РАШЧЫ́НСКІ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 2.4.1949, г. Лагойск Мінскай вобл.),
бел. кампазітар, збіральнік бел. песенна-танц. фальклору. Скончыў Дзярж. муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1975, кл. хар. дырыжыравання), Бел. кансерваторыю (1984, кл. кампазіцыі Я.Глебава). З 1973 выкладае (з перапынкамі) у Мінскім муз. каледжы імя Глінкі. У 1976—79 муз. кіраўнік і артыст аркестра ансамбля «Харошкі», у 1989—94 маст. кіраўнік і артыст гурта «Купалінка» пры Белдзяржфілармоніі. Найб. плённа працуе ў жанры нар.-харавой кампазіцыі. Творам уласцівы нац. характарнасць, дэмакратызм, адраджэнне традыцый нар. выканальніцтва. Сярод твораў: сімфонія (1983), араторыя «Смутак памяці» на вершы бел. паэтаў (1984), кантата «Дзіцячыя песні» на нар. словы (1982), канцэрт для цымбалаў і арк. бел. нар. інструментаў (1986), сюіты для сімф. арк. (1985), нар. інструментаў у 3 ч. (1986) і «Калядныя ігрышчы» (1989), канцэртная фантазія «З рога ўсяго многа» (1987), музыка для хору і інш. Збірае і апрацоўвае бел. песенна-танц. фальклор. Укладальнік зб-каў песенна-муз. нар. творчасці розных рэгіёнаў Беларусі: «Беларускія народныя танцавальныя песні» (1988), «Танцавальная музыка Беларусі: Народныя танцы радзімы Якуба Коласа» (1992), «Мелодыі Гарыні і Убарці» (ч. 1—2, 1993) і інш. Лаўрэат Усесаюзных (1977. 1983) і Рэсп. (1980) конкурсаў артыстаў эстрады.
Т.Г.Мдывані.
т. 13, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)