Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАПА́,

насычаны саляны раствор (расол) у адкрытых прыродных, штучных вадаёмах, падземных пустотах і порах донных адкладаў саляродных азёр. Канцэнтрацыя солей у Р. больш за 50 г/л (паводле класіфікацыі У.​І.​Вярнадскага), дасягае 300—370 г/л. Паводле хім. саставу падзяляецца на 4 гал. тыпы: хларыдны кальцыевы, хларыдны магніевы, сульфатны натрыевы і гідракарбанатны натрыевы. Р. падземнай гідрасферы мае павы шаную канцэнтрацыю брому, ёду, бору, літыю. Выкарыстоўваецца ў прамысл. і мед. мэтах.

т. 13, с. 307

РАПАІ́ТЫ,

у заходнесеміцкай міфалогіі насельнікі царства мёртвых. У міфалагічных паданнях Р. разам з багамі трапезнічаюць і дапамагаюць у рабоце вярх. богу Ілу, а на зямлі разам з жывымі людзьмі робяць ахвярапрынашэнні. Магчыма, Р. называлі таксама катэгорыю жывых людзей, што прайшлі спец. абрад пасвячэння (квазісмерць), які ўраўноўваў іх з насельнікамі царства мёртвых і дазваляў далучацца да тайнаў багоў.

т. 13, с. 307

РАПА́К,

асобная льдзіна на замёрзлым моры, возеры, вадасховішчы, якая стаіць вертыкальна сярод адносна роўнай паверхні або рэзка выступае сярод таросаў.

т. 13, с. 307

РАПАКІ́ВІ (фін. rapakivi ад гара адкіды, гразь + kivi камень; гнілы камень),

парфірападобны двухпалявашпатавы граніт павышанай шчолачнасці. Яго авоідная структура ўтворана буйнымі акруглымі ўкрапаннікамі артаклазу, акаймаванымі алігаклазам, абумоўлівае адносна хуткае разбурэнне пароды. Складаецца з артаклазу (каля 40%), алігаклазу (каля 20%), кварцу (каля 30%), цёмнай слюды (каля 8%) і другарадных мінералаў (каля 2%). Колер буравата-ружовы, чырванаваты, радзей зеленаваты, чорны. Шчыльнасць каля 2,65 г/см³, порыстасць 0,3%, супраціўленне сцісканню 100—200 МПа. З’яўляецца субплатформавым утварэннем, якое ўзнікла ў асацыяцыі з постарагенным магматызмам; буйныя масівы Р. акаймоўваюць стараж. платформы. Выкарыстоўваецца як абліцовачны і бутавы камень, сыравіна для мікраклінавага канцэнтрату.

т. 13, с. 307

РАПАЛЕ́ЎСКІ Ян, Іаан Віцебскі, бел. мастак 18 ст. Аформіў «Ілюстраваны нотны ірмалой» (1741) з віцебскай Іаана-Багаслоўскай царквы і стварыў для яго каля 30 заставак. Уставіў у гэты ж рукапіс створаныя ім у 1700 і 1744 мініяцюры «Нараджэнне Хрыста» і «Дванаццацігадовы Хрыстос у Іерусалімскім храме сярод настаўнікаў», у якіх адышоў ад кананічных схем, выявіў кампазіцыйную здольнасць.

Літ.:

Высоцкая Н.Ф. Материалы к истории станковой живописи Белоруссии XVI—XVIII вв. // Музей: Худож. собр. СССР. М., 1983. Сб. 4.

Н.​Ф.​Высоцкая.

т. 13, с. 307

РАПА́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1922, савецка-германскі дагавор 1922,

падпісаны паміж РСФСР (Г.В.Чычэрын) і Германіяй (К.І.Вірт і В.Ратэнаў) у г. Рапала (Італія) 16 крас. ў час Генуэзскай канферэнцыі 1922. Заключэнню дагавора папярэднічалі двухбаковыя перагаворы ў Маскве ў 1921 і ў Берліне ў крас. 1922. Паводле дагавора аднаўляліся дыпламат. і консульскія адносіны паміж абедзвюма дзяржавамі (былі разарваны пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі), бакі адмаўляліся ад узаемных фін. прэтэнзій (Сав. Расія — ад кампенсацыі ваен. і неваен. страт, нанесеных 1-й сусв. вайной, Германія — ад выплаты ёй даўгоў царскага ўрада і пакрыцця кошту нацыяналізаваных сав. ўладамі герм. прадпрыемстваў), надаваўся статус найб. спрыяння двухбаковым гандл.-эканам. адносінам. Дадатковае сакрэтнае пагадненне да дагавора прадугледжвала супрацоўніцтва герм. узбр. сіл (рэйхсвера) з Чырв. Арміяй (у т. л. вытв-сць і выпрабаванне ў Сав. Расіі ням. зброі), што парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дагавор ратыфікаваны ВЦВК РСФСР 16 мая, герм. рэйхстагам — 4 ліп.; 5.11.1922 яго дзеянне пашырана на інш. сав. рэспублікі, у т. л. БССР. Р.д. стварыў дагаворна-прававую аснову для развіцця паліт., эканам. і культ. сувязей паміж Сав. Расіяй і Германіяй, значна ўмацаваў міжнар. становішча бакоў, у т. л. прарваў іх знешнепаліт. ізаляцыю. Страціў сілу пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР (чэрв. 1941).

Публ.: Советско-германские отношения от переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора. Т. 2. (1919—1922). М., 1971.

