Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАША́ЛЬ (Рыгор Львовіч) (21.10.1898, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 11.1.1983),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1967). З 1919 арганізатар і рэжысёр дзіцячых тэатр. відовішчаў. З 1921 у Маскве, вучыўся ў Дзярж. вышэйшай рэжысёрскай майстэрні, быў дырэктарам і маст. кіраўніком майстэрні Пед. т-ра, выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі. З 1925 рэжысёр кіно. Творчасці ўласціва грамадз. скіраванасць, што праявілася ў фільмах «Саламандра» (1928), «Сям’я Опенгайм» (1939, паводле Л.​Фейхтвангера), «Суд вар’ятаў» (1962). Экранізаваў аповесць Ф.​Дастаеўскага «Пецярбургская ноч» (1934), раман Ф.​Панфёрава «Брускі» («У пошуках радасці», 1940, абодва з В.​Строевай), аповесці М.​Горкага «Справа Артамонавых» (1941), Ф.​Гладкова «Вольніца» (1956), трылогію А.​Талстога «Блуканне па пакутах»: «Сёстры» (1957), «Васемнаццаты год» (1958), «Хмурная раніца» (1959, з М.​Анджапарыдзе). Стварыў серыю гісторыка-біягр. фільмаў: «Песні Абая» (1946, з Я.​Аронам), «Акадэмік Іван Паўлаў» (1949), «Мусаргскі» (1950), «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Год як жыццё» (1966). Аўтар сцэнарыяў шэрагу пастаўленых ім фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

Тв.:

Кинолента жизни. М., 1974.

Літ.:

Розен С. Григорий Рошаль. М., 1965.

т. 13, с. 385

РАШКО́ЎСКІ (Леанід Сямёнавіч) (9.1.1937, г. Барысаў Мінскай вобл. — 31.5.1994),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1964—68). Друкаваўся з 1955. Пісаў на бел. і рус. мовах. Героі вершаў са зб-каў «Няхай не паміраюць зоркі» (1968), «Лівень» (1975), «Пераадоленне» (1979) — няскораныя і моцныя духам людзі, якія вераць ў свае сілы. Аўтар кніг паэзіі для дзяцей «Як пінгвіну шылі фрак» (1970), «Трубач» (1976), «На вясёлай каруселі» (1984) і інш. На рус. мову пераклаў асобныя творы П.​Броўкі, С.​Грахоўскага, Е.​Лось, У.​Нядзведскага, А.​Сербантовіча. На бел. мову яго рус. вершы пераклалі Грахоўскі, М.​Калачынскі, К.​Камейша, Нядзведскі, Ю.​Свірка.

Тв.:

Откровение Мн., 1987.

Л.​М.​Гарэлік.

т. 13, с. 385

РАШТА́ЦКІ МІР 1714,

мірны дагавор, які разам з Утрэхцкім мірам 1713 завяршыў вайну за іспанскую спадчыну. Заключаны 6.3.1714 у г. Раштат (Германія) паміж імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі» (ён жа эрцгерцаг Аўстрыі) Карлам VI Габсбургам і Францыяй. Пацвердзіў умовы Утрэхцкага міру; Аўстрыя захавала пад сваёй уладай Сардзінію, атрымала значную ч. ісп. спадчыны (Неапалітанскае каралеўства, ч. Тасканы, Міланскае герцагства ў Італіі і Ісп. Нідэрланды), прызнала захаванне за Бурбонамі ісп. кароны. Францыя пагадзілася аддаць захопленыя ёю гарады і крэпасці на правым беразе Рэйна (Брайзах, Кель, Фрайбург) і разбурыць свае прырэйнскія ўмацаванні. Абвешчана свабода суднаходства па Рэйне. 7.9.1714 да дагавора далучыліся ням. дзяржавы «Свяшчэннай Рым. імперыі», што ўдзельнічалі ў вайне за ісп. спадчыну.

т. 13, с. 386

РАШЧЫ́НСКІ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 2.4.1949, г. Лагойск Мінскай вобл.),

бел. кампазітар, збіральнік бел. песенна-танц. фальклору. Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1975, кл. хар. дырыжыравання), Бел. кансерваторыю (1984, кл. кампазіцыі Я.​Глебава). З 1973 выкладае (з перапынкамі) у Мінскім муз. каледжы імя Глінкі. У 1976—79 муз. кіраўнік і артыст аркестра ансамбля «Харошкі», у 1989—94 маст. кіраўнік і артыст гурта «Купалінка» пры Белдзяржфілармоніі. Найб. плённа працуе ў жанры нар.-харавой кампазіцыі. Творам уласцівы нац. характарнасць, дэмакратызм, адраджэнне традыцый нар. выканальніцтва. Сярод твораў: сімфонія (1983), араторыя «Смутак памяці» на вершы бел. паэтаў (1984), кантата «Дзіцячыя песні» на нар. словы (1982), канцэрт для цымбалаў і арк. бел. нар. інструментаў (1986), сюіты для сімф. арк. (1985), нар. інструментаў у 3 ч. (1986) і «Калядныя ігрышчы» (1989), канцэртная фантазія «З рога ўсяго многа» (1987), музыка для хору і інш. Збірае і апрацоўвае бел. песенна-танц. фальклор. Укладальнік зб-каў песенна-муз. нар. творчасці розных рэгіёнаў Беларусі: «Беларускія народныя танцавальныя песні» (1988), «Танцавальная музыка Беларусі: Народныя танцы радзімы Якуба Коласа» (1992), «Мелодыі Гарыні і Убарці» (ч. 1—2, 1993) і інш. Лаўрэат Усесаюзных (1977. 1983) і Рэсп. (1980) конкурсаў артыстаў эстрады.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 13, с. 386

