ЗЛА́ТАВА Людміла Іванаўна
(н. 22.11.1937, г. Чыта, Расія),
бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1962). У 1962—91 салістка, у 1991—93 дырэктар опернай трупы Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае цёплым серабрыстым голасам. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца праўдай характараў, шчырасцю пачуццяў, жаноцкасцю. У операх нац. рэпертуару выканала партыі Марфачкі («Алеся» Я.Цікоцкага), Ірыны, Маці («Калючая ружа» і «Зорка Венера» Ю.Семянякі), Янінкі («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера). Сярод лепшых работ у опернай класіцы: Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Адзіна, Нарына («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Серпіна («Служанка-пані» Дж.Б.Пергалезі), Мюзета («Багема» Дж.Пучыні), Цэрліна, Сюзанна («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Мікаэла, Лейла («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Марфа, Шамаханская царыца, Снягурачка («Царская нявеста», «Залаты пеўнік», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава).
Літ.:
Ракава А. Тэатр — яе жыццё: (Людміла Златава) // Тэатр. Мінск. 1988. № 1.
А.Я.Ракава.
Л.І.Златава.
Л.Златава (справа) у ролі Сюзанны.
т. 7, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)