ЗДЗЕ́ЛКА ў цывільным праве,

дзеянне грамадзян і юрыд. асоб, накіраванае на ўстанаўленне, змяненне або спыненне грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь З. могуць быць адна-, двух- і шматбаковыя, ажыццяўляцца ў вуснай або пісьмовай форме (простай або натарыяльнай). Аднабаковая З. стварае абавязкі для асобы, якая яе здзяйсняе, і для гэтага дастаткова выяўлення волі аднаго боку. Для двух- і шматбаковых З. неабходна выяўленне волі ўсіх яе ўдзельнікаў. З., здзейсненыя неадпаведна патрабаванням закону, лічацца несапраўднымі з наступленнем адпаведных вынікаў.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)