Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РА́ЛА,

старажытная ворыўная прылада, папярэдніца сахі і плуга. Пашырана ва ўсіх земляробчых народаў. Складалася з рабочай часткі — ральніка, на канец якога насаджваўся жал. наральнік, градыля (дышля) і ручак для кіравання. Паводле канструкцыі падзяляліся на Р. з полазам і без яго, прама- і крываградзільнае, якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў. Ва Усх. Еўропе Р. паявілася ў 1-й пал. 1-га тыс. н.э. Самае стараж. на Беларусі Р. знойдзена каля в. Капланавічы Клецкага р-на Мінскай вобл., якое належала плямёнам зарубінецкай культуры.

Драўлянае рала 13 ст. з Брэста.

т. 13, с. 286

РАЛА́Н ((Rolland) Рамэн) (29.1.1866, г. Кламсі, Францыя — 30.12.1944),

французскі пісьменнік, музыказнавец. Ганаровы чл. АН СССР (з 1932). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1886—89), з 1897 праф. гэтай школы. У 1895 абараніў доктарскія дысертацыі па музыцы і жывапісе. У 1903—12 праф. Сарбоны. Знаходзіўся пад уплывам Л.​Талстога і перапісваўся з ім. У творчасці аддаваў перавагу маштабным гіст. падзеям і гіст. асобам. Першыя драмы «Святы Людовік» (1897), «Аэрт» (1898) разам з п’есай «Надыдзе час» (1903) склалі цыкл «Трагедыі веры». Стварыў драм. цыкл «Тэатр рэвалюцыі» пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст.: «Ваўкі» (1898), «Трыумф розуму» (1899), «Дантон» (1900), «14 ліпеня» (1902), «Гульня кахання і смерці» (1925), «Вербная нядзеля» (1926), «Леаніды» (1927), «Рабесп’ер» (1939). Свае погляды на мастацтва і яго ролю ў грамадскім жыцці выклаў у тэарэт. даследаванні «Народны тэатр» (1903) і цыкле «Гераічныя жыцці» («Жыццё Бетховена», 1903; «Жыццё Мікеланджэла», 1906; «Жыццё Талстога», 1911). Ідэйна-эстэт. погляды Р.-рэаліста найб. ярка адлюстраваны ў рамане-эпапеі «Жан-Крыстоф» (т. 1—10, 1904—12), у якім шырокая панарама жыцця Францыі і Германіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., лёс мастака ў тагачасным грамадстве. Узаемаадносіны мастака і народа ў цэнтры аповесці «Кала Бруньён» (1914, апубл. 1919). Антываен. матывы характэрны для драм. сатыры «Лілюлі» (1919), рамана «Клерамбо», лірычнай аповесці «П’ер і Люс» (абодва 1920). Раман «Зачараваная душа» (т. 1—4, 1922—33) пра лёс еўрап. інтэлігенцыі. Аўтар шматлікіх кніг пра л-ру і мастацтва, зб-каў публіцыстыкі, мемуараў. Яго творы адметныя вастрынёй маральна-этычных і сац.-паліт. канфліктаў, манументальнасцю вобразаў, дынамізмам сюжэтаў. Да традыцыі Р. звярталіся Р.​Мартэн дзю Гар, Ж.​Р.​Блок, Л.​Арагон і інш. На сюжэт аповесці «Кала Бруньён» Дз.​Кабалеўскі напісаў оперу «Майстар з Кламсі» (1938). У Бел. дзярж. т-ры пастаўлены спектакль «Ваўкі» (1923). На бел. мове надрук. ўрыўкі з аповесці «Кала Бруньён» (1936, пер. Я.​Скрыгана), з рамана «Жан-Крыстоф» (1938), арт. «Застольныя гутаркі з Бетховенам» (1937). Нобелеўская прэмія 1915.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—14. М., 1954—58;

Соч. Т. 1—9. М. 1974.

Літ.:

Балахонов В.Е. Ромен Роллан и его время: Ранние годы. Л., 1972;

Ромен Роллан, 1866—1966: По материалам юбилейной сессии. М., 1968;

Мотылева Т.Л. Ромен Роллан. М., 1969;

Урицкая Б.С. Ромен Роллан — музыкант. 2 изд. Л.;

М., 1974;

Анисимов И.И. Французская классика со времен Рабле до Ромена Роллана. М., 1977;

Петрова Е.А. «Театр революции» Р.​Роллана. Саратов, 1979;

Ромен Роллан: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

Е.​А.​Лявонава.

Р.Ралан.

т. 13, с. 286

РАЛА́НД, Роланд (Roland; ? — 15.8.778),

маркграф, прэфект Брэтонскай маркі. У час ісп. паходу Карла Вялікага ў 778 камандаваў атрадам брэтонцаў. Вызначыўся ў баі з баскамі ў Рансевальскай цясніне; загінуў, прыкрываючы адступленне франкаў цераз Пірэнеі. У эпічнай л-ры пра Карла Вялікага апісваецца як яго пляменнік і адзін з 12 паладзінаў (доблесны самаадданы рыцар). Стаў героем эпасу «Песня пра Раланда», паэм італьян. паэтаў канца 15 — пач. 16 ст. «Закаханы Раланд» М.Баярда, «Неўтаймаваны Раланд» Л.Арыёста.

т. 13, с. 286

РА́ЛІ (англ. rally літар. злёт, збор),

комплексныя спаборніцтвы на аўтамабілях (аўтаралі) ці матацыклах (мотаралі) на рэгулярнасць руху па зададзеным маршруце; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграму Р. ўключаюцца таксама дадатковыя скарасныя спаборніцтвы: гонкі па шашы, дарожках іпадрома, участках горных дарог, па фігурным ваджэнні і інш. Звычайна дыстанцыя Р. 1—2 тыс. км, колькасць дадатковых спаборніцтваў 20—40. У Р. выкарыстоўваюцца пераважна серыйныя аўтамабілі з некат. канструктыўнымі зменамі.

