РАПАНУ́І, Пасхі востраў,
Вялікадня востраў (палінезійская Rapa Nui, ісп. Pascua, англ. Easter Island),
вулканічны востраў ва ўсх. ч. Ціхага ак. Пл. 165,5 км². Належыць Чылі. Нас. каля 2 тыс. чал. (1999). Каля 40% карэнных жыхароў палінезійцы (рапануйцы), моцна метысаваныя, гавораць на рапануйскай мове, якая ўваходзіць у групу палінезійскіх моў; астатнія пераважна чылійцы. Звязаны авіялініяй з г. Сант’яга (Чылі) і в-вам Таіці. Востраў мае форму трохвугольніка, па баках якога ўзвышаюцца вулканы: Рана-Ароі 539 м (вышэйшы пункт в-ва), Катыкі (377 м), Рана-Као (324 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна, складзеная з вулканічных туфаў і базальтаў і ўкрытая травяністай расліннасцю. Берагі скалістыя, цяжкадаступныя. Клімат трапічны. Сярэднія месячныя т-ры 16—23 °C. Ападкаў больш за 1400 мм за год. Расліннасць: пераважна травы, нешматлікія эўкаліпты. Трапічнае земляробства (бататы, цукр. трыснёг, бананы). Рыбалоўства, авечкагадоўля. Адм. цэнтр — пас. Анга-Роа (Ханга-Роа). Рэшткі зніклай культуры палінезійцаў (скульптура, дошчачкі з пісьмёнамі). Адкрыты галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам у 1722 у Вялікдзень (адсюль адна з назваў). Нац. парк Рапануі, які займае 1/3 вострава, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
т. 13, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)