РАША́ЛЬ (Рыгор Львовіч) (21.10.1898, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 11.1.1983),
расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. СССР (1967). З 1919 арганізатар і рэжысёр дзіцячых тэатр. відовішчаў. З 1921 у Маскве, вучыўся ў Дзярж. вышэйшай рэжысёрскай майстэрні, быў дырэктарам і маст. кіраўніком майстэрні Пед. т-ра, выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі. З 1925 рэжысёр кіно. Творчасці ўласціва грамадз. скіраванасць, што праявілася ў фільмах «Саламандра» (1928), «Сям’я Опенгайм» (1939, паводле Л.Фейхтвангера), «Суд вар’ятаў» (1962). Экранізаваў аповесць Ф.Дастаеўскага «Пецярбургская ноч» (1934), раман Ф.Панфёрава «Брускі» («У пошуках радасці», 1940, абодва з В.Строевай), аповесці М.Горкага «Справа Артамонавых» (1941), Ф.Гладкова «Вольніца» (1956), трылогію А.Талстога «Блуканне па пакутах»: «Сёстры» (1957), «Васемнаццаты год» (1958), «Хмурная раніца» (1959, з М.Анджапарыдзе). Стварыў серыю гісторыка-біягр. фільмаў: «Песні Абая» (1946, з Я.Аронам), «Акадэмік Іван Паўлаў» (1949), «Мусаргскі» (1950), «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Год як жыццё» (1966). Аўтар сцэнарыяў шэрагу пастаўленых ім фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.
Тв.:
Кинолента жизни. М., 1974.
Літ.:
Розен С. Григорий Рошаль. М., 1965.
т. 13, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)