ЗДАБЫВА́ННЕ КО́РАНЯ,
алгебраічнае дзеянне, адваротнае ўзвядзенню ў ступень.
Здабыць корань n-й ступені з ліку a — значыць знайсці такі лік (корань) x, n-я ступень якога роўна a. Матэм. запіс
. Задача З.к. n-й ступені з ліку a раўнасільная рашэнню ўраўнення
, якое мае роўна n каранёў. Калі a — сапраўдны дадатны лік, то 1 з каранёў таксама будзе сапраўдным дадатным лікам (арыфм. корань); пад задачай З.к. часта разумеюць знаходжанне менавіта арыфм. кораня. Напр.
(арыфм. корань 3), таму што
; сярод уяўных лікаў (гл. Камплексны лік) ёсць яшчэ 2 карані:
.
т. 7, с. 47
ЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
сукупнасць галін прам-сці па здабычы сыравіны і паліва; важная крыніца атрымання харч. прадуктаў і сыравіны для апрацоўчай прамысловасці. Уключае галіны горназдабыўной прамысловасці (нярудных буд. матэрыялаў, нафтаздабыўную і інш.), лесанарыхтоўчую прамысловасць, рыбную прамысловасць, паляванне, здабычу марскіх звяроў, кітоў і морапрадуктаў. Важную ролю ў З.п. адыгрывае здабыча нафты (гал. вытворцы Саудаўская Аравія, ЗША, Расія), прыроднага газу (Расія, ЗША, Канада), каменнага вугалю (Кітай, ЗША, Расія), жал. руды (Кітай, Бразілія, Расія). У выніку навук.-тэхн. рэвалюцыі пашырылася адкрытая і марская здабыча карысных выкапняў, падземнае вышчалочванне і інш. На Беларусі З.п. прадстаўлена прадпрыемствамі па здабычы нафты, торфу, калійных і каменнай солей, мінер. вод, сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў (пясок, жвір, буд. камень і інш.), нарыхтоўцы драўніны, лоўлі рыбы і інш. Дае каля З% валавой прадукцыі прам-сці краіны.
т. 7, с. 47
ЗДАНЕ́ВІЧ Міхаіл Аляксандравіч
(н. 6.4.1943, в. Аркадыя Брэсцкага р-на),
бел. спявак (бас), педагог. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.Асколкава). У 1969—83 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1983 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Творчую дзейнасць вызначалі голас вял. дыяпазону, майстэрства філіроўкі, здольнасць да сцэн. пераўвасаблення. Сярод партый у операх нац. рэпертуару: Чапля («Андрэй Касценя» М.Аладава), бацька Максіма («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Інквізітар («Джардана Бруна» С.Картэса), у класічных: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Рамфіс, Мантэроне («Аіда», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Паскуале («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Лепарэла, Бартала («Дон Жуан» і «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1971).
т. 7, с. 47
ЗДАНО́ВІЧ Аляксандр
(26.2.1805, в. Белькавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.5.1868),
бел. гісторык, пісьменнік, педагог. Бацька І.А.Здановіча. Скончыў Віленскі ун-т. Канд. філасофіі (1831). Ў 1834—63 выкладчык лац. мовы і гісторыі Віленскага шляхецкага ін-та, выкладчык гісторыі Віленскай духоўнай семінарыі. Аўтар падручнікаў «Храналагічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаў ад V веку да нашых дзён» (1844), «Нарыс усеагульнай гісторыі для дзяцей» (1861) і інш. Пераклаў з рус. мовы на польскую падручнікі «Гісторыя сярэдніх вякоў» (1845), «Гісторыя новага часу» (1846). Аўтар «Нарыса польскай гісторыі для дзяцей» (1857), у якім выклаў свае погляды на гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы, «Нарыса гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—5, 1874—78), «Дзённіка» (нап. 1849—59). Чл. Віленскай Археалагічнай камісіі, уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»).
Літ.:
Kościałkowski S. Aleksander Zdanowicz (1805—1868): Zarys biograficzny. Wilno, 1918.
В.Ф.Шалькевіч.
т. 7, с. 47
ЗДАНО́ВІЧ Гаўрыіл Станіслававіч
(10.4.1900, в. Крывошын Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 6.7.1984),
генерал-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1931). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Цэнтр., Паўд.-Зах., Паўд., Сталінірадскім, Данскім, 3-м, 2-м Укр. і Забайкальскім франтах. Камандзір стралк. дывізіі З. вызначыўся ў жн. 1945 у баях па разгроме Квантунскай арміі Японіі. Да 1953 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «Ідзём у наступленне» (1980).
т. 7, с. 47
ЗДАНО́ВІЧ Іван Усцінавіч
(6.6.1864, Мінск — 24.8.1915),
бел. ўрач, арганізатар шпітальнага абслугоўвання ў Мінскай губ. Скончыў Кіеўскі ун-т (1889). Працаваў у Мінску (з 1904 гал. ўрач губ. бальніцы). Засн. школу сляпых і школу ўрачэбнай і гігіенічнай гімнастыкі (1897). Распрацаваў план рэарганізацыі бальніцы ў кваліфікаваную навук.-клінічную ўстанову. Непадалёку ад Мінска на беразе р. Свіслач знайшоў крыніцу з лекавай вадой, на базе якой у 1922 пабудаваны дом адпачынку. У гонар яго чыг. прыпынак быў названы платформай З. (цяпер ст. Ждановічы).
т. 7, с. 47
ЗДАНО́ВІЧ Ігнат Аляксандравіч
(13.1.1841, Вільня — 2.1.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Літве і Беларусі. Сын А.Здановіча. У 1858—62 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Атрымаў ступень канд. матэм. навук. Слухаў лекцыі ў Берлінскім ун-це. 3 лют. 1863 у Вільні, бліжэйшы памочнік К.Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем: касір Віленскага паўстанцкага цэнтра, са жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Арыштаваны 8.10.1863, публічна павешаны ў Вільні на гандл. плошчы Лукішкі. Аўтар брашуры «Успамін пра філаматаў і філарэтаў» (Парыж, 1860).
Г.В.Кісялёў.
т. 7, с. 47
ЗДАРО́ЎЕ,
адсутнасць хвароб і фізічных дэфектаў, стан поўнага фізічнага, духоўнага і сацыяльнага дабрабыту. Адрозніваюць З. індывідуума і З. насельніцтва. З. чалавека аб’ектыўна можна вызначыць пры даследаванні сукупнасці многіх параметраў. З. насельніцтва вызначаецца комплексам дэмаграфічных паказчыкаў: нараджальнасцю, смяротнасцю, дзіцячай смяротнасцю, узроўнем фіз. развіцця, хваробамі, сярэдняй працягласцю жыцця. З. насельніцтва залежыць ад ладу жыцця (прыкладна на 50%), навакольнага асяроддзя (на 20%), генет. схільнасці (на 20%), ад узроўню мед. абслугоўвання (на 10%). Паляпшэнню З. садзейнічаюць: паляпшэнне якасці жыцця, скарачэнне пашырэння хранічных, інфекц., сардэчна-сасудзістых хвароб, псіхічных расстройстваў, самагубстваў, умацаванне здароўя дзяцей, моладзі, жанчын, барацьба супраць хвароб, лад жыцця чалавека, належны стан навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Ахова здароўя, Ахова здароўя дзяцей і падлеткаў, Ахова прыроды і інш.
М.Ф.Сарока.
т. 7, с. 47