ЗДЗЕ́ЛКА ў цывільным праве,
дзеянне грамадзян і юрыд. асоб, накіраванае на ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь З. могуць быць адна-, двух- і шматбаковыя, ажыццяўляцца ў вуснай або пісьмовай форме (простай або натарыяльнай). Аднабаковая З. стварае абавязкі для асобы, якая яе здзяйсняе, і для гэтага дастаткова выяўлення волі аднаго боку. Для двух- і шматбаковых З. неабходна выяўленне волі ўсіх яе ўдзельнікаў. З., здзейсненыя неадпаведна патрабаванням закону, лічацца несапраўднымі з наступленнем адпаведных вынікаў.
т. 7, с. 47
ЗДЗЕ́ЛЬНАЯ АПЛА́ТА ПРА́ЦЫ,
форма аплаты працы, пры якой заработная плата работніка вызначаецца за кожную адзінку выкананай работы (мЗ, м, шт. і г.д.) па здзельнай расцэнцы. Пры прамой здзельнай сістэм е аплата працы ставіцца ў залежнасць ад яе вынікаў — колькасці вырабленай прадукцыі па нязменнай (прамой) здзельнай расцэнцы. Ускосная здзельная сістэма практыкуецца пры аплаце працы дапаможных рабочых, якія займаюцца тэхн. абслугоўваннем і бягучым рамонтам абсталявання. Іх заработак ставіцца ў залежнасць ад вынікаў працы абслугоўваемых ім рабочых-здзельшчыкаў. Пры здзельна-прэміяльнай сістэме працаўніку акрамя аплаты працы налічваецца прэмія за выкананне і перавыкананне колькасных і якасных паказчыкаў. Здзельна-прагрэсіўная сістэма адрозніваецца ад прамой здзельнай тым, што ўся прадукцыя, вырабленая звыш нормы, аплачваецца не па звычайнай (прамой) здзельнай расцэнцы, а па павялічанай (прагрэсіўнай). У спалучэнні з прэміяльнай аплатай яна ўтварае здзельна-прагрэсіўна-прэміяльную сістэму. Пры акорднай а п лаце працы заработак устанаўліваецца не на асобную аперацыю, а на ўвесь аб’ём работ. Пры гэтым работнікі прэміруюцца за скарачэнне тэрмінаў выканання акорднага задання, што стымулюе ролю гэтай сістэмы ў росце прадукцыйнасці працы. З.а.п. можа быць індывідуальнай, калі вынікі працы кожнага работніка ўлічваюцца і аплачваюцца паасобна, і калектыўнай, калі аплата працы робіцца па выніках працы калектыву (брыгады). Існуе брыгадная (калектыўная) аплата працы па канчатковых выніках на падставе комплексных норм выпрацоўкі і расцэнак калект. (брыгаднага) падраду. Гл. таксама Заработная плата.
У.Г.Залатагораў.
т. 7, с. 48
ЗДЗІ́ТАВА,
вёска ў Спораўскім с/с Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Дарагабуж, паміж азёрамі Чорнае і Спораўскае. За 33 км на ПдУ ад г. Бяроза, 133 км ад Брэста, 6 км ад чыг. ст. Белаазерск. 1200 ж., 436 двароў (1997).
З 2-й пал. 15 ст. вядомы «Здитов Городок» («дворец») — цэнтр дзярж. воласці Слонімскага пав. Трокскага ваяв. З 1520 «двор» З. — адм.-гасп. цэнтр мястэчка і воласці. З 1561 З. належала В.Цішкевічу і яго дачцэ Аляксандры. У 1590 Здзітаўская воласць у закладзе ў Л.Caneri, у 1594 — у А.Цішкоўны-Язлавецкай. У 1567 тут існавала царква Успення. У 17—18 ст. З. — цэнтр староства Сапегаў у Навагрудскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка Пескаўскай вол. Слонімскага пав. У 1880-я г. ў З. 644 ж., 57 двароў. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Пескаўскай гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Бярозаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ў крас. 1944 у З. і наваколлі адбыліся баі паміж партызанамі і ням.-фаш. захопнікамі (гл. Здзітаўская абарона 1944). У 1971—2492 ж., 565 гаспадарак.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Мемарыяльны комплекс «Здзітаўская абарона 1944». Каля вёскі 2 стаянкі неаліту і бронз. веку, сярэдневяковае селішча.
т. 7, с. 48
ЗДЗІ́ТАВА,
вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пд ад г. Бяроза, 104 км ад Брэста, 14 км ад чыг. ст. Бяроза-Картузская. 571 ж., 192 двары (1997). Пач. школа, б-ка, аддз. сувязі.
т. 7, с. 48
ЗДЗІ́ТАЎ,
старажытны горад. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. Найб. верагодна, што першапачаткова горад размяшчаўся за 4 км на Пд ад сучаснай в. Здзітава Бярозаўскага р-на, каля в. Старамлыны, дзе на правым беразе р. Ясельда захаваліся рэшткі гарадзішча 11—13 ст. Гарадзішча займала ізаляваны ўзгорак пл. больш за 1 га ў нізіннай, месцамі забалочанай пойме ракі. З усх. і зах. бакоў да яго прымыкае стараж. селішча пл. каля 3 га. У выніку археал. раскопак (1971, Я.Г.Звяруга) на гарадзішчы выяўлены прадметы, блізкія да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Бел. Панямоння.
Я.Г.Звяруга.
т. 7, с. 48
ЗДЗІ́ТАЎСКАЯ АБАРО́НА 1944,
баі партыз. брыгад імя Дзяржынскага, «Савецкая Беларусь» і 345-га атрада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—11.4.1944 каля в. Здзітава Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У пач. крас. 1944, сканцэнтраваўшы атрады СС, 10 артыл. і мінамётных батарэй, танкі, бронемашыны, бамбардзіроўшчыкі вакол раёна базіравання партыз. фарміраванняў, штаба Брэсцкага партыз. злучэння і Брэсцкага падп. абкома КП(б)Б, гітлераўцы акружылі партызан і 10 тыс. мірных жыхароў. На 3-і дзень наступлення вораг уклініўся ў абарону партызан, але пасля бою вымушаны быў адступіць з вял. стратамі і перамясціць наступленне ў раён р. Дарагабуж, дзе знаходзіліся асн. партыз. базы. Пасля некалькіх дзён баёў партызаны адышлі на 2-ю лінію абароны паміж в. Здзітава і Спорава. Толькі на 7-ы дзень карнікі падышлі да гэтай лініі, але штурмаваць не адважыліся. На месцы баёў у в. Здзітава створаны мемар. комплекс.
т. 7, с. 48