ІАСІФЛЯ́НЕ, Асіфляне,

царкоўна-палітычны рух і філас. плынь у Рус. дзяржаве ў 15—16 ст. Заснавальнік і кіраўнік — ігумен Успенскага (Іосіфа-Валакаламскага) манастыра Іосіф Волацкі (адсюль назва). І. распрацавалі і праводзілі ў жыццё ідэі аб пануючым становішчы царквы ў рус. грамадстве. Напачатку Іосіф Волацкі выступаў за абмежаванне велікакняжацкай улады на карысць духавенства і ўдзельных князёў. Пасля збліжэння з вял. князямі Іванам III і Васілём III ён распрацаваў тэзісы пра боскае паходжанне ўлады манарха. На яго думку, свецкая па форме манархія павінна была з’яўляцца тэакратычнай па сутнасці. Карыстаючыся сваім уплывам на вярх. ўладу, І. жорстка распраўляліся з ератыкамі і сваімі ідэалаг. праціўнікамі. У барацьбе з «несцяжацелямі» яны адстаялі непарушнасць царк. догмаў і царк.-манастырскае землеўладанне. І. зрабілі значны ўклад у распрацоўку ідэі «Масква — трэці Рым», якая разам з тэорыяй пра боскае паходжанне манархіі лягла ў аснову ідэалогіі рас. самадзяржаўя. Аднак з 2-й пал. 16 ст. манархія пачала ўсё больш нецярпіма ставіцца да ўмяшання царквы ў дзярж. справы. Апошняй праявай іасіфлянскай дактрыны была царк. палітыка патрыярха Нікана, які намагаўся практычна ажыццявіць тэорыю тэакратычнай дзяржавы. Перамога І. у 16 ст. значна паўплывала на гіст. лёс праваслаўя, рас. самадзяржаўя і Расіі ў цэлым.

Літ.:

Федотов Г.П. Святые Древней Руси. М., 1990;

Замалеев А.Ф., Овчинникова Е.А. Еретики и ортодоксы: Очерки древнерус. духовности. Л., 1991.

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)