Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАД,

пазасістэмная адзінка паглынутай дозы выпрамянення. Абазначаецца рад. 1 рад роўны паглынутай дозе выпрамянення, пры якой 1 кг апрамененага рэчыва паглынае энергію 0,01 Дж. Найменне адзінкі «рад» (англ. rad) паходзіць ад пачатковых літар выразу Radiation absorbed dose — паглынутая доза выпрамянення. 1 рад = 0,01 Гр (гл. Грэй).

т. 13, с. 203

РАД у матэматыцы,

гл. Шэраг у матэматыцы.

т. 13, с. 203

РА́ДА,

орган мясц. самакіравання ў гарадах ВКЛ з магдэбургскім правам. Гл. таксама Магістрат.

т. 13, с. 203

РАДАВО́Д,

пералік пакаленняў аднаго роду, які ўстанаўлівае паходжанне і ступень роднасці. Гл. Радаводныя кнігі.

т. 13, с. 204

РАДАВО́ДНЫЯ КНІ́ГІ ў Расіі,

рукапісныя, пазней друкаваныя зводы радаводаў (генеалагічных запісаў пра паходжанне, роднасныя сувязі і службу продкаў) сем’яў свецкіх феадалаў Рас. дзяржавы, якія складаліся з 1540-х г. У 16—17 ст. утрымлівалі радаводы княжацкіх і баярскіх родаў, чые прадстаўнікі займалі вышэйшыя пасады ў дзярж. і ваен. апараце. Найб. вядомы «Гасудараў радасловец» 1555—56. Пасля адмены месніцтва ў 1682 створана Палата радаводных спраў для складання Р.к. рас. дваранства. Гэтая палата шляхам дапаўнення «Гасударава радаслоўца» стварыла Аксамітную кнігу. Пасля выдання Даравальнай граматы дваранству 1785 дваранскія сходы губерняў, у т. л. беларускіх, складалі Р.к. па сваіх губернях. У іх запісвалі дваран, якія валодалі ў губерні нерухомасцю; тых, чые продкі валодалі на тэр. губерні маёнткамі; асоб, якія мелі выслужанае дваранства і дваранства замежнага паходжання (у любой губерні па жаданні). Губ. Р.к. падзяляліся на 6 частак. У 1-ю частку запісвалі роды сапраўднага (пачатак радаводу не раней за 1685) і набілітаванага дваранства; у 2-ю — роды выслужанага дваранства ваеннай службай; у 3-ю — роды выслужанага дваранства цывільнай службай або атрыманнем ордэна, які прыносіў дваранскі статус; у 4-ю — роды замежнага паходжання; у 5-ю — тытулаваныя роды; у 6-ю — стараж. дваранскія роды, чый радавод пачынаўся раней 1685. З сярэдзіны 19 ст. асобныя аўтары складалі Р.к. рас. княжацкіх і дваранскіх родаў, якія ў адрозненне ад традыц. Р.к. былі не справаводнымі дакументамі, а навук. даследаваннямі.

У.​М.​Вяроўкін-Шзлюта.

т. 13, с. 204

РАДАВЫ́,

першаснае воінскае званне ва ўзбр. сілах многіх дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Прысвойваецца асобам, прызваным на абавязковую тэрміновую ваенную службу (салдатам) адначасова з залікам іх у спісы часці. За сумленнае выкананне службовых абавязкаў лепшым Р. можа быць прысвоена званне яфрэйтар. У ВМФ шэрагу дзяржаў званню Р. адпавядае званне матрос.

т. 13, с. 204

РАДАДЭ́НДРАН (Rhododendron),

род кветкавых раслін сям. верасовых. Больш за 600 (па інш. звестках да 1300) відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від Р. жоўты (Rh. luteum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў падлеску хваёвых лясоў, утварае зараснікі. З інтрадукаваных відаў найб. пашыраны Р.: даурскі (Rh. dahuricum), Ледэбура (Rh. ledebourii) і японскі (Rh. japonicum). Шмат сартоў і садовых форм вырошчваецца ў парках, альпінарыях, аранжарэях і пакоях (азаліі).

