Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РА́СА (франц. race род, парода) у біялогіі, група арганізмаў, якая адасобілася ўнутры віду або падвіду ў экалагічных, марфал. або геагр. адносінах. Асобіны, што складаюць Р., маюць падобныя морфафізіял. і экалагічныя асаблівасці, аб’яднаны раёнам размяшчэння, які складае ч. арэала віду ці падвіду. Часта розныя Р. трапляюцца ў адным і тым жа месцы, але адрозніваюцца па ўмовах існавання (экалагічная Р.). Напр., у раслін паяўляюцца Р. альпійскага тыпу, ксераморфнага, ценявога; у жывёл — сезонныя Р. ракападобных і інш. У паразітаў Р. адрозніваюцца функцыян. прыстасаванасцю (спецыялізацыяй) да пэўных гаспадароў — раслін ці жывёл. У іхтыялогіі тэрмін «Р.» абазначае мясц. папуляцыі (чароды) рыб. Часам геагр. Р. атаясамліваюць з падвідам. Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да парод свойскіх жывёл.

т. 13, с. 310

РАСА́,

атмасферныя ападкі ў выглядзе кропель вады, якія асаджаюцца пры дадатнай тэмпературы на паверхні зямлі, раслін, наземных прадметаў вечарам, ноччу ці раніцай. Утвараецца ў выніку ахаладжэння паветра і кандэнсацыі вадзяной пары на асобных паверхнях, т-ра якіх апускаецца ніжэй пункту расы ў выніку страты цяпла выпраменьваннем. Утварэнню Р. спрыяе яснае надвор’е і слабы вецер. Колькасць ападкаў пры Р. невялікая (каля 0,1—0,3 мм за ноч). На Беларусі за год бывае 80—120 сут з Р. (у крас.ліст.).

т. 13, с. 310

РАСА́ДА,

маладыя расліны, якія вырошчваюць у ахоўным грунце для перасадкі на пастаяннае месца. Выкарыстоўваюць у агародніцтве, кветкаводстве, пладаводстве, лесаводстве і інш.

Дае магчымасць скараціць перыяд вегетацыі раслін у адкрытым грунце, атрымліваць раннія і высокія ўраджаі агародніны (на 2—3 месяцы раней, чым пры сяўбе насеннем), культываваць познаспелыя агароднінныя расліны ў раёнах з кароткім летам, эканоміць пасяўны матэрыял (у 3—5 разоў). Дадатковае м. асвятленне Р. паскарае плоданашэнне і павышае ўрадлівасць. На Беларусі расадным метадам вырошчваюць памідоры, капусту, баклажаны, перац струкавы і інш.

т. 13, с. 310

РАСАДАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для пасадкі ў адкрыты грунт расады гароднінных, тэхн. (тытунь), эфіраалейных культур, чаранкоў пладова-ягадных культур і вусоў суніцы. Бываюць навясныя і прычапныя, 2-, 4- і 6-радковыя.

Маюць пасадачныя секцыі (апараты), сашнікі, каткі, паліўную сістэму, механізм прывода, стэлажы для расады і інш. У працэсе работы Р.м. ўтварае ў глебе баразну, падае ў яе расаду і ваду, закрывае каранёвую частку глебай і ўшчыльняе яе вакол расліны. Пашыраны 6-радковыя Р.м. з шырынёй захопу да 4,2 м. Для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод выкарыстоўваюць лесапасадачныя машыны.

В.​М.​Кандрацьеў.

Расадапасадачная машына: 1 — стэлаж для расады; 2 — бак з вадой; 3 — эжэктар; 4 — палівачнае прыстасаванне; 5 — высаджвальны апарат; 6 — тэнт; 7 — каток; 8 — сашнік.

т. 13, с. 310

РАСАЛА́Й,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 25 км на ПнЗ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,69 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 580 м, даўж. берагавой лініі 3,66 км. Пл. вадазбору 4,13 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя. Берагі забалочаныя. Дно сапрапелістае. Выцякае р. Глыбачка.

т. 13, с. 310

РАСАМА́ХА (Gulo.gulo),

млекакормячае сям. куніцавых атр. драпежных звяроў. Адзіны від роду. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў тайзе, лесатундры, трапляецца ў тундры. На Беларусі Р. вадзілася да пач. 19 ст.

Даўж. цела да 105 см, хваста да 23 см, маса да 32 кг. Поўсць грубая, доўгая, рыжа- ці карычнева-бурая. Ад асновы хваста па баках цела шырокая рыжаватая ці жоўтая паласа. На лбе, шыі, грудзях белаватыя плямы. Ногі кароткія, масіўныя, хвост кудлаты. Мае каля хваста парныя спецыфічныя скурныя залозы, сакрэт якіх выпырсквае на адлегласць да 3 м. Драпежнік. Нараджае 2—3 (зрэдку да 5) дзіцянят двойчы за год. Аб’ект палявання.

Расамаха.

т. 13, с. 310

РАСАМА́ЧЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда, за 10 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 0,48 км², даўж. больш за 2 км, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 6,2 м, даўж. берагавой лініі 4,76 км. Пл. вадазбору 4,17 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м, на Пн участкамі невыразныя, параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пн тарфяныя, на З і Пд зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае, у паўн.зах. заліве сапрапелістае. Зарастае слаба. Выцякае ручай у р. Нешчарда.

т. 13, с. 311

РАСА́РЫО (Rosario),

Расарыодэ-Санта-Фе (Rosario de Santa Fe), горад на У Аргенціны, на р. Парана. Засн. ў 1730. 1278 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, у т. л. Панамерыканскай шашы. Аэрапорт. Рачны порт даступны для марскіх суднаў. Прам-сць: металургічная, маш.-буд., мясахоладабойная, мукамольная, цукровая, гарбарна-абутковая, дрэваапр., цэментная. Нац. ун-т. Музеі.

т. 13, с. 311

РАСА́СЕНКА,

рака ў Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дняпро. Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 271 км². Пачынаецца за 1 км на У ад в. Пішчыкі, вусце на паўн. ускраіне в. Расасна. Цячэ па зах. схілах Смаленскага ўзв. Даліна трапецападобная, шыр. 1—2 км. Рэчышча ў вярхоўі на працягу 2,4 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, шыр. 5—7 м, у ніжнім цячэнні да 10 м. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 13, с. 311

РАСА́СНА,

вёска ў Маласавінскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Расасенка. Цэнтр калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Дуброўна, 109 км ад Віцебска, 25 км ад чыг. ст. Асінаўка. 287 ж., 106 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

Вядома з 16 ст. як уладанне Глябовічаў у Аршанскім пав. ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскага, потым Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897 у мястэчку 1023 ж., 167 двароў, царк.-прыходская школа, 2 драўляныя царквы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, млын, 3 кузні, 7 крам, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Дубровенскага р-на Аршанскай акр., 1071 ж., 184 двары. У 1940 вёска, 1800 ж., 345 двароў. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ў кастр. 1943 спалілі вёску, загубілі 343 яе жыхары. З 1960 у Маласавінскім с/с. У 1962—65 у Аршанскім р-не. У 1963—290 ж., 102 двары.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 311