Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РА́ЦІ (стараж.-інд. — задавальненне, асалода),

у міфалогіі індуізму багіня любоўнай асалоды, жонка бога кахання Камы. Паводле міфа, калі адзін з вярх. багоў Шыва спапяліў Каму, Р. звярнулася з упрошваннямі да яго жонкі Парваці і Шыва адрадзіў Каму ў выглядзе нованароджанага сына Крышны Прад’юмны. Р. ў абліччы смяротнай жанчыны вырасціла Каму, паведаміла яму пра іх былыя шлюбныя вузы і зноў стала яго жонкай.

т. 13, с. 382

РАЦІ́Н (франц. ratine),

тоўстая мяккая шарсцяная тканіна з кароткімі завіткамі густога ворсу на паверхні. Выкарыстоўваюць для пашыву вопраткі.

т. 13, с. 382

РА́ЦІЧЫ,

вёска ў Гродзенскім р-не, на аўтадарозе Гродна—Сапоцкін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнЗ ад горада і 17 км ад чыг. ст. Гродна. 492 ж., 187 двароў (2001). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 13, с. 382

РАЦЛАВІ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1794,

першая буйная бітва ў час паўстання 1794 у Польшчы, Літве і на Беларусі. Адбылася 4.4.1794 каля в. Рацлавіцы пад Кракавам. У ёй паўстанцы пад камандаваннем Т.​Касцюшкі (4100 чал. рэгулярнага войска з 12 гарматамі і 2 тыс. сялян-касінераў) перамаглі рас. войска пад камандаваннем ген. А.​П.​Тармасава (каля 3 тыс. чал. з 12 гарматамі). У бітве Касцюшка ўпершыню ў паўстанні паспяхова выкарыстаў у змаганні з рэгулярным войскам атрады касінераў — сялян-добраахвотнікаў, узброеных косамі. Перамога ў бітве садзейнічала пашырэнню паўстання на інш. тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 13, с. 382

РАЦЫРА́КА ((Ratsiraka) Дзідзье) (н. 4.11.1936, Ватамандры, Мадагаскар),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Мадагаскара. Скончыў Ін-т інжынераў сувязі і вышэйшае ваен.-марское вучылішча ў Тулоне (Францыя, 1969). Адмірал. Служыў у ВМФ, быў ваен. аташэ пры мадагаскарскім пасольстве ў Францыі. У 1972—75 міністр замежных спраў Мадагаскара. У выніку дзярж. перавароту з чэрв. 1975 старшыня Вярх. Рэв. Савета, са снеж. 1975 прэзідэнт Мадагаскара. З 1976 ген. сакратар партыі Авангард малагасійскай рэвалюцыі. Абвясціў сваёй мэтай пабудову на Мадагаскары сацыяліст. грамадства. Праводзіў палітыку супрацоўніцтва з СССР і інш. сацыяліст. краінамі. Пад націскам нар. выступленняў быў вымушаны правесці ў 1993 свабодныя прэзідэнцкія выбары, на якіх прайграў прадстаўніку апазіцыі. У лют. 1997 зноў абраны прэзідэнтам Мадагаскара.

т. 13, с. 382

РА́ЦЫЯ (польск. racja ад лац. ratio розум),

разумная падстава, слушнасць, перакананне ў чыіх-небудзь грунтоўных развагах і прынятых рашэннях (напр., «маеце рацыю»).

т. 13, с. 382

РА́ЦЫЯ [ад ра(дыё) + (стан)цыя],

тое, што пераносная радыёстанцыя.

т. 13, с. 382

РАЦЫЯНАЛІЗА́ТАРСКАЯ ПРАПАНО́ВА,

тэхнічнае рашэнне па новай і карыснай змене канструкцыі ці матэрыялу вырабаў, тэхналогіі вытв-сці і тэхнікі, якія выкарыстоўваюцца, і інш. У адрозненне ад вынаходства з’яўляецца прапановай па ўдасканаленні і больш рацыянальным выкарыстанні ўжо вядомых тэхн. сродкаў. Аўтар Р.п. мае права на аўтарства, узнагароду і інш. правы і льготы, прадугледжаныя заканадаўствам. Гл. таксама Вынаходніцкае права, Вынаходніцтва.

т. 13, с. 382

РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),

філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.​Лейбніца, разумнае «Я» ў І.​Фіхтэ, панлагізм Г.​Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.​Дэкартам, Лейбніцам, Б.​Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.​Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.​Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.​Вебера, Ю.​Хабермаса, Т.​Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст. тэалагічны Р. (Э.​Жыльсон, Ж.​Марытэн, К.​Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.

Літ.:

Кант И. Критика чистого разума // Соч. М., 1964. Т. 3;

Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;

Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993;

Декарт Р. Соч. Т. 1—2. М., 1989—94.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 13, с. 382

РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ у архітэктуры,

сукупнасць арх. кірункаў 1-й пал. 20 ст., якія арыентаваліся на асваенне дасягненняў сучаснай навукі і тэхнікі. У шырокім сэнсе Р. часам атаясамліваюць з паняццем «сучасная архітэктура». Асн. яго прынцыпы пачалі складвацца ў канцы 19 ст. (арх. Л.​Салівен у ЗША, Х.​П.​Берлаге ў Нідэрландах, А.​Лоз у Аўстрыі, А.​Перэ ў Францыі і інш). Развіццю Р. ў 1920—30-я г. спрыялі ідэі і творчасць арх. Ле Карбюзье ў Францыі, В.​Гропіуса і арх. школы «Баўгауз» у Германіі (гл. Функцыяналізм), работы сав. архітэктараў і арх. школы вышэйшых маст.-тэхн. ін-та ў Ленінградзе і маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Ідэі Р. ляглі ў аснову дзейнасці Міжнар. кангрэса сучаснай архітэктуры (1928—59) і т.зв. Афінскай хартыі (1933), якія сфармулявалі прынцыпы сучаснага горадабудаўніцтва. У 1950-я г. лідэры Р. ў ЗША (Л.​Міс ван дэр Роэ, Э.​Саарынен, фірма «СОМ») і Еўропе (Дж.​Понці ў Італіі, Э.​Аерман у Германіі) распрацавалі універсальныя формы будынкаў т.зв. інтэрнац. стылю, разлічаныя на размяшчэнне ў іх жылых, дзелавых, вытв. і інш. інтэр’ераў. Расчараванне ў дагматызме і утапічнасці позняга Р., крытыка яго аднастайнасці, ігнаравання мясц. умоў і традыцый прывялі да змены Р. на новыя кірункі (бруталізм, неакласіцызм, постмадэрнізм). У СССР рацыяналістамі называлі сябе чл. Асацыяцыі новых архітэктараў (М.​Ладоўскі, В.​Крынскі, К.​Мельнікаў, бел. архітэктар І.​Валадзько і інш.), якія шукалі вобразную выразнасць у творчым асэнсаванні новых канструкцый і матэрыялаў.

Літ.:

Хан-Магомедов С.О. Архитектура советского авангарда. М., 1996.

С.​А.​Сергачоў.

т. 13, с. 383