Літ.:

Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг). Мн., 1979;

Космач В.А., Романовский Д.В. Советская Беларусь и Германия в 1917—1932 гг.: кампании солидарности, торговля, культурный обмен (уроки истории для современности). Витебск, 2001.

М.​Г.​Жаркоў.

т. 13, с. 307

РАПАНО́ВІЧ (Яўген Нічыпаравіч) (27.9.1929, в. Холма Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 12.12.1987),

бел. мовазнавец, фалькларыст. Скончыў БДУ (1956). Працаваў настаўнікам. З 1960 у «Вучэбна-педагагічным выдавецтве» (з 1964 заг. рэдакцыі), у 1967—70 заг. рэдакцыі ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1971 гал. рэд. выд-ва «Народная асвета», у 1979—82 заг. рэдакцыі ў выд-ве «Навука і тэхніка». Займаўся бел. лексікаграфіяй. Самая грунтоўная лексікаграфічная праца Р. — слоўнікі назваў населеных пунктаў Беларусі па абласцях: Віцебскай (1977), Брэсцкай (1980), Мінскай (1981), Гродзенскай (1982), Магілёўскай (1983), Гомельскай (1986). Складальнік зб. «Беларускія прыказкі, прымаўкі і загадкі» (1958, 2-е выд. 1974), аўтар «Слоўніка фізічных і астранамічных тэрмінаў» (1979, з А.​І.​Болсунам), апавяданняў для дзяцей, перакладаў з інш. моў.

т. 13, с. 308

РАПАНУ́І, Пасхі востраў,

Вялікадня востраў (палінезійская Rapa Nui, ісп. Pascua, англ. Easter Island),

вулканічны востраў ва ўсх. ч. Ціхага ак. Пл. 165,5 км². Належыць Чылі. Нас. каля 2 тыс. чал. (1999). Каля 40% карэнных жыхароў палінезійцы (рапануйцы), моцна метысаваныя, гавораць на рапануйскай мове, якая ўваходзіць у групу палінезійскіх моў; астатнія пераважна чылійцы. Звязаны авіялініяй з г. Сант’яга (Чылі) і в-вам Таіці. Востраў мае форму трохвугольніка, па баках якога ўзвышаюцца вулканы: Рана-Ароі 539 м (вышэйшы пункт в-ва), Катыкі (377 м), Рана-Као (324 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна, складзеная з вулканічных туфаў і базальтаў і ўкрытая травяністай расліннасцю. Берагі скалістыя, цяжкадаступныя. Клімат трапічны. Сярэднія месячныя т-ры 16—23 °C. Ападкаў больш за 1400 мм за год. Расліннасць: пераважна травы, нешматлікія эўкаліпты. Трапічнае земляробства (бататы, цукр. трыснёг, бананы). Рыбалоўства, авечкагадоўля. Адм. цэнтр — пас. Анга-Роа (Ханга-Роа). Рэшткі зніклай культуры палінезійцаў (скульптура, дошчачкі з пісьмёнамі). Адкрыты галандскім мараплаўцам Я.​Рогевенам у 1722 у Вялікдзень (адсюль адна з назваў). Нац. парк Рапануі, які займае ​1/3 вострава, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 13, с. 308

РАПА́НЫ (Rapana),

род марскіх пярэдняшчэлепных малюскаў сям. пурпуровых смаўжоў. 3 віды. Пашыраны ў морах Д.​Усходу. Від Р. тамазіяна (R. thomasiana, або R. venosa) занесена ў Чорнае м., адкуль пашыраецца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага мора.

Ракавіна даўж. да 22 см, шырокаавальнай формы, шаравата-карычняватая, са спіральнымі рэбрамі. Сіфон кароткі, вусце шырокае, часта ярка афарбаванае (белае, жоўтае, аранжавае). Драпежнікі. Выдзяленні гіпабранхіяльнай залозы ядавітыя для двухстворкавых малюскаў (вустрыц, мідый), якімі Р. кормяцца. Раздзельнаполыя.

Ракавіна рапаны тамазіяны.

т. 13, с. 308

РАПАПО́РТ (Павел Аляксандравіч) (29.6.1913, С.-Пецярбург — 11.9.1988),

рускі археолаг, гісторык архітэктуры. Д-р гіст. н. (1965). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). Працаваў у Ленінградскім аддз. Ін-та археалогіі АН СССР (1939—88). Выкладаў гісторыю архітэктуры у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры Акадэміі мастацтваў СССР. Даследаваў праблемы гісторыі і археалогіі манум. архітэктуры Кіеўскай Русі і Маскоўскай дзяржавы. Даследаваў 12 помнікаў архітэктуры Беларусі часоў сярэдневякоўя; абследаваў некалькі дзесяткаў гарадзішчаў на тэр. стараж. Турава-Пінскай і Полацкай зямель і ў гарадах т. зв. Чорнай Русі, археалагічна вывучыў канструкцыю абарончых збудаванняў больш як 10 гарадзішчаў на тэр. Беларусі, у т. л. абарончыя збудаванні стараж. Ваўкавыска, Навагрудка, гарадзішча Турэцкая горка каля Слоніма і інш.

Тв.:

Раскопки в Волковыске в 1959 г. // Сов. археология. 1963. № 1;

Полоцкое зодчество XII в. // Там жа. 1980. № 3;

Памятники культуры: Новые открытия, 1979. Л., 1980 (у сааўт.);

Новые данные об архитектуре древнего Гродно // Древнерусское искусство: Худож. культура X—первой пол. XIII в. М., 1988.

А.​А.​Трусаў.

т. 13, с. 308