манастырскае землеўладанне. І. зрабілі значны ўклад у распрацоўку ідэі «Масква — трэці Рым», якая разам з тэорыяй пра боскае паходжанне манархіі лягла ў аснову ідэалогіі рас. самадзяржаўя. Аднак з 2-й пал. 16 ст. манархія пачала ўсё больш нецярпіма ставіцца да ўмяшання царквы ў дзярж. справы. Апошняй праявай іасіфлянскай дактрыны была царк. палітыка патрыярха Нікана, які намагаўся практычна ажыццявіць тэорыю тэакратычнай дзяржавы. Перамога І. у 16 ст. значна паўплывала на гіст. лёс праваслаўя, рас. самадзяржаўя і Расіі ў цэлым.
Літ.:
Федотов Г.П. Святые Древней Руси. М., 1990;
Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991.
т. 7, с. 142
ІАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (11.3.1898, в. Белякоўшчына Гродзенскага р-на — 8.8.1964),
генерал-лейтэнант (1946). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, Бел. і 1-м Бел. франтах: нач. штаба і камандзір дывізіі, нам. камандзіра корпуса. Удзельнік баёў на Каўказе, вызвалення Гомеля, Рэчыцы, Баранавіч. У 1945—47 у Войску Польскім, да 1955 на выкладчыцкай рабоце.
т. 7, с. 142