Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗЛО,

гл. ў арт. Дабро і зло.

т. 7, с. 76

ЗЛО́БІН Сцяпан Паўлавіч

(24.11.1903, Масква — 15.9.1965),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.Я.Брусава (1924). Настаўнічаў. Першая кніга — казка для дзяцей «Перапалох» (1924). У рамане «Салават Юлаеў» (1929, 4-я рэд. 1962) паказаў нац.-вызв. барацьбу башк. народа ў час сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Е.Пугачова. Раман «Востраў Буян» (1948, новая рэд. 1965) пра паўстанне гар. «нізоў» Пскова ў 1650. Сялянскі рух пад кіраўніцтвам С.Разіна адлюстраваў у рамане «Сцяпан Разін» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952). Асабістыя ўражанні, перажытыя ў ням.-фаш. палоне ў Айч. вайну, у аснове рамана «Прапаўшыя без вестак» (т. 1—2, 1962).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1980—81;

Бел. пер. — Салават Юлаеў. Мн., 1933.

Літ.:

Кудряшова Е.И. Степан Злобин как автор исторических романов. Белгород, 1961.

т. 7, с. 76

ЗЛО́ЖНІЦА,

гл. Уліўніца.

т. 7, с. 76

ЗЛО́ТНІЦТВА,

выраб рэчаў з каштоўных металаў; від ювелірнага мастацтва. Шырока вядома ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Амерыцы, краінах Усходу, сярэдневяковых Індыі і Кітаі, краінах Еўропы 15—18 ст. На Беларусі вядома з часоў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8—9 ст. н.э.). Найб. пашырана як гар. рамяство ў 12—18 ст. Бел. майстры-злотнікі валодалі рознымі тэхнікамі апрацоўкі (ліццё, коўка, чаканка, гравіраванне) і аздаблення металаў, пераважна серабра (залачэнне, чарненне, зярненне, пацініраванне). Выраблялі посуд, абклады кніг і абразоў, крыжы, дарахавальніцы і інш. Шэдэўр З. часоў сярэдневякоўя — крыж Ефрасінні Полацкай работы Лазара Богшы (1161). У 16—17 ст. майстэрні і цэхі злотнікаў існавалі ў Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Гродне, Магілёве, Нясвіжы, Слуцку і інш. У 2-й пал. 17 ст. больш за 50 бел. злотнікаў, пераважна з Віцебска, Полацка, Магілёва, працавалі ў Залатой, Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, у т.л. П.Заборскі, В.Карпаў, М.Логінаў, Я.Магілёвец і інш. Яны выраблялі посуд, абклады абразоў і кніг, зброю. Пашырэнне мех. апрацоўкі металаў у сярэдзіне 19 ст. прывяло да заняпаду 3.

Я.М.Сахута.

Да арт. Злотніцтва. Абклад абраза. Пач. 17 ст.
Да арт Злотніцтва. Пацір з Навагрудка. 16 ст.

т. 7, с. 76