РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ у архітэктуры,
сукупнасць арх. кірункаў 1-й пал. 20 ст., якія арыентаваліся на асваенне дасягненняў сучаснай навукі і тэхнікі. У шырокім сэнсе Р. часам атаясамліваюць з паняццем «сучасная архітэктура». Асн. яго прынцыпы пачалі складвацца ў канцы 19 ст. (арх. Л.Салівен у ЗША, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах, А.Лоз у Аўстрыі, А.Перэ ў Францыі і інш). Развіццю Р. ў 1920—30-я г. спрыялі ідэі і творчасць арх. Ле Карбюзье ў Францыі, В.Гропіуса і арх. школы «Баўгауз» у Германіі (гл. Функцыяналізм), работы сав. архітэктараў і арх. школы вышэйшых маст.-тэхн. ін-та ў Ленінградзе і маст.-тэхн. майстэрняў у Маскве. Ідэі Р. ляглі ў аснову дзейнасці Міжнар. кангрэса сучаснай архітэктуры (1928—59) і т.зв. Афінскай хартыі (1933), якія сфармулявалі прынцыпы сучаснага горадабудаўніцтва. У 1950-я г. лідэры Р. ў ЗША (Л.Міс ван дэр Роэ, Э.Саарынен, фірма «СОМ») і Еўропе (Дж.Понці ў Італіі, Э.Аерман у Германіі) распрацавалі універсальныя формы будынкаў т.зв. інтэрнац. стылю, разлічаныя на размяшчэнне ў іх жылых, дзелавых, вытв. і інш. інтэр’ераў. Расчараванне ў дагматызме і утапічнасці позняга Р., крытыка яго аднастайнасці, ігнаравання мясц. умоў і традыцый прывялі да змены Р. на новыя кірункі (бруталізм, неакласіцызм, постмадэрнізм). У СССР рацыяналістамі называлі сябе чл. Асацыяцыі новых архітэктараў (М.Ладоўскі, В.Крынскі, К.Мельнікаў, бел. архітэктар І.Валадзько і інш.), якія шукалі вобразную выразнасць у творчым асэнсаванні новых канструкцый і матэрыялаў.
Літ.:
Хан-Магомедов С.О. Архитектура советского авангарда. М., 1996.
С.А.Сергачоў.
т. 13, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)