ЗЛАТАГО́РАЎ (сапр. Гольдберг) Павел Самойлавіч
(30.12.1907, г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. — 24.9.1969),
рускі і бел. рэжысёр оперы. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. арт. Расіі (1947). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1931). З 1933 рэжысёр Муз. т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1941 — імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі). Адначасова з 1935 рэжысёр, у 1939—42 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Ў 1931—36 і 1946—50 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве. Паставіў на бел. сцэне оперы «Рыгалета» Дж.Вердзі (1935), «Тоска» (1937) і «Чыо-Чыо-сан» (1940) Дж.Пучыні, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1940). Найб. значная работа З. — сцэнічнае ўвасабленне оперы «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (2-я рэд., 1939). Вучань У.Неміровіча-Данчанкі, удзельнічаў у яго пастаноўках опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939).
Б.С.Смольскі.
т. 7, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)