РАЛА́Н ((Rolland) Рамэн) (29.1.1866, г. Кламсі, Францыя — 30.12.1944),
французскі пісьменнік, музыказнавец. Ганаровы чл.АНСССР (з 1932). Вучыўся ў Вышэйшай нармальнай школе ў Парыжы (1886—89), з 1897 праф. гэтай школы. У 1895 абараніў доктарскія дысертацыі па музыцы і жывапісе. У 1903—12 праф. Сарбоны. Знаходзіўся пад уплывам Л.Талстога і перапісваўся з ім. У творчасці аддаваў перавагу маштабным гіст. падзеям і гіст. асобам. Першыя драмы «Святы Людовік» (1897), «Аэрт» (1898) разам з п’есай «Надыдзе час» (1903) склалі цыкл «Трагедыі веры». Стварыў драм. цыкл «Тэатр рэвалюцыі» пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст.: «Ваўкі» (1898), «Трыумф розуму» (1899), «Дантон» (1900), «14 ліпеня» (1902), «Гульня кахання і смерці» (1925), «Вербная нядзеля» (1926), «Леаніды» (1927), «Рабесп’ер» (1939). Свае погляды на мастацтва і яго ролю ў грамадскім жыцці выклаў у тэарэт. даследаванні «Народны тэатр» (1903) і цыкле «Гераічныя жыцці» («Жыццё Бетховена», 1903; «Жыццё Мікеланджэла», 1906; «Жыццё Талстога», 1911). Ідэйна-эстэт. погляды Р.-рэаліста найб. ярка адлюстраваны ў рамане-эпапеі «Жан-Крыстоф» (т. 1—10, 1904—12), у якім шырокая панарама жыцця Францыі і Германіі ў канцы 19 — пач. 20 ст., лёс мастака ў тагачасным грамадстве. Узаемаадносіны мастака і народа ў цэнтры аповесці «Кала Бруньён» (1914, апубл. 1919). Антываен. матывы характэрны для драм. сатыры «Лілюлі» (1919), рамана «Клерамбо», лірычнай аповесці «П’ер і Люс» (абодва 1920). Раман «Зачараваная душа» (т. 1—4, 1922—33) пра лёс еўрап. інтэлігенцыі. Аўтар шматлікіх кніг пра л-ру і мастацтва, зб-каў публіцыстыкі, мемуараў. Яго творы адметныя вастрынёй маральна-этычных і сац.-паліт. канфліктаў, манументальнасцю вобразаў, дынамізмам сюжэтаў. Да традыцыі Р. звярталіся Р.Мартэн дзю Гар, Ж.Р.Блок, Л.Арагон і інш. На сюжэт аповесці «Кала Бруньён» Дз.Кабалеўскі напісаў оперу «Майстар з Кламсі» (1938). У Бел.дзярж. т-ры пастаўлены спектакль «Ваўкі» (1923). На бел. мове надрук. ўрыўкі з аповесці «Кала Бруньён» (1936, пер. Я.Скрыгана), з рамана «Жан-Крыстоф» (1938), арт. «Застольныя гутаркі з Бетховенам» (1937). Нобелеўская прэмія 1915.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—14. М., 1954—58;
Соч.Т. 1—9. М. 1974.
Літ.:
Балахонов В.Е. Ромен Роллан и его время: Ранние годы. Л., 1972;
Ромен Роллан, 1866—1966: По материалам юбилейной сессии. М., 1968;
Мотылева Т.Л. Ромен Роллан. М., 1969;
Урицкая Б.С. Ромен Роллан — музыкант. 2 изд. Л.;
М., 1974;
Анисимов И.И. Французская классика со времен Рабле до Ромена Роллана. М., 1977;