Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РА́У ((Rau) Іаганес) (н. 16.1.1931, г. Вуперталь, Германія),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў школу кніжнага гандлю ў г. Кёльн (1952). З 1952 чл. Агульнагерм. нар. партыі, у 1957 перайшоў у С.-д. партыю Германіі (СДПГ). З 1958 дэп. ландтага зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. З 1969 обер-бургамістр Вуперталя, з 1970 міністр навукі, у 1978—98 прэм’ер-міністр зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Кандыдат у федэральныя канцлеры на выбарах 1987 і ў федэральныя прэзідэнты ФРГ на выбарах 1994. Старшыня парт. арг-цыі СДПГ у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія (з 1977), нам. федэральнага старшыні СДПГ (1982 — чэрв. 1999). З ліп. 1999 федэральны прэзідэнт ФРГ.

І.Рау.

т. 13, с. 373

РАУ́ЛЬ ((Raoult) Франсуа Мары) (10.5.1830, Фурн-ан-Веп, Францыя — 1 4.1901),

французскі хімік і фізік Чл.-кар. Парыжскай АН (1890). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1899). Вучыўся ў Парыжскім ун-це. З 1853 выкладаў у розных ліцэях. З 1867 у Грэнобльскім ун-це (з 1870 праф.). Навук. працы па электра- і тэрмахіміі, аналіт. хіміі, даследаванні раствораў. Устанавіў законы, названыя яго імем (гл. Рауля законы), распрацаваў метад крыяскапіі. Аўтар манаграфіі «Крыяскапія» (1901).

Літ.:

Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975. С. 404.

т. 13, с. 373

РАУ́ЛЯ ЗАКО́НЫ,

колькасныя залежнасці, якія звязваюць канцэнтрацыю раствору з ціскам насычанай пары растваральніку над растворам ці са зменай т-ры кіпення (замярзання) раствору. Сфармуляваныя Ф.​М.​Раулем у 1882—88 пры даследаванні ўласцівасцей разбаўленых раствораў.

Паводле аднаго з Р.з. адноснае паніжэнне парцыяльнага ціску пары растваральніку над растворам роўнае малярнай долі растворанага рэчыва (xB) : (pA0 − pA)/pA0 = xB, дзе рА — парцыяльны ціск растваральніку, pA0 — ціск насычанай пары чыстага растваральніку. Растворы, для якіх гэты закон выконваецца пры ўсіх канцэнтрацыях для абодвух кампанентаў, наз. ідэальнымі. Паводле 2 інш. Р.з. павышэнне т-ры кіпення ці паніжэнне т-ры замярзання раствору ў параўнанні з адпаведнымі т-рамі для чыстага растваральніку прама прапарцыянальна канцэнтрацыі растворанага рэчыва (гл. Эбуліяскапія, Крыяскапія). Растворы электралітаў не падпарадкоўваюцца Р.з., што абумоўлена электралітычнай дысацыяцыяй.

т. 13, с. 373

РА́УТ (англ. rout зброд),

урачысты званы вечар, прыём у свецкіх колах (устарэлае); таксама незаконнае зборышча, якое ўчыняе якія-н. дзеянні (юрыдычнае).

т. 13, с. 374