Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЛА́КАВЫЯ МУ́ХІ

(Chloropidae),

сямейства караткавусых круглашоўных насякомых атр. двухкрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у траве на лугах, узлесках, балотах. Большасць лічынак жыве ўнутры сцёблаў злакаў і асок, на суквеццях, утвараюць галы. На Беларусі каля 100 відаў, найб. вядомыя з родаў шведскіх мух (Oscinella), зеленавочак (Chlorops), мераміз (Meromyza).

Даўж. 1—8 мм. Цела шэрае, чорнае, зеленаватае або жоўтае з чорнымі палосамі. За год 1—5 генерацый. Лічынкі большасці З.м. расліннаедныя, могуць пашкоджваць сцёблы і насенне злакаў; ёсць сапрафагі; некат. драпежныя, жывуць у яйцавых коканах павукоў, багамолаў, у глебе на каранёвых тлях і інш. Некат. віды ў тропіках — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл.

т. 7, с. 72

ЗЛА́КІ,

парадак (Роасеае) аднадольных кветкавых раслін і адзінае сямейства (Роасеае, ці Gramineae) гэтага парадку, высокаспецыялізаваная і адасобленая таксанамічная група; тое, што мятлюжкакветныя.

т. 7, с. 72

ЗЛА́ТАВА Людміла Іванаўна

(н. 22.11.1937, г. Чыта, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). У 1962—91 салістка, у 1991—93 дырэктар опернай трупы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае цёплым серабрыстым голасам. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца праўдай характараў, шчырасцю пачуццяў, жаноцкасцю. У операх нац. рэпертуару выканала партыі Марфачкі («Алеся» Я.Цікоцкага), Ірыны, Маці («Калючая ружа» і «Зорка Венера» Ю.Семянякі), Янінкі («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера). Сярод лепшых работ у опернай класіцы: Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Адзіна, Нарына («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Серпіна («Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі), Мюзета («Багема» Дж.Пучыні), Цэрліна, Сюзанна («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Мікаэла, Лейла («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Марфа, Шамаханская царыца, Снягурачка («Царская нявеста», «Залаты пеўнік», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава).

Літ.:

Ракава А. Тэатр — яе жыццё: (Людміла Златава) // Тэатр. Мінск. 1988. № 1.

А.Я.Ракава.

Л.І.Златава.
Л.Златава (справа) у ролі Сюзанны.

т. 7, с. 72

ЗЛАТАГО́РАЎ (сапр. Гольдберг) Павел Самойлавіч

(30.12.1907, г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. — 24.9.1969),

рускі і бел. рэжысёр оперы. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. арт. Расіі (1947). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1931). З 1933 рэжысёр Муз. т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1941 — імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі). Адначасова з 1935 рэжысёр, у 1939—42 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Ў 1931—36 і 1946—50 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве. Паставіў на бел. сцэне оперы «Рыгалета» Дж.Вердзі (1935), «Тоска» (1937) і «Чыо-Чыо-сан» (1940) Дж.Пучыні, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1940). Найб. значная работа З. — сцэнічнае ўвасабленне оперы «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (2-я рэд., 1939). Вучань У.Неміровіча-Данчанкі, удзельнічаў у яго пастаноўках опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939).

Б.С.Смольскі.

т. 7, с. 72

ЗЛАТАУ́СТ,

горад у Расіі, у Чэлябінскай вобл., на р. Ай (Паўд. Урал). Засн. ў 1754, горад з 1865. 201 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Цэнтр чорнай металургіі і машынабудавання; дрэваапр., харч. прам-сць; вытв-сць будматэрыялаў. З 19 ст. цэнтр маст. гравюры на метале. Філіял Чэлябінскага тэхн. ун-та. Драм. т-р. Краязнаўчы музей (з 1825).

т. 7, с. 72

ЗЛАТАЎРА́ЦКІ Мікалай Мікалаевіч

(26.12.1845, г. Уладзімір, Расія — 23.12.1911),

рускі пісьменнік. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (з 1909). Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це. Друкаваўся з 1866. Гал. ў творчасці З. — тэма перадрэформеннай вёскі, у адлюстраванні якой выявіўся яго народніцкі светапогляд (аповесці «Сяляне-прысяжныя», 1874—75, «Вясковыя будні», 1879, раман «Асновы», 1878—83). Аповесць «Залатыя сэрцы» (1877) прысвяціў радыкальна настроенай моладзі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—8. СПб., 1912—13;

Избр. произв. М., 1947;

Устои. М., 1951;

Воспоминания. М., 1956;

Надо торопиться;

Сироты 305 версты. М., 1961.

Літ.:

Семенкин К.Г. Н.Н.Златовратский. Ярославль, 1976.

т. 7, с. 72

ЗЛА́ТКІ

(Buprestidae),

сямейства насякомых падатр. разнаедных атр. жукоў. Каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. у тропіках. Жывуць у лясах, садах на ствалах дрэў, кветках і лісці. На Беларусі 23 віды. Найб. вядомыя З.: антаксія чатырохкропкавая (Anthaxia quadripunctata), вузкацелая двухкрапінкавая (Agrilus biguttatus), вузкацелая зялёная (A. viridis), дубовая (Chrysobothrix affinis), ліпавая (Lampra rutilans), сіняя хваёвая (Phaenops cyanea) i інш.

Даўж. 3—100 мм. Цела клінападобнае, звужанае на канцы, з цвёрдым покрывам, часта з яркім метал. адлівам (адсюль назва). Вусікі кароткія, пілаватыя. Лічынкі плоскія, бязногія, белыя, сляпыя, з расшыранымі пярэднегрудзямі, хіцінізаванай галавой. Развіваюцца і зімуюць пад карой, на травяністых раслінах, пераважна ў каранях, пракладваюць звілістыя хады. Дарослыя кормяцца пылком, нектарам кветак, часткамі раслін.

Златкі: 1 — ліпавая; 2 — сіняя хваёвая; 3 — антаксія чатырохкрапінкавая; 4 — дубовая; 5 — вузкацелая зялёная; 6 — вузкацелая двухкрапінкавая.

т. 7, с. 72

ЗЛА́ТНІК,

умоўная назва першай залатой манеты ўсх. славян часоў Кіеўскай Русі, выпушчанай Уладзімірам Святаславічам у канцы 10 ст. Маса 4—4,4 г. Падобны на сучасныя яму візант. соліды. З 11 вядомых экзэмпляраў З. 6 паходзяць з Пінскага скарбу.

Златнік Уладзіміра Святаславіча [980—1015] з Пінскага манетнага скарбу.

т. 7, с. 73

ЗЛА́ТНІ-ПЯСЫ́ЦЫ,

прыморскі кліматалагічны курорт у Балгарыі, гл. Залатыя Пяскі.

т. 7, с. 73

ЗЛА́ЦІН Яфім Ізраілевіч

(2.9.1913, г. Магілёў — 23.8.1965),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Ленінградскае ваен.-паліт. вучылішча імя Энгельса (1944). У Вял. Айч. вайну са снеж. 1942 на Варонежскім, Сцяпным франтах. Мінамётны ўзвод на чале з сяржантам З. вызначыўся 24—25.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад г. Крамянчуг (Украіна).

т. 7, с. 73