РАШЫ́ДАЎ (Рашыд Меджыдавіч) (н. 1.5.1928, Ванашы-Махі, Дагестан),

даргінскі паэт. Нар. паэт Дагестана (1978). Скончыў Дагестанскі пед. ін-т (1949). Друкуецца з 1945. Аўтар зб-каў вершаў для дзяцей «Маё шчасце» (1948), «Кураняты» (1956), «Водар сонца» (1963), «Калі заснулі пчолы» (1968), «Суседзі смяюцца» (1969), «Ранняй восені колеры» (1972), «Свой лёс» (1975), «Яснее дзень» (1980), «Іней» (1985). Перакладае А.​Пушкіна, М.​Лермантава, М.​Горкага і інш. Дзярж. прэмія Дагестана 1970.

т. 13, с. 386

РАШЫ́ДАЎ (Шараф Рашыдавіч) (6.11.1917, г. Джызак, Узбекістан — 6.11.1983),

партыйны і сав. дзеяч Узбекістана, пісьменнік. Скончыў Узб. ун-т у Самаркандзе (1941), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1948). Настаўнічаў. З 1935 на журналісцкай працы, у 1943—49 рэдактар газет «Ленін юлы» («Ленінскі шлях») і «Кзыл Узбекістон» («Чырвоны Узбекістан»). У 1949—50 старшыня Саюза пісьменнікаў Узбекістана. З 1950 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета УзбССР. У 1959—83 першы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана. З 1961 кандыдат у чл. Прэзідыума (з 1966 Палітбюро) ЦК КПСС. Аўтар вершаў і празаічных твораў.

т. 13, с. 386

РАШЭ́ЛЬ [Rachel; сапр. Фелікс (Félix) Эліза Рашэль; 28.2.1821, Мумпф, Швейцарыя — 3 або 4.1.1858],

французская актрыса. Вучылася ў акцёра і педагога Ж.​І.​Сансона. У 1837 дэбютавала ў т-ры «Жымназ», у 1838 — у «Камеды Франсэз». З мастацтвам Р. звязана адраджэнне класіцызму на франц. сцэне. Аснову яе рэпертуару склалі ролі ў творах П.​Карнеля — Каміла («Гарацый»), Эмілія («Цына»); Ж.​Расіна — Федра, Эсфір, Гафалія (аднайм. п’есы), Герміёна («Андрамаха»), Раксана («Баязет»). Творчасці ўласцівы строгасць, пластычная завершанасць формы ў спалучэнні з эмацыянальнасцю, непасрэдным выражэннем пачуццяў. У 1855 пакінула сцэну.

т. 13, с. 386

РАШЭ́ННЕ СУДА́,

пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш. суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 386

РАШЭ́ТНІКАЎ (Сяргей Васілевіч) (н. 22.7.1949, Гродна),

бел. палітолаг. Д-р паліт. н. (1996), праф. (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1972). З 1982 у БДУ (з 1993 заг. кафедры, у 1995—96 прарэктар). З 2000 дырэктар Ін-та дзярж. кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па метадалогіі і метадах паліталогіі, аналізе паліт. працэсаў, публічнай палітыкі, дзярж. кіравання.

Тв.:

Политология в Республике Беларусь: Теоретико-методол. и прикладные аспекты. Мн., 1999;

Системный подход как методология анализа публичной политики. Мн., 2000 (разам з Н.​А.​Антановіч);

Государственная политика и управление в Республике Беларусь. Мн., 2001 (з ёй жа);

Методология и методы анализа государственной политики и управления. Мн., 2001 (разам з Н.​А.​Антановіч, Б.​Я.​Мігасам).

т. 13, с. 386

РАШЭ́ТНІКАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 6.1.1938, в. Халопенічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін. Акад. Нац. АН Беларусі (2000, чл.-кар. 1991). Д-р біял. н. (1987), праф. (1992). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1959). З 1966 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (з 1977 вуч. сакратар, з 1978 нам. дырэктара), з 1997 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі (дырэктар і заг. лабараторыі). Навук. працы па пабудове, біягенезе і функцыян. актыўнасці клетачных ядраў і пластыд расліннай клеткі, надмалекулярных нуклеапратэідных комплексах, бялках і ліпідных рэчывах пры экспрэсіі і рэканструкцыі геному раслін, прыкладных пытаннях перапрацоўкі лек. і пахучых раслін.

Тв.:

Пластиды и клеточные ядра высших растений: (Биохим. аспекты). Мн., 1982;

Клеточные ядра высших растений: состав, структура, функции. Мн., 1992.

У.М.Рашэтнікаў.

т. 13, с. 386