Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗДРАБНЕ́ННЕ,

тонкае драбленне (на часцінкі драбней за 5 мм) якіх-н. цвёрдых парод, матэрыялаў, прадуктаў. Робіцца пераважна з дапамогай млыноў і бегуноў; З. грубых кармоў для жывёлы — здрабняльнікамі кармоў. Выкарыстоўваецца ў горнай, металургічнай, хім., буд., камбікормавай і інш. галінах прам-сці. З. з дапамогай каменнай ступкі вядома з 8-га тыс. да н.э., ручных жорнаў — за 3,5 тыс. г. да н.э,, машыннае развіваецца з 2-й пал. 19 ст. Пашыраны спосабы З., заснаваныя на выкарыстанні эл. разрадаў у вадзе, токаў высокай частаты, сустрэчных патокаў паветра з цвёрдымі часцінкамі (т.зв. струменныя млыны) і інш.

т. 7, с. 48

ЗДРАБНЯ́ЛЬНІК КАРМО́Ў,

машына для здрабнення кармоў перад скормліваннем с.-г. жывёле. Ёсць здрабняльнікі грубых кармоў (саломы, сцёблаў кукурузы і да т.п.), караняплодаў, бульбы, зялёнай масы, сіласу і інш. Здрабненне робіцца рэжучымі дыскамі, барабанамі з нажамі, малатковымі ротарамі і інш. Для здрабнення кармоў выкарыстоўваюць таксама драбілкі (зерня, саломы, сена, кукурузы ў пачатках), саломасіласарэзкі, каранярэзкі, цёркі і інш. машыны.

Здрабняльнік кармоў: 1 — загрузачны бункер; 2 — малатковы ротар; 3 — дэфлектар; 4, 7 — транспарцёры; 5 — грэбень; 6 — рэшата; 8 — мультыплікатар.

т. 7, с. 48

«ЗДРАВООХРАНЕ́НИЕ»,

навукова-практычны мед. часопіс Мін-ва аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Выдаецца з 1924 штомесячна ў Мінску на рус. мове. Да 1929 наз. «Беларуская медычная думка» (у 1924 выходзіў на рус., у 1925—29 на рус. і бел. мовах). У 1938—41 наз. «Медицинский журнал БССР», з 1955 — «Здравоохранение Белоруссии», з 1992 — «Здравоохранение Беларуси», з 1996 сучасная назва. Публікуе аглядныя і праблемныя артыкулы па ахове здароўя. Змяшчае інфармацыю пра новыя метады лячэння, арыгінальныя даследаванні, выпрабаванні лек. прэпаратаў, сучаснае мед. абсталяванне, пра з’езды, канферэнцыі, нарады мед. работнікаў. Мае рубрыкі: «У дапамогу ўрачу-практыку», «Абмен вопытам», «Гігіена, эпідэміялогія і арганізацыя аховы здароўя», «Лекцыі і агляды» і інш.

Т.А.Меляшкевіч.

т. 7, с. 49

ЗДРА́ДА ДЗЯРЖА́ВЕ,

асабліва небяспечнае дзярж. злачынства. Паводле КК Рэспублікі Беларусь — дзеянне, наўмысна ўчыненае грамадзянінам рэспублікі на шкоду яе знешняй бяспекі, суверэнітэту, тэр. недатыкальнасці, абараназдольнасці. Выяўляецца ў выдачы дзярж. або ваен. тайны замежнай дзяржаве. шпіянажы, пераходзе на бок ворага ў час вайны або ўзбр. канфлікту, аказанні замежнай дзяржаве дапамогі ў правядзенні дзейнасці супраць сваёй дзяржавы шляхам учынення асабліва небяспечных дзярж. злачынстваў па заданні органаў або прадстаўнікоў замежнай дзяржавы. Крымін. адказнасць за З.дз. настае з 18-гадовага ўзросту, у якасці пакарання можа быць прызначана пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або смяротная кара. Вызваляецца ад крымін. адказнасці асоба, завербаваная замежнай разведкай для правядзення варожай дзейнасці супраць сваёй дзяржавы, калі яна ў выкананне атрыманага злачыннага задання ніякіх дзеянняў не зрабіла і добраахвотна заявіла органам улады пра сваю сувязь з замежнай разведкай.

Г.А.Маслыка.

т. 7, с. 49