РАСАМА́ХА (Gulo.gulo),

млекакормячае сям. куніцавых атр. драпежных звяроў. Адзіны від роду. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў тайзе, лесатундры, трапляецца ў тундры. На Беларусі Р. вадзілася да пач. 19 ст.

Даўж. цела да 105 см, хваста да 23 см, маса да 32 кг. Поўсць грубая, доўгая, рыжа- ці карычнева-бурая. Ад асновы хваста па баках цела шырокая рыжаватая ці жоўтая паласа. На лбе, шыі, грудзях белаватыя плямы. Ногі кароткія, масіўныя, хвост кудлаты. Мае каля хваста парныя спецыфічныя скурныя залозы, сакрэт якіх выпырсквае на адлегласць да 3 м. Драпежнік. Нараджае 2—3 (зрэдку да 5) дзіцянят двойчы за год. Аб’ект палявання.

Расамаха.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)