сямейства насякомых падатр. разнаедных атр. жукоў. Каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. у тропіках. Жывуць у лясах, садах на ствалах дрэў, кветках і лісці. На Беларусі 23 віды. Найб. вядомыя З.: антаксія чатырохкропкавая (Anthaxia quadripunctata), вузкацелая двухкрапінкавая (Agrilus biguttatus), вузкацелая зялёная (A. viridis), дубовая (Chrysobothrix affinis), ліпавая (Lampra rutilans), сіняя хваёвая (Phaenops cyanea) i інш.
Даўж. 3—100 мм. Цела клінападобнае, звужанае на канцы, з цвёрдым покрывам, часта з яркім метал. адлівам (адсюль назва). Вусікі кароткія, пілаватыя. Лічынкі плоскія, бязногія, белыя, сляпыя, з расшыранымі пярэднегрудзямі, хіцінізаванай галавой. Развіваюцца і зімуюць пад карой, на травяністых раслінах, пераважна ў каранях, пракладваюць звілістыя хады. Дарослыя кормяцца пылком, нектарам кветак, часткамі раслін.