Вечназялёныя і лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнае. Кветкі буйныя, часта яркія, у шчыткападобных або парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Некат. віды — меданосы, але іх мёд часта мае таксічнае ўздзеянне. Дэкар. расліны.

Рададэндран жоўты.

т. 13, с. 204

РА́ДАМ (Radom),

горад у цэнтр. ч. Польшчы, у Мазавецкім ваяводстве. Каля 250 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Значны прамысл. цэнтр. Прам-сць: маш.-буд. (швейныя і пішучыя машынкі, тэлефоны і інш.), хім., гарбарна-абутковая, шкляная, харч. і харчасмакавая. Арх. помнікі 14—18 ст.

У раннім сярэднявеччы Р. знаходзіўся на гандл. шляху з Русі і ВКЛ ў Малапольшчу і Сілезію. Упершыню згадваецца ў 1155. Гар. права да 1350. З 15 ст. развіваўся як рамесніцкі цэнтр і месца з’ездаў шляхты. Тут была прынята Радамская канстытуцыя 1505. У 1767 у Р. паводле ініцыятывы рас. пасла М.​Рапніна створана ген. Радамская канфедэрацыя пад кіраўніцтвам К.С.Радзівіла, скіраваная супраць караля і прыхільнікаў рэформ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) пад уладай Аўстра-Венгрыі. З 1809 у складзе Варшаўскага герцагства, з 1815 — Польскага Каралеўства, з 1843 — Радамска-Келецкай (з 1867 Радамскай) губ. У 1939 акупіраваны ням. фашыстамі. Вызвалены ў 1945 войскамі 1-га Бел. фронту. У 1975—99 адм. цэнтр Радамскага ваяводства.

т. 13, с. 204

РА́ДАМЛЬСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. паміж вёскамі Радамля і Аляксандраўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл. Археал. даследаванні даюць падставу меркаваць, што ў замку было не менш як 4 вежы: уязная вежа-брама, баявая вежа на грэбенепадобным вале з Пн, 2 вежы размяшчаліся па перыметры сцен. Праз невял. «брамку-фортку» ў тоўшчы абарончых сцен быў выхад з замка да ракі. У 14—17 ст. драўляныя абарончыя сцены ставіліся тут на вале ў выглядзе вастракола і традыц. гародняў, абмазаных глінай. У паўднёвай, найб. ахаванай частцы замка, быў стараж. калодзеж, неабходны на час аблогі. 12.9.1527 замак «з дворы и бояры, и их именьи, и з селы» былі падараваны вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам I Старым кн. М.​І.​Жаслаўскаму. У 1535 у час аблогі Р.з. моцна пацярпеў, але быў адноўлены. На працягу 1552—65 для пастаяннага гарнізона ў замак прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 тут фарміраваўся бел. казацкі полк К.​Паклонскага, пазней размяшчаліся часці казакоў Нежынскага палка. Важнай ролі ў вайне Р.з. не адыгрываў і пасля 17 ст. ў гіст. крыніцах не ўпамінаецца.

т. 13, с. 205

РА́ДАМЛЯ,

вёска ў Жаліўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Радуча. Цэнтр калгаса. За 20 км на Пн ад горада і 24 км ад чыг. ст. Чавусы, 61 км ад Магілёва. 334 ж., 102 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

На думку некат. даследчыкаў, Р. — стараж. горад радзімічаў. У 1527 тут знаходзіўся Радамльскі замак, які быў аддадзены кн. Жаслаўскаму, у 1580 — дзярж. ўласнасць (паводле інш. звестак Р. ў 16 ст. — мястэчка ў Мсціслаўскім пав. ВКЛ, належала кн. Мсціслаўскім). У 1539—1770 цэнтр староства, у 1764 у Мсціслаўскім ваяв., дзярж. ўласнасць. З 1772 у Рас. імперыі. У 1797 у Р. была рэзідэнцыя Мсціслаўскага кармеліцкага кляштара. У 1849 сяло, 73 ж., 10 двароў, карчма, млын. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 162 ж., 25 двароў, 2 царквы, касцёл, заезны дом, з 1883 школа. У 1897 — 157 ж., у 1909 — 230 ж. У 1924—54 цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну ў 1944 ням. фашысты спалілі вёску і загубілі 21 жыхара.

т. 13, с. 205