Першыя спаборніцтвы тыпу Р. адбыліся ў 1894 па маршруце Парыж—Руан—Парыж. Міжнар. спаборніцтвы «Р. Монтэ-Карла» праводзяцца з 1911. З 1940-х г. Р. найб. пашыраны ў Аўстрыі. Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш. краінах. Найбуйнейшыя міжнар. Р.: — «Парыж—Дакар», «1000 азёр» (у Фінляндыі), «Руская зіма» (у Расіі) і інш. Асабістыя чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1953, першынствы свету — з 1972.

На Беларусі спаборніцтвы па Р. практыкуюцца з 1960-х г. (акрамя 1992—99). Федэрацыя аўтамаб. спорту працуе з 1992. У 1997 У Мінскай вобл. праведзены этап міжнар. Р. «Парыж—Краснаярск» і дадатковая (карусельная) гонка на трасе «Баравая». Штогод адбываюцца рэсп. летнія і зімовыя спаборніцтвы. Гл. таксама Аўтамабільны спорт.

т. 13, с. 287

РАЛЬГА́НГ (ням. Rollgang ад Rolle ролік, каток + Gang ход),

устарэлая назва ролікавага канвеера.

т. 13, с. 287

РАЛЬДА́Н ((Roldán) Амадэа) (12.12.1900, Парыж — 2.3.1939),

кубінскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог, адзін з заснавальнікаў афра-кубінскага кірунку ў нац. музыцы і кампазітарскай школы Кубы. Скончыў Мадрыдскую кансерваторыю (1915). З 1919 у Гаване, з 1920 дырыжор аркестра Нац. т-ра, з 1923 скрыпач-канцэртмайстар, з 1932 гал. дырыжор Філарманічнага аркестра. З 1935 праф., з 1936 дырэктар Муніцыпальнай кансерваторыі (прысвоена імя Р.). Аўтар балетаў, твораў для арк., для хору, для голасу і інстр. суправаджэння, музыкі для дзяцей і інш.

т. 13, с. 287

РАЛЬКО́ (Іван Дзмітрыевіч) (21.11.1929, в. Макраны Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1979),

бел. літ.-знавец, крытык, паэт. Канд. філал. н. (1968). Скончыў БДУ (1958). З 1951 працаваў настаўнікам, з 1961 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкаваўся як крытык з 1958. Даследаваў праблемы сучаснай паэзіі, гісторыі і тэорыі бел. вершаскладання («Вершаскладанне, 1977). Кн. «Беларускі верш. Старонкі гісторыі і тэорыі» (1969) — першае ў бел. літ.-знаўстве гісторыка-тэарэт. даследаванне праблем бел. верша. З 1954 выступаў як паэт. Яго паэзіі ўласцівы зварот да маральна-этычных праблем сучаснасці, любоў да роднай зямлі.

Тв.:

Святло зары вячэрняй: Вершы. Мн., 1983;

Верш і мова: (Прабл. тэорыі і гісторыі бел. верша). Мн., 1986.

В.​Ю.​Дэконская.

т. 13, с. 287

РАЛЬКО́ (Уладзімір Антонавіч) (н. 30.7.1922, в. Падарэссе Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гаспадарчы і дзярж. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1958, 1976). У 1950—92 старшыня калгаса «Аснежыцкі» Пінскага р-на. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959—63, дэп., нам. Старшыні Вярх. Савета БССР у 1985—90. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1966—70 і 1974—89. Пад яго кіраўніцтвам у калгасе «Аснежыцкі» дасягнуты высокія паказчыкі ў развіцці земляробства і жывёлагадоўлі, шырока выкарыстоўваліся інтэнсіўныя тэхналогіі, прагрэс. метады гаспадарання і кіравання.

Тв.:

Всего достигнешь, если любишь труд. Мн., 1966;

Оснежицкий поиск. Мн., 1979.

Літ.:

Владимир Ралько / Авт. текста С.​В.​Бородовский. Мн., 1982.

У.А.Ралько.

т. 13, с. 287

РАЛЬЦЭ́ВІЧ (Вікенцій Іванавіч) (н. 20.1.1936, в. Гарбавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. графік, акварэліст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1963). У 1963—70 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Асн. творы: акварэлі «Партрэт студэнткі» (1964), «На Камчатцы» (1967), «Адзінокае дрэва» (1981), «Глыбокая восень», «Лучоса» (абедзве 1982), «Элегія» (1991), «Ран ша ва Ушачах», «Шторм», «Лета», «Вечар» (усе 1999); серыі «Лепшыя людзі Віцебска» (1970), «Дрэвы» (1973—74), «Прасёлкі» (1975—78), «Партрэты сучаснікаў» (1970—80-я г.), «Пейзажы Віцебшчыны» (2001); серыя гравюр паводле аповесці «Мядзведзічы» К.​Крапівы (1963), трыпціх «Заваёўнікі» (1967—68); экзатэрычныя серыі «Абліччы», «Міфы», «Віцебск» (усе 1997—2000); тэмперныя кампазіцыі «Пасля дажджу», «Рэчка» (абедзве 2000). Творам уласцівы шырокае вольнае пісьмо, пластычныя і каларыстычныя абагульненні, дэкаратыўнасць, плаўныя кампазіцыйныя рытмы, паэтыка-сімвалічны характар вобразаў.

М.​Л.​Цыбульскі.

В.Ральцэвіч. Элегія. 1991.

т. 13, с. 287